Арэнду кватэры кампэнсуюць… 12 далярамі

Урад абвясьціў памеры абяцаных раней выплат, на якія змогуць прэтэндаваць здымаючыя кватэры іншагароднія студэнты. 105 тысячаў у месяц атрымаюць тыя, хто афіцыйна здымае кватэру ў Менску, стаіць у чарзе па пакой у інтэрнаце і мае надзвычай бедную сям’ю.

Аб намеры ўзьняць кампэнсацыі за здымнае жытло чыноўнікі Мінадукацыі казалі ня раз. Сёньня ўрад нарэшце абвясьціў памер выплат за здымнае жытло для іншагародніх. Студэнты, што вучацца ў Менску, атрымаюць па 105 тысячаў, астатнія — толькі 70 тысячаў. Гэта 12 і 8 даляраў адпаведна.

У жніўні сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў Менску раўняўся 170–200 даляраў, пакою — $50. У сярэднім у сталіцы конкурс на студэнцкае жытло — 3–4 чалавекі на месца.

Але кампэнсацыю ад дзяржавы атрымаць ня так проста. У адмысловыя ўнівэрсытэцкія камісіі да 30 чэрвеня трэба падаць цэлы ворах дакумэнтаў: дамову найму жытла, адмову ў атрыманьні пакою ў інтэрнаце, даведкі ад прыбытку сям’і за апошні год. Пры гэтым права на кампэнсацыю дадуць толькі тым іншагароднім студэнтам, у якіх сярэднедушавы прыбытак сям’і не перавышае 200% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацьверджанага ўрадам Беларусі за два апошнія кварталы.

Такім чынам, на грошы можна прэтэндаваць у тым выпадку, калі студэнт мае брата ці сястру, што таксама вучыцца, а бацькі зарабляюць па $270 у месяц. Калі ж сясьцёр і братоў няма, заробак бацькоў ня мусіць перавышаць $203.

Значыць, каб атрымаць жаданыя 105 тысячаў, трэба будзе прайсьці як мінімум тры колы бюракратыі: падаць заяўку і інтэрнат і атрымаць адмову, зьняць кватэру і аформіць афіцыйныя дакумэнты аб арэндзе і, нарэшце, сабраць даведкі аб даходзе ўсіх сяброў сям’і за апошні год. Толькі пасьля гэтага можна падавацца ва ўнівэрсытэцкую камісію, якая, вядома, можа і адмовіць.

Раней кампэнсацыя за арэнду жытла, якую выплочвала Міністэрства адукацыі іншагароднім студэнтам, складала 8 500 рублёў ці $1. Гэта велічыня не зьмянялася гадамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.