Першую камп’ютарную гульню на беларускай мове прадае найбуйнейшая амерыканская крама

Гульня беларускіх распрацоўшчыкаў, якая яшчэ да афіцыйнага рэлізу паспяхова прадаецца ў Амерыцы, Еўропе і Расіі, стане першай камп’ютарнай гульнёй, што выйшла на беларускай мове.

Мінская студыя Aterdux Entertainment абвяшчае, што яе гульня «Легенды Айзэнвальда» пабачыць свет на шасці мовах, у тым ліку на беларускай. Такім чынам, з’явіцца першая ў гісторыі гульня для ПК, якая мае афіцыйную беларускамоўную лакалізацыю.

У снежні 2012 Generation.by пісаў пра аўтараў гульні, якія апрануліся ў рыцараў на фоне Мірскага замку і хутка сабралі такім чынам на сваю ідэю праз Kikstarter $80000 ахвяраванняў. Тады планаў на беларускую версію не было: «Калі толькі не знойдуцца якія-небудзь энтузіясты, якія ажыццявяць такі пераклад», – тлумачылі Generation.by стваральнікі. Але сітуацыя змянілася.

Ці прынясе мова поспех праекту?

Гульня «Легенды Айзэнвальда» выйшла на сусветны рынак яшчэ да завяршэння яе распрацоўкі. Дзясяткі тысяч геймераў купілі бэта-версію прадукту праз найбуйнейшую ў свеце інтэрнэт-пляцоўку продажу камп’ютарных гульняў Steam.

Чаму распрацоўшчыкі, якія арыентуюцца на сусветны рынак, надумаліся стварыць беларускамоўную лакалізацыю? І ці разлічваюць яны на яе камерцыйную паспяховасць?

«Мы нацэленыя перш за ўсё на вялікія рынкі, – адказвае дырэктар Aterdux Entertainment Аляксандр Дзяргай, – гэта Паўночная Амерыка, Расея, Германія і ЕС. У Беларусі ж рынак параўнальна невялікі, сур’ёзных прыбыткаў чакаць, напэўна, не варта. Аднак мы вырашылі падтрымаць ініцыятыву энтузіястаў-перакладчыкаў, што звярнуліся да нас з прапановай стварыць беларускую лакалізацыю, – гэта будзе наш унёсак у развіццё нацыянальнай культуры».

Тым не менш распрацоўшчыкі не выключаюць імавернага камерцыйнага поспеху праекта на беларускай мове – патэнцыял мясцовага рынку дагэтуль не раскрыты. Выхад гульні можа стаць для яго добрым тэстам, і тады, магчыма, з’явяцца і іншыя гульні з беларускай лакалізацыяй.

Паміж літаратурай і гульнёй

Беларуская мова вельмі ўдала ўкладаецца на гульнявы сюжэт «Легенд Айзэнвальда». Гульня ўзнаўляе свет Сярэднявечча, прапануючы гульцу прымерыць на сябе ролю вандроўнага рыцара. Падзеі гульні адбываюцца ў выдуманым нямецкім герцагстве Айзэнвальд. Сюжэт развіваецца ў залежнасці ад выбару, што робіць гулец, якому давядзецца браць удзел у прыдворных інтрыгах, выкрываць ворагаў або здраджваць сябрам.

Гульня вылучаецца вельмі моцным літаратурным складальнікам, над якім працавалі прафесійныя пісьменнікі з Беларусі і Аўстраліі. Дарэчы, беларускія перакладчыкі адзначылі, што ў працэсе работы назапасілі багаты моўны матэрыял: пры падборы адпаведнікаў назваў зброі, брані і рэчаў яны звярталіся да спадчыны старабеларускай мовы часоў Вялікага Княства Літоўскага. У далейшым гэты назапашаны матэрыял можа выкарыстоўвацца пры перакладзе папулярных зараз фэнтэзійных твораў.

Першапраходцы беларускага геймдэву

Кампантя Aterdux Entertainment са сваім стартапам можа стаць важнай з’явай у беларускай IT-індустрыі. На жаль, сёння айчынныя распрацоўшчыкі ў асноўным выпускаюць гульні для сацыяльных сетак і мабільных прылад, якія адрозніваюцца простасцю распрацоўкі і невялікім бюджэтам. На працягу ўжо доўгіх гадоў адзіным прыкладам сур’ёзнай гульні для ПК з Беларусі застаюцца толькі славутыя «танчыкі» – World of Tanks.

«Пакуль нашы краіны-суседкі актыўна падтрымліваюць распрацоўку гульняў, Беларусь у гэтым плане крыху адстае, – кажа Аляксандр Дзяргай. – Аднак мы спадзяемся, што сітуацыя неўзабаве зменіцца, у тым ліку, дзякуючы нашай працы».

Кампанія Aterdux Entertainment унікальная таксама і тым, што з’яўляецца першай у СНД камандай, што паспяхова выйшла на сусветную краўдфандынгавую пляцоўку Kickstarter. Там былі сабраныя 83 тыс. даляраў, якія падтрымалі распрацоўку «Легенд Айзэнвальда».

Звесткі пра перакладчыкаў

Пераклад быў выканананы МТГ «RэZэрвацыЯ». Гэта не першая лакалізацыя камп’ютарнай гульні, выкананая гэтай групай перакладчыкаў: у іх скарбонцы неафіцыйная беларусізацыя і агучка World of Tanks, а таксама праца над сумежнымі праектамі (XVM, PROТанки). Зараз ідзе праца над афіцыйным перакладам Warthunder на беларускую мову.


09:00, 27.02.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.163 seconds.