Новы сэзон гарадзкога арыентаваньня распачаты рэкордным «АДрывам»
У Менску прайшла першая гульня новага сэзону праекту гарадзкога арыентаваньня «АДрыў». Гульня сабрала рэкордныя 400 удзельнікаў у трох катэгорыях, якія шукалі, сярод іншага, палутарныя ворганы на сьценах менскіх шпіталяў і дыгераў у намёце.
Старт у далёкай майму
Перад нашай камандай (максымальны памер — тры чалавекі) яшчэ 25 км. пешкі па паўднёвым захадзе Менску такіх памылак, пад’ёмаў, перабегаў, спускаў, пераходаў.
Спаборніцтвы па гарадзкім арыентаваньні «АДрыў» праводзяцца з 2004 году. Фінансаваньне цалкам абапіраецца на ўнёскі ўдзельнікаў. З гэтых унёскаў, дарэчы, пераможцы атрымліваюць адпаведныя месцу ўзнагароды.
Не падумайце, што ў аўтара праблемы з кнопкай «Shift» на клявіятуры. Проста першыя дзьве літары у назьве гульні тлумачацца як «грамадзкі транспарт» (
Адкрыцьцё сэзону сабрала агулам 400 удзельнікаў у трох катэгорыях: «роварнай», «транспартнай» і «пешаходнай». Апошняя — самая папулярная. І цяжкая для ботаў.
Перад удзельнікамі ставіцца задача прайсьці\прабегчы\прапаўзьці (для пешаходнай катэгорыі) усе кантрольныя кропкі, разгадаўшы папярэдне, з дапамагаю мапы альбо мазгоў, дзе тыя кропкі знаходзяцца.
Каля адной з такіх кропак — «Дыгер на пікеце» (у заданьні пазначана «намёт каля трансфарматарнай падстанцыі» — тое проста блакітны намёт пасярод поля і ля яго адзін з судзьдзяў спаборніцтваў Алекс Дыгер) — сустракаю студэнтку Даню:
«Удзельнічаю першы раз, але ўражаньняў столькі! Я апынулася ў такіх месцах, у якіх нават на сваёй былой працы не трапляла ніколі (Даня працавала кур’ерам — аўт.)»
Арганізатар спаборніцтваў Аляксей Zoom лічыць, што «людзі, якія жывуць у горадзе, часьцяком даволі дрэнна яго ведаюць». Таму арганізатары імкнуцца паказаць тое месца, у якім жывуць людзі зь іншага, нечаканага, боку.
Ідзем далей, шукаць, як анансуе заданьне «абыход», «палутарны орган» — выяву нырак на сьценах шпіталя на вуліцы Лібкхнехта. Дарэчы, «абыход» аказаўся адным з самых цяжкіх заданьняў — «ускрылі» ныркі нешматлікія ўдзельнікі. Як тлумачыць Аляксей Zoom, «узровень удзельнікаў расьце»:
«Калі пяць год таму загадак у заданьнях не было ўвогуле, то цяпер мы ўскладняем заданьні, шмат экспэрымэнтуем з гульнявымі схемамі і павялічваем колькасьць катэгорыяў удзелу. Цяпер да нас едзе шмат камандаў зь іншых гарадоў. Гэтым разам прыехала каля 60 іншагародніх камандаў» .
Бліжэй да фінішу ля Палацу чыгуначнікаў канцэнтрацыя людзей з бэйджамі (кожны ўдзельнік атрымаў такі яшчэ на старце) і мапамі ўзрастае. Па дарозе каля нас праносяцца іншыя ўдзельнікі. «Мы нашых сакрэтаў, то бок нырак, не аддамо!» — чытаецца ў іх вачах.
На фінішы ўдзельнікі аддаюць свае «пуцявыя лісты» з пазначанымі адказамі на заданьні і, стомленыя, адразу кідаюцца зьвяраць іх зь іншымі «АДрыўшчыкамі».
Мікалай, які бярэ ўдзел у гульні першы раз:
«Так, гэта першая ў маім жыцьці гульня такога кшталту, але я ўжо адкрыў шмат новага для сябе. Але асноўнае адчуваньне зараз — моцны боль у нагах. Я думаю, што гэта адна з самых захапляльных гульняў, у якой можа ўзяць удзел кожны шарагоўца. Больш за тое, гэта цудоўны шлях знаёмства зь невядомым горадам».
Сярод удзельнікаў сустракаліся і больш «прафэсійныя» гульцы. Студэнт Сяргей:
«Мы ўжо два гады бярэм удзел у гульнях такога кшталту. Вось зараз трэба адсыпацца, і бегчы на начны «Пошук» трэба».
Узнагароджаньне пераможцаў адбудзецца ў суботу. Удзельнікі, якія прайшлі дыстанцыю хутчэй за астатніх, атрымаюць неабходныя ў вандроўках рэчы: спальнікі, тэрмасы, мапы, а таксама ўнікальныя вялікія насьценныя мапы, якіх у крамах не набудзеш.
Бліжэйшыя «Адрывы»:
- 25.o4, Масква — Бягучы Горад Масква 2оо9
- o2.o5, Магілёў — АДрыў
- 23.o5,
Санкт-Пецярбург — Дзень ў Горадзе - 3o.o5, Барысаў — АДрыў
- 27.o6, Кіеў — Бягучы Горад
- 11.o7, Менск — АДрыў (начная гульня)
Аўтар фота Julia Fox