Студэнты не жадаюць атрымліваць кампэнсацыю за здымнае жытло

За месяц дзеяньня новых правілаў кампэнсацыі за здымнае жытло для іншагародніх студэнтаў па суму 105 тысячаў рублёў у месяц у БДУ зьвярнулася толькі адна студэнтка, а Баранавічах — тры.

Аб новых правілах кампэнсацыі за здымнае жытло для іншагародніх студэнтаў чыноўнікі Мінадукацыі абвясьцілі месяц таму. Тыя, хто навучаецца ў Менску, атрымалі магчымасьць прэтэндаваць на 105 тысячаў у месяц, астатнія — на 70 тысячаў. Гэта прыкладна 12 і 8 даляраў адпаведна.

Як піша realt.onliner.by, за месяц працы адмысловай унівэрсытэцкай камісіі па кампэнсацыях для студэнтаў БДУ, што засталіся бязь месцаў у інтэрнатах, у яе зьвярнулася толькі адна студэнтка. І ў той узьніклі бюракратычныя праблемы:

«Справа ў тым, што студэнтка своечасова не напісала заяву, што мае патрэбу ў інтэрнаце. Атрымліваецца, яна ня лічыцца на нашым уліку, — растлумачылі ў рэктараце БДУ. — Пытаньне будзе вырашанае, аднак на гэта спатрэбіцца некаторы час».

У Баранавічах прыкладна такая ж сытуацыя. Як піша intex-press, на ўвесь горад знайшлося толькі трое жадаючых атрымаць па 70 тысячаў (менавіта столькі дазволена вылучаць несталічным студэнтам). Двое зь іх вучацца ў Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце, яшчэ адна — студэнтка музычнага каледжу. Двое студэнтаў гэтага ж каледжу рыхтуюць неабходныя дакумэнты.

Вечарам дамова — раніцай грошы

Пры гэтым Мінадукацыі разьлічвала на тое, што прэтэндаваць на кампэнсацыю зможа каля 13 з 220 тысячаў беларускіх студэнтаў-дзёньнікаў. А ня пяць чалавек з 800 студэнтаў, якім у тых жа Баранавічах патрабуецца жытло.

«Важна ўлічваць, што на кампэнсацыю можа разьлічваць вельмі абмежаванае кола студэнтаў, — кажуць у БДУ. — Гэта бюджэтнікі, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучаньня, сем’і якіх маюць невысокі прыбытак».

Сапраўды, каб атрымаць грошы, патрэбна хутка сабраць цэлы ворах дакумэнтаў. Пры гэтым яны мусяць даказаць, што сярэдні прыбытак усіх сяброў сям’і не перавышае 1.150 мільёны ў месяц. Але ж галоўнай перашкодай экспэрты бачаць нежаданьне ўладальнікаў кватэр здаваць іх па афіцыйных схемах. Бо з-за гэтага прыйдзецца сплачваць дадатковыя падаткі:

«Яшчэ адзін важны нюанс — у атрымальнікаў матэрыяльнай дапамогі павінна быць заключаная дамова найму. Нелегальных кватарантаў бюджэт спансаваць ня будзе», — кажа прадстаўнік рэктарату БДУ.

Раней кампэнсацыя за арэнду жытла, якую выплочвала Міністэрства адукацыі іншагароднім студэнтам, складала 8 500 рублёў ці $1. Гэта велічыня не зьмянялася гадамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.