Год новага міністра адукацыі: неабвешчаная адукацыйныя рэвалюцыя

Год таму краіне прызначылі новага міністра адукацыі — 57-гадовага Сяргея Маскевіча, які паходзіць з Гарадзеншчыны. А разам зь ім і зьмены ў адукацыйнай сыстэме. Мы прыгадалі найбольш значныя падзеі ў адукацыі, якія адбываліся сёлета.

Амаль двухразовае падвышэньне аплаты за навучаньне і падзеньне стыпэндый, новыя правілы разьмеркаваньня і паступленьня, адмена льготаў вясковым абітурыентам і льготы для менскіх, іPad’ы ў школьнікаў і Беларусь за крок ад Балоньскага працэсу, разьмеркаваньне на чацьвёртым курсе і рэктары ВНУ у «чорным сьпісе ЭЗ», дзесяткі тысяч замежных студэнтаў у Беларусі і 50 беларускіх студэнтаў на навучаньні за мяжой — усё гэта неабвешчаная адукацыйная рэвалюцыя, што адбылася за год міністэрства Сяргея Маскевіча.

Што было?

Стыпэндыі спачатку ўпалі, а пасьля вырасьлі разам з заробкамі. А пасьля зноўку ўпалі

Прыгоды стыпэндый беларускіх студэнтаў нагадвалі хутчэй гойсаньні па амэрыканскіх горках. Падвысіўшы аднойчы перад прэзыдэнцкімі выбарамі, іх не мянялі да самага пачатку летніх вакацый: у разгар крызысу студэнты назіралі за тым, як іх выплаты імкліва абясцэньваюцца.

У наступным сэмэстры стыпэндыі падвышалі ледзь ня кожны месяц. Але гэта не перашкодзіла ім абваліцца з $37 у канцы 2010 да $25 у кастрычніку 2011 (мінімальная), што супала з памерам выплат у 2004 годзе. У гэты ж час іх прывязалі да заробкаў бюджэтнікаў, ад чаго рост стыпэндый стаў залежным ад таго самага фактару, што і падвышэньне аплаты за навучаньне.

Скончылася ўсё тым, што адмысловым указам стыпэндыі падвысілі на 124 тысячы. У лістападзе навучэнцы атрымалі «шалёныя» грошы — $34. А ўжо празь месяц зьявілася інфармацыя, што ў гуманітарыяў зь сярэднім балам, меншым за 6, стыпэндыі забяруць. «Тэхнарам» можна спаць спакойна нават у час сэсіі: мінімальную стыпэндыю яны будуць атрымліваць і пры 5 у сярэдніх балах.

Плата за навучаньне ў беларускіх рублях вырасла амаль у два разы

За першы год свайго міністэрства Сяргей Маскевіч здолеў цэлых тры разы выклікаць гнеў студэнтаў (каля 70% зь іх — платнікі), бесперапынна падвышаючы кошт аплаты за навучаньне ва ўнівэрсытэтах.

Першы раз кошты вырасьлі ў разгар зімовай сэсіі 2011 году адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%. З пачаткам новага навучальнага кошты ўзьнялі яшчэ раз, а ў лістападзе студэнтаў «дабілі», узьняўшы іх «задняй датай» на прыкладна тыя ж сумы, што і мінулыя разы.

У выніку студэнты БДУ, напрыклад, стануць плаціць за адукацыю амаль у два разы болей, чым год таму. А за курс у мэдыцынскім унівэрсытэце прыйдзецца выкладаць па 10 мільёнаў. Часьцей за ўсё шалёныя падвышэньні тлумачылі ўзрослымі заробкамі выкладчыкаў і супрацоўнікаў ВНУ, а таксама «дэвальвацыйнымі» выдаткамі ўнівэрсытэтаў.

Рэктары трапілі ў «чорны сьпіс» ЭЗ

Пры новым міністры адлічаць студэнтаў па палітычных матывах не перасталі. За гэты год па праграме навучаньня рэпрэсаваных студэнтаў імя Кастуся Каліноўскага каля 150 студэнтаў адправілася за мяжу.

