Хто і што чакаецца на «Рок-Каранацыі 2007»?

Дазвол на правядзеньня «Рок-Каранацыі 2007» атрыманы: 29 лютага чакаецца падсумаваньне музычных вынікаў мінулага году. Цырымонія традыцыйна не абыходзіцца без супярэчнасьцяў. Ня стала выключэньнем і сёлетняя. Ад сяброўства ў журы адмовіўся Алег Клімаў. Пра тое, чаму так адбылося, і якой будзе «Каранацыя-2007», распавёў Сяргей Будкін. А Ўладзімір Пугач расказаў нарэ­шце, што ён робіць з каронамі.

­­­

Мінулы год — вельмі ўраджайным на музычнай ніве — натхніў арганізатараў «Рок-Каранацыі» на вяртаньне да старой канцэпцыі: калі стаўка робіцца на вядомыя імёны, папулярныя гурты, то бок, на відовішчнасьць.

«Кожны год — гэта экспэрымэнт. Два гады таму стаўка рабілася на тое, каб прадставіць музыку з розных рэгіёнаў, у мінулым на стылёвую разгалінаванасьць. У гэтам годзе стаўка зроблена на галоўныя гурты і на асноўныя намінацыі», — тлумачыць адрозьненьне сёлетняй Каранацыі Сяргей Будкін, каардынатар «Тузіну Гітоў» і сябра аргкамітэту цырымоніі.

Відовішчнасьць будуць забясьпечваць «Крама», «Neuro Dubel», «Ляпіс Трубецкой», «Фляўс і Кляйн», «Тарпач», «Гурзуф». Зь іншымі музыкамі пакуль вядуцца перамовы.

 

Шмат каго хвалюе, ці зьменяцца ў гэтым годзе адносіны да музыкаў. Нагадаем, што ў мінулым годзе адбыўся скандал з-за ад’езду гурта Indiga з саўндчэка:

«Каранацыяй займаюцца некалькі арганізатараў. «Тузін Гітоў» пераважна адказвае за творчую частку. Юрый Цыбін адказвае за канцэпцыю і за саму цэрымонію як заснавальнік. За арганізацыю канцэрту адказвае «Клас Клуб». Таму тут цяжка казаць дакладна. Калі б цырымонію ладзіў «Тузін Гітоў», то ва ўсіх музыкаў была б і кава, і гарбата, і печыва, і асобныя грымёркі (пры наяўнасьці). Але мне падаецца, што стаўленьне да музыкаў мяняецца. І тых жахаў, што яны распавядалі раней, ня будзе», — тлумачыць сытуацыю Сяргей Будкін.

У сьпісе прэтэндэнтаў на рок-кароны адразу па некалькіх намінацыях ёсьць J:Moрс — гурт, які ўвайшоў у гісторыю цырымоніі тым, што ніколі не выходзіў на сцэну за сваёй каронай.

 

Мы пацікавіліся, ці не зьбіраюцца музыкі ў гэтым годзе зьявіцца на сцэне ў выпадку, калі зноў атрымаюць карону:

«Мы прызвычаіліся радавацца ўжо таму, што «Рок-Каранацыя» існуе, але гэтага мала. Нажаль, ужо даволі даўно гэтае мерапрыемства не адпавядае рэчаіснасьці, перш за ўсё, з-за арганізацыйных хіб розных узроўняў. Я пераканаўся ў гэтым на «Рок-Каранацыі 2005», атмасфэра якой нагадавала што заўгодна, акрамя атмасфэры музычнага фэсту. Я магу памыляцца, але на дадзены момант я не бачу «Каранацыю» сапраўднай падзеяй для ўсіх выканаўцаў і аматараў рок-музыкі. Калі нешта зьменіцца, я палічу за гонар выйсьці на сцэну.»

У мінулым годзе Зьміцер Вайцюшкевіч падзяліўся, што аддае свае кароны ў якасьці «адступных» былым жонкам. Тады стала цікава, што робяць са сваімі Морсы:

«А што, у нас ужо дзьве кароны? Ну тады за Вашую дасьведчанасьць дазваляю Вам у гэтым годзе, калі што, забраць нашу карону:)». Ловім Уладзіміра Пугача на слове.

Меркаваньне лідэра J:Moрс аб фэстывалі супадае, збольшага, з бачаньнем Алега Клімава, рэдактара «Музычнай газэты», якую той выказаў у адкрытым лісьце як тлумачэньне сваёй адмовы ад сяброўства ў журы:

«Пры ўсіх недахопах «Рок-Каранацыі», лічыў і лічу дадзены фэст важнай і галоўнай штогадовай падзеяй непапсовай беларускай музыкі. Заўсёды з разуменьнем ставіўся да таго цяжару, што кожны раз узвальваюць на сябе арганізатары «РК». Аднак з гадамі назапашвалася раздражненьне адносна таго, што год за годам не выпраўляліся памылкі пры падрыхтоўцы і правядзеньні «Каранацыі», адказнасьць за якія перад музыкамі, прадстаўнікамі шоў-бізнэсу, аматарамі адэкватнай музыкі прыходзілася несьці і мне, як сябры журы. І гэтым годам, я, на жаль, вымушаны адмовіцца ад гэтай пачэснай місіі, бо ясна бачу перад сабою тыя граблі, міма якіх «Рок-Каранацыя» ня пройдзе ў гэтым годзе.»

