Новыя правілы паступленьня ў ВНУ: на завочнае будуць браць толькі з працай, а льготы скасуюць

У прэсу трапіў праект новых правілаў паступленьня ў беларускія ВНУ. Мінадукацыі прапануе адмовіцца ад амаль усіх ільготаў для абітурыентаў, памнажаць на два балы па ЦТ па профільных прадметах абітурыентаў тэхнічных спэцыяльнасьцяў, а на завочнае браць толькі пры наяўнасьці працы.

Вытрымкі з праекту новых правілаў паступленьня, аб падрыхтоўцы якіх амаль год паўтаралі чыноўнікі Мінадукацыі, зьявіліся на партале interfax.by. Вось некаторыя з новых патрабаваньняў, што могуць быць уведзеныя пры паступленьні ў 2012 годзе.

Больш ніякіх ільготаў. Амаль

«Некаторыя льготы, да якіх традыцыйна прызвычаіліся, будуць прыбраныя: яны будуць перанесеныя на этап навучаньня. Але ня ўсе: тыя льготы, што тычацца сіротаў і гэтак далей, будуць улічвацца», — заявіў учора міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч у інтэрвію БТ.

Ідэю адмены ільготаў, быццам з-за пераходу на электронную сыстэму падачы дакумэнтаў у ВНУ (якая мусіла запрацаваць ужо ў наступным годзе, але належным чынам не была пратэставаная цягам сёлетняй уступнай кампаніі), даўна прасоўвалі чыноўнікі Мінадукацыі.

Паводле новых правілаў паступленьня, усе льготы па вызваленьні ад платы за навучаньне, наданьні месца ў студэнцкім інтэрнаце ці вылучэньні льготнага крэдыту будуць разьмяркоўвацца ўжо пасьля залічэньня. Выключэньнямі стануць толькі пераможцы розных алімпіядаў — рэспубліканскіх ці ўнівэрсытэцкіх — альбо спартовых спаборніцтваў.

«Вясковага» конкурсу ня будзе

Скасоўваецца адна з улюблёных ініцыятываў Лукашэнкі ў сфэры адукацыі: асобны конкурс для вясковых абітурыентаў. Цяпер гарадзкія і вясковыя школьнікі будуць мець агульныя ўмовы пры залічэньні. Ці атрымаюць яны пэўныя прэфэрэнцыі ўжо пасьля залічэньня, не паведамляецца.

Мэханізм атрыманьня студэнцкіх ільготаў у апісаньні Маскевіча выглядае наступным чынам:

«Напрыклад, паступіў абітурыент у ВНУ, аднак па балах прайшоў на платнае аддзяленьне. Наяўнасьць ільгот дапаможа яму атрымліваць скідкі пры аплаце навучаньня».

На завочнае толькі з працай

Браць на завочныя аддзяленьні будуць толькі абітурыентаў, якія ўжо недзе працуюць. Такая норма існавала калісьці, а цяпер яе аднаўляюць у межах крыжовага паходу, што распачало Мінадукацыі супраць завочнікаў.

Міністэрства адукацыі марыць давесьці колькасьць студэнтаў завочнага да 30–40 тысячаў (цяпер кожны другі першакурсьнік — завочнік). Найперш «пад нож» пойдуць месцы на эканамічных і юрыдычных спэцыяльнасьцях.

Атрымліваецца, што, каб пасьля школы стаць студэнтам завочнага, трэба літаральна за месяц пасьля выпускнога знайсьці працу (па будучай спэцыяльнасьці, ці любую іншую — не ўдакладняецца). Пры гэтым хлопцам прыйдзецца яшчэ і падрыхтавацца да сустрэчы з ваенкомам — завочнікам ужо другі год запар адтэрміноўку не даюць.

Значнасьць мовы пры паступленьні ўпала ў два разы

На некаторых тэхнічных спэцыяльнасьцях будуць прымаць і з 600 баламі. Адбудзецца гэта з-за памнажэньня балаў абітурыентаў па профільных тэкстах на два. Гэта значыць, сума балаў па школьным атэстаце і вынікаў трох сэртыфікатаў ЦТ можа дасягнуць 600, а не 400 балаў, як ёсьць цяпер.

Новая ініцыятыва прывядзе да дэвальвацыі значнасьці моўных тэстаў (расейскай ці беларускай), бо кожны бал па профільным фізыцы ці матэматыцы стане роўным двум балам па мове.

Назвы спэцыяльнасьцяў, на якіх будзе дзейнічаць памнажэньне балаў, яшчэ не абвешчаныя. Аднак вядома, што гуманітарныя накірункі ў іх лік дакладна ня трапяць.

Уводзіцца мінімальны бал па ЦТ

Зьявіцца таксама мінімальны бал, без атрыманьня якога ў абітурыента проста ня прымуць дакумэнты. Як казалі раней чыноўнікі, ён наўрад ці будзе вышэйшым за 5–7 балаў па некаторых спэцыяльнасьцях. Вырашаць, які сёлета прахадны бал, будуць ужо пасьля сканчэньня ЦТ.

Аўтазак пад вакнамі Міністэрства адукацыі
Аўтазак пад вокнамі Міністэрства адукацыі

Іншыя істотныя зьмены ў правілах паступленьня

  • Зьявіцца адзіная мэтодыка падліку балаў пры паступленьні на спэцыяльнасьці, на якіх праводзіцца іспыт «Творчасьць». Залічвацца абітурыенты будуць на аснове сумы балаў за кожны этап ўступнага выпрабаваньня па прадмеце «Творчасьць», плюс вынік, атрыманы пры складаньні балаў ЦТ і дакумэнту аб агульнай сярэдняй адукацыі.
  • Расейцы атрымаюць магчымасьць не здаваць экзамэны. Мінадукацыі прапануе зьмяніць умовы паступленьня для беларусаў, якія жывуць за мяжой, а таксама грамадзянам Расеі, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану. Ім прапануецца паступаць па тых самых ўмовах, што існуюць для замежных грамадзян: па выніках сумоўя. Пры гэтым плянуецца захаваць стары мэханізм паступленьня для ўсіх жадаючых, якія хочуць скарыстацца правам на атрыманьне адукацыі праз конкурсны адбор (як за кошт сродкаў бюджэту, гэтак і на ўмовах аплаты).

Цяпер праект правілаў накіраваны на ўзгадненьне з адміністрацыяй прэзыдэнта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.