У гуманітарыяў забралі стыпэндыі

Студэнтам-гуманітарыям стала цяжэй прэтэндаваць на стыпэндыі. Затое троху лягчэй стала гуманітарыям з каледжаў, а таксама «тэхнарам»: дапамогу першым уздымуць на 10%, а другім, каб атрымліваць стыпэндыі, дастаткова будзе мець сярэдні бал у 5.

Як паведамляе БелТА, цяпер студэнтам-гуманітарыям будуць налічваць стыпэндыю пры сярэднім бале пасьпяховасьці ад 6 і вышэй. Раней дастаткова было мінімальнага сярэдняга балу 5.5. Для студэнтаў тэхнічных спэцыяльнасьцяў паказчык для атрыманьня мінімальнай стыпэндыі застаўся ранейшым — 5 балаў.

Чыноўнікі тлумачаць зьмены ў правілах вылучэньня стыпэндый жаданьнем «узмацніць матывацыю навучэнцаў».

Кошт пытаньня невысокі — мінімальная беларуская стыпэндыя цяпер складае каля $36. Зрэшты, як адзначаюць экспэрты, гуманітарыям у Беларусі троху лягчэй атрымліваць вышэйшыя адзнакі.

Болей пашанцавала студэнтам-гуманітарыям з каледжаў — ім стыпэндыі ўздымуць на 10%. Тычыцца гэта такіх спэцыяльнасьцяў, як «Мастацтва і дызайн», «Гуманітарныя навукі», «Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраваньне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасьці», «Сацыяльная абарона», «Фізычная культура. Турызм і гасьціннасьць», «Пэдагогіка», «Пэдагогіка. Прафэсійная адукацыя».

Падвышаны таксама мінімальны бал для атрыманьня стыпэндый у ПТВ. Цяпер каб мець мінімальную стыпэндыю, неабходна будзе вучыцца хаця б на 4 (раней хапала нават трох балаў).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0768 seconds.