Распачаўся першы прызыў завочнікаў
У Беларусі пачынаецца чарговы прызыў. У гэту зіму ў лік 10 тысячаў прызыўнікоў упершыню трапяць студэнты завочных аддзяленьня ВНУ, якія паступілі ўжо пасьля скасаваньня адпаведнай адтэрміноўкі.
Як перадае БелТА, у Міністэрстве абароны адзначылі, што цяпер пачынаецца падрыхтоўка да прызыву, але пакуль невядома, калі пройдзе адпраўка ў войскі. Магчыма, яна выпадзе на другую палову студзеня 2011 года.
Нагадаем, паводле новай рэдакцыі закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», права на адтэрміноўку губляюць усе студэнты завочных аддзяленьняў ВНУ акрамя тых, хто навучаецца на дзённай форме навучаньня альбо ў завочнай магістратуры, асьпірантуры і дактарантуры.
Паводле паправак у закон, калі студэнт быў залічаны да 15 жніўня, ён мае права на адтэрміноўку. У адваротным выпадку яму прыйдзецца ісьці служыць. Напрыклад студэнтам, што паступілі ў гэтым годзе на завочнае ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні, адтэрміноўку ад войска ваенкаматы не даюць. Шмат скаргаў адзначана і ў некаторых іншых беларускіх ВНУ, дзе ў даведкі для ваенкамату датай залічэньня пазначаюць 1 верасьня, а не жнівеньскую дату, якая стаіць у загадзе рэктара.