Самы танны пакой для студэнта ў Менску каштуе $100

Да новага навучальнага году кошты на здымнае жытло ў Менску падымуцца ня болей, чым на 20%, лічаць рыэлтары. Магчыма, у гэту восень мы будзем назіраць нестандартную сытуацыю, калі ня будзе моцных сэзонных скачкоў коштаў на рынку здымнага жытла.


Цяпер кватэру можна зьняць па мапе. Map-сэрвіс на адным з рыэлтарскіх сайтаў

«Самы танны варыянт у Менску — пакой у кватэры — абыдзецца ў $100», — паведамляе Інтэрфакс-Захад са спасылкай на прадстаўнікоў рыэлтарскіх кампаній.

Супрацоўнікі агенцыяў лічаць, што «пакой для студэнта па разумным кошце можна знайсьці, калі якасна падысьці да гэтага працэсу. Варыянты заўсёды ёсьць, толькі трэба выдаткаваць час, каб знайсьці танны варыянт. Калі трэба тэрмінова вырашыць пытаньне жыльля — то ў сярэднім гэта будзе каштаваць $180–200 за аднапакаёвую кватэру».

Пакуль моцных штуршкоў ад прыезду першакурсьнікаў рынак арэнднага жытла не адчуў. У агенцыі ўжо тэлефануюць усхваляваныя пэнсіянэркі, якія пытаюць, ці не варта падвышаць кошты? Але новасьпечаныя студэнты і іх бацькі ня надта сьпяшаюцца шукаць жытло.

Калі мінімальны кошт пакою абмежаваны, то зьверху для здымных кватэр мяжы няма. Паводле дадзеных рыэлтараў, «дарагая аднапакаёвая кватэра ў Менску — з эўрарамонтам, добрай мэбляю, кухоннай і іншай тэхнікай, абыдзецца ў $400–500 у месяц».

«Але гэта не зьяўляецца верхняй мяжой. Ёсьць у Менску аднапакаёвыя кватэры і па $1 — 1,5 тыс. у месяц. Але яны ня надта карыстаюцца попытам», — кажуць у агенцыях.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.