У выніку некалькі кіраўнікоў беларускіх навучальных установаў трапілі ў лік неяўзных у Эўрапейскі Зьвяз сярод двух соцень беларускіх чыноўнікаў і іншых нехарошых людзей. Зорка сьпісу «шасьці» — рэктар БДУ Сяргей Абламейка, за якога Сяргей Маскевіч нават паспрабаваў публічна заступіцца. Але ў адказ рэктарскі шматразовы шэнген быў ануляваны італьянцамі. Тым часам сам Маскевіч без перашкодаў езьдзіць па Эўропе і агітуе за далучэньне Беларусі да Балоньскага працэсу.

Беларусь прабіваецца ў Балоньскі працэс

Тое, што Беларусь нечакана павярнулася да адзінай адукацыйнай сыстэмы Эўропы перадам, а да сваёй «унікальнай» адукацыі самі ведаеце якім месцам, як вестка аб адкрыцьці Амэрыкі прагучала яшчэ ўлетку 2010 пры папярэднім міністры Радзькове. Новы міністар Маскевіч узмацніў курс на Эўропу, падрыхтаваўшы пацешную справаздачу аб стане беларускай вышэйшай адукацыі.

У ёй адукацыйныя чыноўнікі прызналі такія праблемы беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі, як яе масавізацыя, што прывяла да зьніжэньня якасьці падрыхтоўкі спэцыялістаў, традыцыяналізм адукацыйных установаў і дэмаграфічныя праблемы.

Зрэшты, пэрспэктывы далучэньня да Балоньскай сыстэмы застаюцца незразумелымі: з аднаго боку фармальныя патрабаваньні Беларусь выконвае, і эўрапейскія структуры, у якіх нямала сяброў Маскевіча, гэта прызнаюць. Але пакуль ня ўсё так гладка. Дадатковым раздражняльнікам у сьвятой справе выпраўленьня адукацыйнага іміджу краіны стаў грамадзкі Балоньскі камітэт.

Разьмяркоўваць сталі па-новаму

Галоўнай радзькоўскай спадчынай для Маскевіча стаў велізарны Кодэкс аб адукацыі, адысэя па прыняцьці якога скончылася за некалькі месяцаў да ўступленьня новага міністра на пасаду. Нягледзячы на грувасткасьць, экспэрты не знайшлі ў Кодэксе ні згадак пра акадэмічныя свабоды, ні гарантый беларускамоўнаму навучаньню. Затое выпускнікі-бюджэтнікі пазнаёміліся ў ім з новымі правіламі разьмеркаваньня.

Разьмяркоўваць цяпер будуць нават пасьля платнага, калі студэнт болей за палову тэрміну навучаньня вучыўся за кошт дзяржавы. Прымусова накіруюць на працу і пасьля платнай магістратуры, калі да яе студэнт вучыўся за бюджэтную сродкі. Гэта бязьмежна ўскладніць жыцьцё тым, хто пажадае вучыцца пасьля атрыманьня дыплёму спэцыяліста за мяжой.

Але і на гэтым Мінадукацыі вырашыла не спыняцца. Нядаўна стала вядома аб чарговых зьменах ў правілах разьмеркаваньня, што рыхтуюцца ў нетрах гэтай установы. Вырашана, напрыклад, разьмяркоўваць бясплатнікаў на год раней, і не абавязкова найперш у дзяржаўныя ўстановы. Але ў любым разе меркаваньне студэнтаў спытаюць у апошнюю чаргу.

Пачаўся крыжовы паход супраць завочнікаў

Крыжовы паход Мінадукацыі супраць завочнага навучаньня пачаўся яшчэ з пачаткам дзеяньня новай рэдакцыі закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», паводле якой права на адтэрміноўку згубілі ўсе студэнты завочных аддзяленьняў ВНУ. А нядаўна было абвешчана аб плянах рэзкага скарачэньня набору на завочныя аддзяленьні.

Цягам двух наступных гадоў лічбы прыёму на завочнае плянуюць зьменшыць да 30–40 тысячаў. Цяпер кожны другі першакурсьнік — завочнік. Найбольш ад апэрацыі «антызавочнік» будуць пакутаваць прыватныя ўнівэрсытэты: там такіх студэнтаў можа быць болей за дзьве траціны.

