Менскія праграмісты апрануліся ў рыцараў і сабралі болей за $80000 ахвяраванняў

Менская кампанія Aterdux Entertainment здолела сабраць болей за $80 тыс. праз ахвяраванні на сайце супольнага фінансавання Kickstarter. Невялікая кампанія, што існуе каля 10 гадоў, атрымала ахвяраванні на развіццё ўласнага праекту стварэння RPG-гульні Legends of Eisenwald («Легенды Эйсэнвальду») ад карыстальнікаў па ўсім свеце, прыцягнуўшы ўвагу да праекту ў тым ліку праз рэкламны ролік, зняты ў замку ў Міры.

Партал Kickstarter дазваляе знайсці грошы на рэалізацыю любой ідэі: ад здымак індзі-фільмаў да запісу музычнага альбому. Кожны карыстальнік сайту можа ахвяраваць пэўную суму грошай на развіццё праекту. Час збору сродкаў абмежаваны, і калі праект аказваецца няздольным сабраць дастатковую суму ў час, усе карыстальнікі сайту атрымліваюць свае грошы назад. Aterdux Entertainment здолеў сабраць заяўленую суму за месяц. Пазней сума ахвяраванняў дасягнула $83 577.

«На Kickstarter мы вырашылі пайсці, бо скончыліся сродкі на распрацоўку праекту, сабраныя ўласнымі сіламі, і інвестараў або іншых крыніц фінансавання не прадбачыцца, — распавёў Generation.by кіраўнік кампаніі Аляксандр Дзяргай. — Мы сабралі неабходную суму за месяц, з 23 красавіка па 22 траўня. Грошы ўжо атрымалі, гульню распрацоўваем, ужо запусцілі бэта-версію для тых, хто падтрымаў нас на Kickstarter. Іншых інвестараў для праекту не было».

Гульня «Легенды Эйсэнвальду» — RPG з элементамі стратэгіі нагадвае папулярную Heroes of Might and Magic, але мае арыгінальны свет і ўласныя асаблівасці. Як лічаць распрацоўшчыкі гульні, сабраць неабходную суму ім дапамог ролік, дзе праграмісты ў сярэднявечных касцюмах распавялі аб уласным праекце на фонах беларускага замку.

«Цяпер плануем запускаць перадпродажы для таго, каб дарабіць гульню, таму што грошай, атрыманых з Kickstarter, пакуль хоць і хапае, але ўсё вельмі упрытык, — кажа Аляксандр Дзяргай. — Мы збіраліся выпусціць гульню гэтай восенню, але выпусцім яе ў 2013 годзе, дакладныя тэрміны пакуль назваць не можам».

Назіраць за распрацоўкай гульні можна на сайце кампаніі. Выйдуць «Легенды Эйсэнвальду» у ангельска- і расейскамоўнай версіях.

«Беларусы, вядома, змогуць пагуляць, але на рускай мове. Пераклад на беларускую не плануецца, бо рынку кампутарных гульняў для тых, размаўляе на беларускай мове, фактычна няма. Калі толькі не знойдуцца якія-небудзь энтузіясты, якія ажыццявяць такі пераклад, бо сродкаў на гэта ў нас няма», — дадаюць паспяховыя беларускія стартаперы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1727 seconds.