Колькі цяпер каштуе студэнцкае жытло

Нягледзячы на крызыс, кватэры ў Менску не спяшаюцца таньнець. А з улікам узрослых коштаў на навучаньне студэнцкія рахункі працягваюць расьці. Мы вылічылі найбольш танныя прапановы па арэндзе тыповага студэнцкага жытла.


Вельмі шмат прапановаў арэнды кватэраў на захадзе і поўначы сталіцы. Мапа «Твая сталіца»

Яшчэ ў лістападзе сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў Менску не перавышаў $200, двухпакаёвай — $250. Цяпер, паводле дадзеных рыэлтараў, $200 — цана хутчэй максымальная, але для спальных раёнаў. Жадаючым жыць у цэнтры за аднапакаёвую кватэру прыйдзецца выкласьці мінімум $250, ва Ўруччы — $200.

Такім чынам, найбольш таннае жытло можна знайсьці ў Чыжоўцы, Курасоўшчыне, Лошчыцы і Серабранцы: там за аднапакаёку трэба будзе заплаціць мінімум $150, за двухпакаёвую кватэру — ад $230.

Асобныя пакоі — найбольш папулярная магчымасьць арэнды бюджэтнага жытла ў Менску — маюцца нават за $50 у месяц. Але сярэдні кошт усё ж каля $80.

Такім чынам, сытуацыя нагадвае мінулагоднюю. Тады ў пачатку жніўня кватэры ў сярэднім каштавалі столькі ж, а да пачатку навучальнага году кошт іх арэнды падвысіўся на недзе на 20%.

А як там?

Студэнты ў Ізраілі ўжо месяц пратэстуюць супраць завышаных на іх думку коштаў на жытло. І змагацца ёсьць за што: мінімальны кошт арэндаванай кватэры ў галоўных гарадах краіны — $860 у месяц. Пратэсты пачаліся з таго, што ерусалімская студэнтка вымушаная была зьехаць з кватэры, бо не магла знайсьці грошай на яе арэнду. У выніку цяпер на плошчы ў Ізраілі выходзяць па 250 тысячаў чалавек.

А вось у Швэцыі праблема ня ў грошах (хаця студэнцкае жытло і там ня вельмі танная — мінімум $300), а ў пошуку кватэры. У краіне у тры разы болей студэнтаў, чым у Беларусі, хаця колькасьць насельніцтва прыкладна супадае. Таму студэнты вырашылі дапамагчы сабе самі: аб’яднаньне стакгольмскіх студэнтаў адкрыла ўласнае пасрэдніцкія бюро ў Інтэрнэце, каб дапамагчы студэнтам у пошуках даху над галавой. Як перадае Радыё Швэцыя, разьмесьціць абвестку на адмысловым сайце можна абсалютна бясплатна. Хаця яе сапраўднасьць яшчэ будзе правераная, бо апошнім часам шмат людзей спрабуюць падмануць здымшчыкаў, прапануючы няісныя кватэры з папярэднім авансам.

Расейцы скупаюць менскія кватэры

Тым часам у Менску, нягледзячы на крызыс, чакаецца не падзеньне кошту кватэры, а іх рост.

«Сярэдні кошт кватэры стандартных спажывецкіх якасьцяў у ліпені — $1264 за квадратны мэтар», — распавяла Эўрарадыё намесьніца дырэктара агенцыі «Твая сталіца» Сьвятлана Кудзелка.

Адмыслоўцы тлумачаць сытуацыю вялікім попытам з боку расейцаў: быццам, менавіта яны прыязджаюць і скупаюць менскія кватэры за свае грошы.

«Думаю, што попыт расьце, бо зараз у нас па заканадаўстве адмянілі артыкул, які забараняў замежнікам набываць жылую нерухомасьць. Таму пайшлі зараз зьдзелкі з пакупкай кватэр замежнымі асобамі. За іх кошт, па вялікім рахунку, і ўзрастае попыт — а не за кошт беларусаў», — кажуць у «Тваёй сталіцы».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1113 seconds.