Пачынаецца збор заявак ад маладых гуртоў на ўдзел у Басовішчы-2007

Напрыканцы ліпеня - 20-21.07.2007 - мястэчка Гарадок у Польшчы традыцыйна прыме ў сябе беларускіх музыкаў, аматараў, вандроўнікаў ды проста добрых людзей на фэсце Басовішча. Ужо з 7 траўня маладыя беларускія гурты могуць падаваць заяўкі на ўдзел у конкурснай праграме Басовішча і змагацца за прызы фэсту, у тым ліку і запіс у польскай студыі.

Заяўкі прымаюцца з 7-га па 28-га траўня (07.05-28.05.2007). Таму гуртам лепей пасьпяшацца з запісамі.

Падаць заяўку на ўдзел у конкурснай частцы «Басовішча» можа любы беларускі гурт, які грае ў рэчышчы «жывой музыкі» (то бок музыкі, выкананай на «жывых» інструмэнтах, дапускаецца выкарыстаньне электронных інстумэнтаў, сэмплаў і г.д. у якасьці неасноўных). 

Патрабаваньні да гуртоў, якія падаюць заяўкі:

Запіс як мінімум адной песьні на беларускай мове на CD-носьбіце ці ў электронным выглядзе (MP3, WAV, WMA і г.д.);

Наяўнасьць 20-ці хвіліннай «жывой» канцэртнай праграмы на беларускай мове;

Наяўнасьць ва ўсіх музыкаў гурта дзейнага агульнаграмадзянскага пашпарту. Тэрмін дзейнасьці пашпартоў усіх удзельнікаў павінен скончвацца не раней лістапада 2007 году (гэта патрабаваньне консульства Рэспублікі Польшча);

Гатоўнасьць усіх музыкаў у найкарацейшы тэрмін паставіць дазвольныя штампы ў пашпарты для выезду ва ўсе краіны сьвету.

Заяўкі павінны ўтрымліваць:

Запіс адной (ці болей) песьні на беларускай мове на CD-носьбіце ці ў электронным выглядзе (MP3, WAV, WMA і г.д.);

Кароткую інфармацыю пра гурт, які падае заяўку (дата заснаваньня, інфармацыя пра ўдзельнікаў, кароткая гісторыя гурта);

Кантактны тэлефон адказнай асобы ў гурце, а таксама кантактныя тэлефоны двух іншых удзельнікаў гурта.

Нагадваем, што ў конкурснай частцы Басовішча ня могуць удзельнічаць гурты, якія ўжо атрымлівалі ўзнагароды на фэсьце.

Як падаць заяўку? 

Generation.by сёлета інфармацыйны партнэр Басовішча і ўсю інфармацыю аб ходзе падрыхтоўкі да фэсту можна пачытаць па адмысловай спасылцы - bas.generation.by, а самыя цікаўныя могуць там жа аднавіць успаміны зь мінулагодняга Басовішча.

Збор заявак ад маладых гуртоў вядзецца сябрамі каманды generation.by. Кожны гурт можа абраць любую больш зручную яму сыстэму, як падаць заяўку:

Праз электронную пошту на адрас bas@generation.by. Такі варыянт будзе найзручнейшы.

Праз звычайную пошту. Лісты з музычным матэрыялам і інфармацыяй пра гурт трэба накіроўваць на адрас: 220050, Менск, Галоўпаштамт, Даша Слабчанка (да запатрабаваньня).

Непасрэдна ў рукі. Для таго, каб дамовіцца на сустрэчу й перадаць заяўку трэба патэлефанаваць па тэл.:
+375 29 113-09-08 (Velcom) ці +375 29 701-78-30 (МТС)

Аргкамітэт сёлетняга фэсту абмяркоўвае зараз даты адборачнага канцэрту, які ў мінулым годзе атрымаў назоў «Адборышча», а таксама вядзе абмеркаваньне па сёлетнім складзе журы адборачнага туру. Як мяркуецца папярэдне, «Адборышча-2007» адбудзецца ў сярэдзіне чэрвеня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1099 seconds.