10 маладых гуртоў ужо падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе фэстывалю Басовішча-2007

За першыя 10 дзён збору заявак на конкурсную частку фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча» 10 маладых гуртоў зь Менску, Віцебска, Горадні, Бярозы, Смалявічаў падалі свае заяўкі.

Найбольш хуткімі ў падрыхтоўцы дэма-запісаў да фэстывалю сёлета апынуліся:

Акропаль
Восьмыдзень
Заточка
Мясцовыя
Cor-set
NatureMorte
Tlusta Lusta
Urbanlife
ZigZag
Weeping Twilight
.

Гурты, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе і пазмагацца за прызы фэстывалю – запіс альбому ў польскай студыі, фінансавыя ўзнагароды і каштоўныя падарункі, могуць да 28 траўня падаць заяўкі.

Нагадаем, у мінулым годзе 34 гурты падалі заяўкі на ўдзел ў Адборышчы-2006 – адборачным туры Басовішча. Прадстаўнічы склад журы абраў паводле праслухоўваньня дэма-запісаў 20 камандаў, якія й былі запрошаныя да ўдзелу ў Адборышчы, па выніках якога 9 гуртоў былі абраныя для ўдзелу ў конкурсе Басовішча-2006. Кожны сябра журы на Адборышчы галасаваў самастойна – у выніку кожны гурт меў свой рэйтынг. Такім чынам, пры заўчасным сыходзе з дыстанцыі аднаго з гуртоў, на ягонае месца запрашаўся наступны па рэйтынгу гурт.

Як адзначаюць арганізатары сёлетняга адборачнага туру фэстывалю, сыстэма галасаваньня сябрамі журы, выпрабаваная ў мінулым годзе, захаваецца і сёлета. Канцэрт Адборышча-2007 плянуецца на сярэдзіну чэрвеня.

Даведка

Басовішча-2007, 20-21 ліпеня 2007 года, Гарадок (Беласточчына, Польшча)

Басовішча – штогадовы фэстываль музыкі маладой Беларусі, які заснаваны і ладзіцца Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў у Польшчы (БАС), якім з гэтага году кіруе Радаслаў Дамброўскі.

Басовішчу сёлета 18 год – ужо ў васемнаццаты раз мястэчка Гарадок на Беласточчыне (сучасная Польшча) прыме ў сябе на адкрытай пляцоўцы вядомыя беларускія гурты і маладыя каманды.

Сёлета каардынацыяй беларускай часткі падрыхтоўкі да фэстывалю музыкі маладой Беларусі Басовішча займаецца Аляксей Мінчонак з каманды музычнага парталу «Тузін Гітоў».

Уся інфармацыя пра Басовішча на сайце Generation.by - інфармацыйным партнэры фэстывалю - па адмысловай спасылцы bas.generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1995 seconds.