Шукай па-беларуску!

Гарадзкі экшн «Схватка» даўна ператварыўся ў любімую забаву менскіх мэнэджэраў і ня толькі. Якую альтэрнатыву гэтай зьяве прапануюць простыя студэнты сталічных унівэрсытэтаў?

Дык вось! Прапануем расповед пра папулярную сярод моладзі ды офісных супрацоўнікаў сярэдняга зьвяна канцэпцыю гарадзкога экшну.

Пад такой страшнай назвай хаваецца вельмі цікавая разнастайнасьць актыўнага забіваньня часу. Інтрыга гульні складаецца ў выкананьні розных місій. Задача місіі - знайсьці код (ключ) ад узроўня, які дазваляе перайсьці да выкананьня наступнай місіі. Колькасьць місій можа зьмяняцца. Пераможцам становіцца той, хто першы выконвае ўсе заданьні.

Сярод найбольш вядомых каманд, якія займаюцца арганізацыяй спаборніцтваў па гарадзкім арыентаваньні (фактычна, той жа экшн), вылучаецца добра вядомы праект Івана Масьлюкова «Схватка». Зьявіўшыся ў пачатку 2002 года, гульня «Схватка» ператварылася ў цалкам самадастатковы праект, з уласнай крамай, моцным інтэрнэт-парталам ды нават газэтай. Адзінае пытаньне ў даступнасьці. Ці можа дазволіць сабе просты студэнт хуткасныя гонкі па начному гораду на машынах, якія зьяўляюцца абавязковымі атрыбутамі «Схваткі», наяўнасьць каардынатара ды ўступны ўнёсак?

Даступна і цікава

Прыкладна з такім пытаньнем і сутыкнуліся арганізатары новай моладзевай урбаністычнай забавы «Пошук ». Такім чынам, у нашым горадзе паступова паўстала чарговая гульня для тых, каму няцерпіцца пабегаць ды папужаць шараговых гарадзкіх жыхароў пошукам усяго і паўсюль.

Гульня «Пошук» паўстала ўвосень 2005-га і з тых часоў толькі пашырае папулярнасьць сярод сваёй галоўнай мэтавай аўдыторыі: студэнцтва і офісных супрацоўнікаў. Галоўнай вартасьцю гульні арганізатары лічаць яе даступнасьць.

Для ўдзелу ў спаборніцтве трэба толькі сабраць каманду, прыдумаць ёй назву ды зарэгістравацца на сайце праекта. Не патрэбны ні ўступны ўнёсак, ні машына, ні наяўнасьць хуткаснага інтэрнэту.

І калі-небудзь, у адзін з цудоўных сонечных выходных дзён, вас паклічуць у гульню, якая на гэтым этапе праводзіцца ва ўсіх раёнах нашага гораду па чарзе. Атрымаўшы пэўную колькасьць заданьняў (звычайна ня болей за восем) вы кідаецеся ў кола падзей і драйву.

Адступленьне. Прыклад заданьня з апісаньнем дзеяньня каманд:
На вакзале ў зале чаканьня сядзіць чалавек. Ужо які год ён чакае цягнік у Караганду. Знайдзіце яго.
Правільны шлях пошука адказу: знайсьці чалавека, які скажа, што едзе ў Караганду. 

Толькі ўявіце сябе, як зрабілі б гэта вы. На вакзалі ў залі чаканьня сядзіць некалькі сотняў чалавек. Будзеце ва ўсіх пытаць: «А не ці едзеце вы да Караганды?» Хопіць адвагі? Удзельнікі адважыліся, ды яшчэ падыйшлі да праблемы нестандартна. Як вам такое: напісаць шыльдачку «давязем да Караганды» і хадзіць зь ёй па залі чаканьня. Адна каманда тэлефанавала ў даведку, каб вызначыць, як датуль дабрацца. Запомніўся дыялёг:

- Вы едзеце ў Караганду?

- Не, я ў Смалявічы.  

Аўтэнтычны экшн

Як кажа адзін з каардынатараў праекту Сяржук Яўмінаў, у «Пошуку» гарманічна спалучаюцца гарадзкі экшн і прабежкі па гораду, вывучэньне гісторыі Менску ды зносіны з выпадковымі шарагоўцамі.

Моцны мінус большасьці падобных праектаў – неарыгінальнасьць заданьняў. Паступова ў розных гульнях яны пачынаюць паўтарацца. І галоўны сродак барацьбы з гэтай банальнасьцю па меркаваньню Сяржука – гістарычная іх накіраванасьць. Варта адзначыць, што пытаньні ў «Пошуку» ніколі не паўтараюцца.

Арыгінальнасьць задумкі «пашукавікоў» добра ацанілі ўдзельнікі гульняў, якія ўсьлед за галоўнымі крэатыўшчыкамі праекту, што распрацоўваюць большасьць заданьняў па-беларуску, самі пачынаюць прапаноўваць беларускамоўныя назвы каманд ды патрабаваць менавіта беларускага калярыту ў гульні.

Але стэрэатыпаў у моўным пытаньні каардынатары не адчуваюць: «Калі ўжо ў гэтым пляне нехта і можа быць незадаволеным, дык толькі малым аб’ёмам заданьняў па-беларуску», - адзначае Сяржук.

Галоўная мэта Сяржука – скончыць гэты сэзон фінальнай гульнёй, у якой возьмуць удзел толькі тыя каманды, якія здолелі добра сябе прадэманстраваць ў раённых спаборніцтвах.

Праект існуе дзякуючы ўласнай ініцыятыве, уласным ахвяраваньням ды добрым людзям, - дадае Сяржук. – І любая прапанова аб супрацоўніцтве была б вельмі каштоўнай для нас

Такім чынам, калі адчуваеш у сябе прагу да самаўдасканаленьня ды зацікаўленасьць Менскам, яго гісторыяй ды сучаснасьцю, ці проста маеш вялікую колькасьць энэргіі, то «Пошук» варта паспрабаваць і паставіць яшэч адзін гачык у сьпісе зьдзесьненых экспэрымэнтаў. Наступная гульня адбудзецца 4 сакавіка па месцах Фрунзэнскага раёна. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.