Балоньскі працэс пайшоў

Беларусь накіравала заяўку ў Балоньскі камітэт. Наша краіна спадзяецца далучыцца да адзінай эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ўжо ўвесну.

Міністэрства адукацыі Беларусі 29 лістапада накіравала ў Балоньскі сакратарыят пакет заявачных матэрыялаў на далучэньне да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

«Мы пацьвердзілі зацікаўленасьць Беларусі ва ўдзеле ў інтэграцыйных працэсах па фармаваньні і далейшым разьвіцьці Эўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі», — пракамэнтаваў пачатак працэсу далучэньня першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Міністэрства адукацыі. Заяўку на ўключэньне краіны ў Балоньскі працэс могуць разгледзець на чарговай канфэрэнцыі 26–27 красавіка 2012 года.

Па словах Жука, празьмерная «ўнікальнасьць» беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі, якой раней нашы чыноўнікі толькі ганарыліся, сталася для Беларусі небясьпечнай:

«Неўступленьне ў агульную адукацыйную прастору паступова зробіць краіну малапрывабнай і для замежных студэнтаў, — гаворыцца ў артыкуле Аляксандра Жука ў часопісе Вышэйшая школа, прысьвечаным далучэньню да Балоньскай сыстэмы. — Калі мы ствараем настолькі ўнікальную сыстэму адукацыі, што яна не адпавядае прынятым у сьвеце стандартам, ня варта разьлічваць, што да нас будуць працягваць ехаць студэнты зь іншых краін. Што да сваіх студэнтаў, то тая іх частка, якая сапраўды хоча вучыцца за мяжой і выбіраць, дзе працаваць, здолее гэта зрабіць у незалежнасьці ад таго, уступіць наша краіна ў Балоньскі працэс альбо не».

У заяўцы, накіраванай у Балоньскі сакратарыят, адукацыйныя чыноўнікі прызналі такія праблемы беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі, як яе масавізацыя, што вядзе да зьніжэньня якасьці падрыхтоўкі спэцыялістаў, традыцыяналізм адукацыйных установаў і дэмаграфічныя праблемы.

Рашэньне аб далучэньні Беларусі да Балоньскай сыстэмы будзе прымацца на канфэрэнцыі міністраў адукацыі Эўропы ў румынскім Бухарэсьце. На ёй беларускія чыноўнікі прадставяць даклад аб выкананьні Беларусьсю патрабаваньняў Балоньскай дэклярацыі. Паводле папярэдніх заяваў Жука, Беларусь выканала ўсе рэкамэндацыі дэклярацыі.

На 2013 год заплянаваны пачатак пераходу сыстэмы адзнак ва ўнівэрсытэтах на адзіную сыстэму крэдытаў, прынятую ў эўрапейскіх унівэрсытэтах, а таксама пачатак выданьня Дадаткаў да дыплёму, дзе будзе пазначаная ўся інфармацыя аб вывучаных студэнтам дысцыплінах.

Што такое Балоньская дэклярацыя

Балоньская дэклярацыя была прынятая міністрамі адукацыі 29 краін Эўропы ў 1999 годзе. Яна замацоўвае 6 асноўных прынцыпаў вышэйшай адукацыі:

  • узаемнае прызнаньне дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі;
  • увядзеньне двухузроўневай сыстэмы адукацыі;
  • увядзеньне сыстэмы крэдытаў (ECTS);
  • пашырэньне мабільнасьці студэнтаў праз узаемнае прызнаньне пройдзеных дысцыплін;
  • увядзеньне агульнай эўрапейскай сыстэмы кантролю якасьці адукацыі;
  • прытрымліваньне эўрапейскіх поглядаў на вышэйшую адукацыю, найперш у галінах навучаньня і навуковых дасьледаваньнях.

Балоньскі працэс прадугледжвае наяўнасьць трох ступеняў вышэйшай адукацыі: бакаляўр, магістар і доктар. Балоньская дэклярацыя ўводзіць узаемнае прызнаньне дыплёмаў па ўсім кантынэнце, уніфікацыю адукацыйных стандартаў.

Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, якая не зьяўляецца часткаю Балоньскага працэсу. У сакавіку 2010 у адзіную адукацыйную прастору Эўропы ўвайшоў нават Казахстан.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.