Незалежныя экспэрты хочуць уплываць на далучэньне Беларусі да Балоньскага працэсу

У Беларусі паўстаў альтэрнатыўны Балоньскі камітэт, які зьбіраецца прадставіць іншую кропку гледжаньня на беларускую адукацыю ў час саміту, на якім можа быць прынятае рашэньне аб далучэньні Беларусі да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы. Прадстаўнікі экспэртнай супольнасьці і шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія склалі камітэт, спадзяюцца дамагчыся ад беларускіх уладаў новых адукацыйных рэформаў.

«Мэтай камітэту зьяўляецца распрацоўка для нашай краіны дарожнай мапы інтэграцыі беларускай вышэйшай адукацыі ў Балоньскі працэс, — гаворыцца ў заяве камітэту. — Заснаваны камітэт лічыць сваёй першачарговай задачай дамагчыся ўключэньня ў парадак дня саміту 2012 [на якім будзе разглядацца заяўка Беларусі на ўступленьні ў працэс] разам з афіцыйным дакладам Міністэрства адукацыі альтэрнатыўнага дакладу аб стане беларускай вышэйшай адукацыі»

Камітэт спадзяецца, што саміт абумовіць уступленьне Беларусі ў Балоньскі працэс правядзеньнем шэрагу рэформаў і, перш за усё, адмовай ад выкарыстаньня вышэйшай школы ў якасьці інструмэнта палітычных рэпрэсій.

Заганы беларускай вышэйшай школы

Далучыцца да Балоньскай дэклярацыі беларускія ўлады вырашылі ўлетку 2010 году, а тыдзень таму стала вядома, што заяўка на ўступленьне ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ўжо пададзеная міністэрствам Сяргея Маскевіча. Заяўка мае быць разгледжанай 26–27 красавіка 2012 года ў Бухарэсьце.

Альтэрнатыўны Балоньскі камітэт, які створаны на базе Нацыянальнай плятформы Грамадзянскага форуму Ўсходняга партнэрства, называе ідэю далучэньня да Балоньскай сыстэмы «ўнікальным шанцам для рэфармаваньня нацыянальнай сыстэмы адукацыі, яе інтэрнацыяналізацыі і лібэралізацыі».

Аднак, паводле меркаваньня чальцоў камітэту, «беларускія ўлады не хаваюць свайго намеру абмежавацца, у лепшым выпадку, толькі касмэтычнымі зьменамі, якія не закранаюць рэальныя прычыны нізкай эфэктыўнасьці беларускай вышэйшай школы».

Паводле меркаваньня камітэту, пэрспэктывы хуткага далучэньня да Балоньскага працэсу далёка не відавочныя, а «заганы беларускай вышэйшай школы відавочна супрацьпастаўляюць беларускую адукацыю фундамэнтальным каштоўнасьцям і прынцыпам эўрапейскага акадэмічнага жыцьця».

Альтэрнатыўны Балоньскі камітэт заклікае далучацца да яго ўсіх, каму імпануюць ягоныя ідэі. Кантактны мэйл: balonski.kamitet@gmail.com.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1322 seconds.