Ільготы пры паступленьні адмянілі, а значнасьць моўных тэстаў зьнізілі ўдвая

З новым міністрам адукацыя, вядома, ня можа заставацца пры старых правілах паступленьня ў ВНУ. Таму іх вырашана было тэрмінова замяніць, адмовіўшыся пры гэтым ад амаль усіх ільготаў для абітурыентаў, а на завочнае вырашыўшы браць толькі пры наяўнасьці працы.

Акрамя гэтага, абітурыенты-2012 сустрэнуцца з такім новатворам, як правіла памнажэньня на два вынікаў ЦТ па профільных прадметах абітурыентаў тэхнічных спэцыяльнасьцяў. Гэткім чынам зьмяншаецца значнасьць моўных тэстаў у тэхнічных ВНУ. Акрамя гэтага дзяржава наважылася пазбавіцца ад асобнага конкурсу для абітурыентаў, што скончылі вясковыя школы.

Студэнтам павялічылі кампэнсацыю за здымнае жытло і ўзьнялі плату за інтэрнаты

Праблема студэнцкага жытла ў гэтым годзе абвастрылася незалежна ад волі Сяргея Маскевіча: за тры гады да Чэмпіянату сьвету па хакеі спатрэбілася хутка адрамантаваць палову менскіх студ. інтэрнатаў, каб засяліць туды ў 2014-м хакейных заўзятараў. У некаторых унівэрах і раней толькі 40% жадаючых атрымлівалі пакоі. А цяпер дык зусім стала цяжка.

У выніку ўрад прапанаваў павысіць нязьменную гадамі кампэнсацыю за здымнае жытло для іншагародніх студэнтаў: з 8 да 105 тысячаў у месяц. Але на 12 даляраў у месяц ні кватэру, ні нават пакой ня здымеш. У выніку празь вялізную колькасьць папер, якія спатрэбіліся для афармленьня дапамогі, атрымаць яе пажадалі адзінкі. Гэтак празь месяц у БДУ па кампэнсацыю зьвярнулася толькі адна студэнтка, у Баранавічах на ўвесь горад — 3.

Троху раней за гэта было абвешчана аб павышэньні платы за студэнцкія інтэрнаты. Студэнцкае жытло падзялілі на тры катэгорыі. У выніку за найлепшае запатрабавалі плаціць амаль у 4 разы болей, чым раней.

Ліцэістам раздалі дзяржаўныя «iPad’ы»

З кастрычніка ў ліцэі БДУ і некалькіх іншых элітных школах краіны разам з падручнікамі пачалі выдаваць пляншэты, куды папярэдне запампавалі некаторыя навучальныя тэксты. Ініцыятарам замены падручнікаў электроннымі дэвайсамі ў прэсе выступіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук, які спачатку нават паабяцаў амаль імгненны пераход з падручнікаў на рыдэры па прыкладзе Паўднёвай Карэі. Такім чынам дзяржава імкнулася зэканоміць на друку, а заадно разгрузіць заплечнікі школьнікаў.

Замміністра разважаў аб замене падручнікаў на пляншэты ў цэлай вобласьці Беларусі, каб далей «укараніць іх паўсюль». Замест школьных падручнікаў з 1-га па 11-й кляс вучні мусілі атрымаць электронны пляншэт, у які будзе ўнесена ўся патрэбная інфармацыя.

Нават перадавік беларускай hi-tech рэвалюцыі «Інтэграл», здаецца, згадзіўся ўзяцца за справу і выпусьціць пару тысячаў айчынных рыдэраў.

Але з часам стала зразумела, што Жук троху перабольшыў магчымасьці «Інтэгралу» і школаў ва ўладкаваньні сучасных тэхналёгій. У ліцэі БДУ і іншых экспэрымэнтальных клясах пачалі выкарыстоўваць украінскія пляншэты, а экспэрымэнт распаўсюдзілі толькі на два рэгіёны. «Прычым, нават калі экспэрымэнт будзе ўдалым, то ўвядзеньне пляншэтаў адбудзецца не раней, чым праз 10 гадоў».

За час існаваньня нашага сайту мы сочым за дзейнасьцю ўжо трэцяга міністра адукацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0991 seconds.