Мінадукацыі: усе Балоньскія рэкамэндацыі выкананыя

Беларусь цалкам выканала рэкамэндацыі Балоньскай дэклярацыі і спадзяецца далучыцца да агульнай адукацыйнай прасторы Эўропы ў красавіку 2012 году. Аб гэтым заявіў намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

«Я спадзяюся, што наша пытаньне ў красавіку будзе вырашанае станоўча», — заявіў першы намесьнік міністра Аляксандр Жук, камэнтуючы далучэньне нацыянальнай адукацыйнай сыстэмы да Бальноскага працэсу.

Па яго словах, рашэньне аб далучэньні Беларусі да Балоньскай сыстэмы будзе прымацца на канфэрэнцыі міністраў адукацыі Эўропы ў румынскім Бухарэсьце. На ёй беларускія чыноўнікі прадставяць даклад аб выкананьні Беларусьсю патрабаваньняў Балоньскай дэклярацыі.

Як перадае БелТА, намесьнік міністра адукацыі лічыць, што Беларусь выконвае ўсе патрабаваньні Балоньскай дэклярацыі. Роўна год таму, калі прэзыдэнт Лукашэнка пагадзіўся на далучэньне да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы, міністар адукацыі казаў толькі пра нязначныя праблемы з мабільнасьцю студэнтаў. Выглядае, чыноўнікі здолелі вырашыць і гэтае пытаньне.

Што такое Балоньская дэклярацыя

Балоньская дэклярацыя была прынятая міністрамі адукацыі 29 краін Эўропы ў 1999 годзе. Яна замацоўвае 6 асноўных прынцыпаў вышэйшай адукацыі:

  • узаемнае прызнаньне дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі;
  • увядзеньне двухузроўневай сыстэмы адукацыі;
  • увядзеньне сыстэмы крэдытаў (ECTS);
  • пашырэньне мабільнасьці студэнтаў праз узаемнае прызнаньне пройдзеных дысцыплін;
  • увядзеньне агульнай эўрапейскай сыстэмы кантролю якасьці адукацыі;
  • прытрымліваньне эўрапейскіх поглядаў на вышэйшую адукацыю, найперш у галінах навучаньня і навуковых дасьледаваньнях.

За ўсю гісторыю дэклярацыі заяўкі чатырох краін, што жадалі далучыцца да Балоньскай сыстэмы, былі адхіленыя. Увайсьці ў адзіную адукацыйную прастору Эўропы ня здолелі толькі Кыргістан і Ізраіль, бо фактычна не зьяўляюцца часткаю Эўропы, а таксама непрызнаныя Паўночны Кіпр і Косава.

Гледзячы па ўсім, на прадстаўленьне беларускага дакладу ня здолеюць трапіць рэктары вядучых унівэрсытэтаў краіны, у тым ліку БДУ і БДПУ. Зь вясны гэтага году ім забаронены ўезд у краіны ЭЗ, у які ўваходзіць і Румынія.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1405 seconds.