Сябры журы пра крытэры адбору ўдзельнікаў "Адборышча-2006"

На дыстанцыі Басовішча засталося 16 камандаў з 37-мі заяўленых ад пачатку. Судзьдзі абіралі кожны сваю 16-ку гуртоў, плюс дадатковыя 4, што мусілі трапіць на лаўку запасных. У выніку падсумаваньня гэтых дадзеных атрымаўся агульны сьпіс, гурты зь якога і будуць выступаць на "Адборышчы-2006". Пра крытэры адбору гуртоў, якімі кіраваліся сябры журы, чытайце ніжэй.  

Міхал АнемпадыстаўМіхал Анемпадыстаў, аўтар тэкстаў: "А крытэраў адбору ніякіх не было. Проста слухаў запісы і тое, што спадабалася – адабраў. Пра крытэры можна гаварыць ужо на адборачным канцэрце. Зараз адбылася проста абсалютна рабочая працэдура – зьменшыць колькасьць удзельнікаў да нейкіх рэальных памераў, якія можна пачуць і абмеркаваць".

 
Валік ГрышкоВалік Грышко, галоўны прадусар партнэра MTV у Беларусі: "Некаторыя гурты я, канешне, ведаю. Ведаю, што яны сьпяваюць – гэта першы крытэр. Бо большасьць прадстаўленых фанаграм не адпавядаюць рэальнаму гуку. Так як Басовішча ўсё ж такі канцэртны фэстываль, я лічу, што марна адбіраць гурты па фанаграмам, бо на канцэрце ўсё стане на свае месцы. Калі гурт выходзіць і грае, адразу становіцца ясна, зможа ён з гонарам прадстаўляць сябе на Басовішчы альбо не. Асабіста для мяне крытэр адбору – усё ж такі жывы гук".

Аляксандар КульлінковічАляксандар Кульлінковіч, музыка: "Ну, спачатку я спрабаваў адбіраць па крытэру "падабаецца мне ці не", але нічога з прадстаўленага асабіста мне не спадабалася. І крытэр у мяне быў такі – хаця б адносны прафэсіяналізм. Я хоць і не прафэсійны музыка, але музыка даволі дасьведчаны, таму спрабаваў сабе ўявіць, як гэты гурт будзе глядзецца на сцэне. Вось, у прынцыпе, і ўсё".

Віталь СупрановічВіталь Супрановіч, BMAgroup: “Па-першае, я праслухоўваў запісы, і гурты я абіраў па крытэру нейкай актыўнасьці ў першую чаргу. Бо мне здаецца, што гурты, якія едуць на Басовішча, павінны зьяўляцца ня толькі ў момант адбору, калі зьбіраюцца заяўкі, але праяўляць сябе хаця б у год свайго ўдзелу ў фэстывалі праз канцэрты, дыскі і г.д. Я абіраў тых, хто дзесьці неяк такім чынам сябе засьведчыў, пра якіх раней хоць было чуваць".

RWDRWD, "Тузін Гітоў": "Мае крытэры – гэта арыгінальнасьць, цікавасьць для гледачоў і каб траплялі ў фармат Басовішча".

 
 

 
Ганна Вольская, прадусар "Крамбамбулі": "Па-першае, пэрспэктыўнасьць гурта (з майго пункту гледжаньня – больш інтуітыўнага для прадусара пачуцьця), другое – гэта разнастайнасьць, бо Басовішча ужо даволі насычаны рокам, вельмі хацелася б, каб адзіны беларускі фэстываль быў не абмежаваны па стылі, каб фольк, джаз, блюз, стары рок 70-х... – розныя стылі таксама маглі сябе паказаць, бо гэта вельмі істотна для разьвіцьця беларускай музыкі. І трэцяе – гэта каб было трошкі паболей жанчынаў, то бок прыярытэт аддаваўся жаночаму вакалу, таму што зараз яго вельмі мала – толькі Тарпач, Руся і ўсё... А гэта вельмі важна для гарманічнага разьвіцьця беларускай культуры. Ну і апошні крытэр – падабаецца/не падабаецца – гэта тычыцца інтуітыўнага прадусарскага адчуваньня, ці можна з гэтым штосьці зрабіць, ці не".

Ігар ВарашкевічІгар Варашкевіч, музыка: "Па-першае – прафэсіяналізм, таму што я не люблю самадзейнасьць. Аналізаваў тэксты і музыку, хаця тэксты для мяне не самае галоўнае: найперш музыка. Абіраў на свой смак і густ". 

 

 
 Зьміцер ПадбярэскіЗьміцер Падбярэскі, музычны журналіст: "Найперш я ацэньваў музычнасьць – адчуваньне выбару людзей, якія ўзяліся менавіта за гэтую музычную справу. Потым разглядаў арыгінальнасьць ня толькі музычнага матэрыялу, але і самога аранжаваньня. Па-трэцяе, браў на ўвагу, канешне, выканальніцкі ўзровень. Вельмі шкада, што былі некаторыя фанаграмы ня надта якасныя, якія не дазвалялі данесьці ўсе гэтыя чыньнікі лёгка і непасрэдна".

Тацяна ЗаміроўскаяТацяна Заміроўская, музычны журналіст: "Абіраючы гурты, асабіста я кіравалася крытэрамі незалежнасьці гурта ні ад чаго: калі па майму меркаваньню гурт ствараў уражаньне незалежнага ад фармата Басовішча ці ад якога іншага фармата, тым больш ад фармата, які існуе зараз на нашых радыёстанцыях, то гэты гурт ствараў уражаньне такога, якому можна верыць і я аддавала яму перавагу. Напрыклад, гуртам, якія, ведаючы, што фармат Басовішча апошнім часам схіляецца ў бок патрыятычнага хард-кора, гралі ў такім стылі, я можа быць нават спэцыяльна не давала сваіх балаў. Я за тое, каб Басовішча мяняла свой фармат у бок гуртоў, якія не ідэалягічна спрабуюць самавыразіцца, а ў тым ліку за кошт музыкі".

Воля КузьмічВоля Кузьміч, studenty.by: "Мой голас у журы – гэта супольны голас сябраў каманды studenty.by. Усе, хто адчуваў у сабе сілы зрабіць ацэнку гуртам – рабілі свой сьпіс. Мы склалі галасы – і атрымаўся агульны сьпіс studenty.by. Кіраваліся прынцыпам, якія гурты цікава слухаць. Наагул, цікава было праслухаць такую колькасьць запісаў маладых камандаў – пэрспэктывы ў беларускай музыкі сапраўды ёсьць. Шкада, што некаторыя гурты не прайшлі ў агульную 16-ку абраных. Раю абавязкова ўдзельнічаць у наступным годзе, а сёлета зьвяртацца на "Вольную сцэну" Басовішча. Файна, што на адбор зьвярнуліся гурты рознай стылёвай афарбоўкі. Зь нецярпеньнем чакаю "Адборышча" – як трымаецца гурт на сцэне – гэта, бадай, адзін з асноўных крытэраў. Чакаю тых часоў, калі на сцэну можна было б запрасіць усе гурты, якія зьвяртаюцца на конкурс."

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.