Асноўнае, што не задавальняе Алега Клімава, — тое, што, па ягоным меркаваньні, Юрый Цыбін і Сяргей Будкін «прапанавалі журы сваё, ПЭРСАНАЛЬНАЕ бачаньне тых працэсаў, якія адбываліся ў музыцы, што падпадае пад так званы фармат «Рок-каранацыі», у мінулым годзе». У сваіх камэнтарах Клімава падтрымалі Вячаслаў Корань і Андрэй Плясанаў.

У размове з Сяргеем Будкіным, Generation.by закрануў і гэтую тэму:

«У кожнага чалавека, асабліва, ў чалавека, які цікавіцца і назірае за тым, што адбываецца ў беларускай музыцы, ёсьць сваё меркаваньне, якое можа быць адрозным ад меркаваньня іншых. Напрыклад, Клімаў быў супраць уключэньня ў сьпіс намінантаў «Дети Детей». Пытаньне, што ёсьць рок, а што не — даволі дыскусійнае. Яно цягнецца ажно з 1995, калі былі спрэчкі наконт «Ляпіса Трубяцкога». На меркаваньне аргкамітэту, і «Дети Детей», і Вайцюшкевіч ёсьць рокам. Шкада, што Клімаў выйшаў са складу журы: я з павагай стаўлюся да гэтага чалавека», — сказаў Сяргей.

Алег Клімаў зьвярнуўся і да астатніх сябраў журы з заклікам «задумацца над тым, што яны гэтым разам зьбіраюцца прыкрываць сваімі імёнамі».

Але «Рок-каранацыя 2007» без журы не застанецца. Упершыню яно будзе міжнародным: у ліку 15 сябраў Радэк Дамброўскі — арганізатар сёлетняга «Басовішча», а таксама прадусар «Be2gether». Будуць прадстаўнікі радыё і тэлебачаньня, крытыкі і журналісты.

Яны вызначаць пераможцаў па наступных намінацыях:

­

Праект году

  • «Песьні Свабоды — 3». Складанка
  • Сузор’е — «Песьня пра зубра»
  • Зьміцер Вайцюшкевіч — «Калыханкі»
  • «Хатынь: Tacet, Sed Loquitur»
  • J: Морс — «Ледоколы. Live»
  • «Народны альбом. Live»
  • «Дударскі фэст»
  • «Басовішча- XVII»

Альбом году:

  • J: Морс — «Адлегласьць»
  • N.R.M. — «06»
  • Крама — «Усё жыцьцё — дзiўны сон»
  • Крамбамбуля — «Сьвяточная»
  • Зьмiцер Вайцюшкевiч & WZ-Orkiestra — «Лірыка»
  • Ляпіс Трубяцкой — «Капитал»
  • Neuro Dubel — «Stasi»

Песьня году:

  • N.R.M. — «Менск і Мінск»
  • J: Морс — «Ледоколы»
  • beZ bileta — «Никогда не умирай»
  • Ляпіс Трубяцкой — «Капитал»
  • Крама — «Стэфка. Праз 20 год»
  • Neuro Dubel — «Край»

Традыцыя і сучаснасьць:

  • Testamentum Terrae — «Слаўны паніч»
  • Бан-Жвірба — «Забабоны»
  • OSIMIRA — «Druva»
  • Сяржук Сокалаў-Воюш — «Песьні лісоўчыкаў»
  • Юр’я — «Рай коню»

Адкрыцьцё году:

  • Дети Детей — «Конверты для снов»
  • Indra — «Cонцавакол»
  • M.L.A. — «Такие же, какими были всегда»

Прарыў году:

  • Фляўс і Кляйн
  • Tarpach
  • Гурзуф
  • Haіr Peace Salon

Кліп году:

­
  • Ляпіс Трубяцкой — «Капитал» (рэж. Аляксей Церахаў)
  • beZ Bileta — «Никогда не умирай» (рэж. Мацьвей Сабураў)
  • J: Mорс — «Ледоколы» (рэж. Максім Сіры)
  • Сяргей Пукст — «Не было тебя» (рэж. Максім Сіры)
  • Neuro Dubel — «Край» (тэлеканал Белсат)

Рок-карона

  • ­Пераможца вызначаецца па сукупнасьці заслугаў: альбом, перамогі ў фэстывалях, конкурсах, актыўная канцэртная дзейнасьць, наяўнасьць песень у тэле- і радыё-ратацыі, сталая прысутнасьць у інфармацыйнай прасторы. ­
­

Таксама будзе ўганараваны Выканаўца году, абраны паводле галасаваньня на «Тузіне Гітоў».

­ ­ ­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0793 seconds.