Ільготаў пры паступленьні ў ВНУ можа ня стаць зусім

Міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч заявіў, што ўрад плянуе пераглядзець разьмеркаваньне льготаў пры паступленьні ў ВНУ, пакінуўшы магчымасьць для студэнтаў атрымліваць зьніжкі пры аплаце за навучаньне. Пры гэтым ільготаў для «чарнобыльцаў», асобных конкурсаў для выпускнікоў вясковых школаў і іншых катэгорый цяперашніх льготнікаў можа ня стаць зусім.

«Неабходна перанесьці сыстэму наданьня льготаў з этапу паступленьня на пэрыяд навучаньня ў ВНУ», — заявіў сёньня міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

Паводле яго словаў, робіцца гэта, каб перанесьці «рэальную дапамогу» на ўжо паступіўшых студэнтаў.

«Мы павінны ўважліва прааналізаваць і пралічыць усе варыянты льготнага паступленьня абітурыентаў, пасьля чаго стварыць новую сыстэму ільготаў, якая будзе спалучацца з аўтаматызаванай сыстэмай падачы дакумэнтаў у ВНУ, што распрацоўваецца ў Беларусі», — словы Маскевіча цытуе БелТА.

Цяпер ільготамі пры паступленьні ў беларускія ВНУ карыстаюцца пераможцы алімпіядаў школьнікаў, спартовых спаборніцтваў. Па-за конкурсам прымаюцца інваліды і некаторыя іншыя катэгорыі беларусаў. Таксама ёсьць адмысловыя конкурсы для выпускнікоў, што навучаліся ў вясковых школах.

«Напрыклад, паступіў абітурыент у ВНУ, аднак па балах прайшоў на платнае аддзяленьне. Наяўнасьць ільгот дапаможа яму атрымліваць скідкі пры аплаце навучаньня».

Фармальная падстава для перагляду правілаў паступленьня — новая сыстэма падачы дакумэнтаў для паступленьня ў ВНУ, якая мусіць запрацаваць у Інтэрнэце з 2012 году. Да гэтага часу і плянуецца вырашыць, якіх ільготаў чарговы раз пазбавяць беларускіх студэнтаў. Зоймецца пытаньнем адмысловая камісія, якая праз год мусіць прадставіць свае прапановы па зьменам правілаў паступленьня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.