Аўтаспынам па Эўропе: І тое, што дома звычайнасьць, у дарозе — мастацтва

Вандроўныя нататкі выклікаюць спрэчкі: кожны бачыць у шляху свой сэнс. Наша вандроўка, як маленькая мадэль жыцьця, добра апісваецца прынцыпам сынусоід: то ўверх, то ўніз. Але абавязкова будзе дынаміка, таму што нічога стопрацэнтна добрага ці дрэннага ў жыцьці быць ня можа. Глівіцкія часы былі станоўчым пікам сынусоіды. А наш італійскі шлях ператварыўся ў татальнае падзеньне ў самаю ніжнюю кропку загадкавай крывой.

Другая, заключная частка аповеду аўтаспыншчыкаў Алеся Герасіменкі і Кацярыны Безмацерных пра 24-дзённую вандроўку па Ўкраіне, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі з першапачатковай мэтай даехаць да Італіі. Назіраньні і жыцьцясьцьвярджальныя адкрыцьці.

Аўтаспынам па Эўропе ў лічбах:

  • 17 наведаных гарадоў
  • 35 спыненых машын
  • 17 € на начоўкі ў кэмпінгах
  • 54 € з чалавека на ўвесь транспарт

Венская салата

Плыні машын — усё, на што прэтэндуе вока аўтаспыншчыка. Гадзіннае расчараваньне зьмяняецца хвіліннай радасьцю перамогі. За ёй пляцецца непакой аб добрым месцы для наступнага спына. Потым ты стаіш хвілін сорак, бывае, пішаш шыльду з назвай наступнага месца для спыну. І чакаеш свайго чарговага драйвэра.

Як кажа Каця, калі ты ня ўмееш чакаць, езьдзіць спынам табе ня варта. Я якраз з тых, хто чакаць ня ўмее.

Да Вены мы застопілі чэха, які штодзень езьдзіць працаваць у аўстрыйскую сталіцу. «Дару», — напрыканцы дзядзька ўручае нам каштоўную для аўтаспыншчыка мапу Вены. І мы ўзрадваліся, зразумеўшы, што гэта той цуд, пра які аўтаспынны гуру Кротаў кажа: «ня парцеся, патрэбнае прыйдзе само».

Венская інтэрнэт-кавярня. За суседнім кампом — кабета, а побач зь ёй — прыгожы лабрадор і міска з вадой. Пазьней людзей з сабакамі мы будзем сустракаць нават у мэтро.

Аўстрыя

Вена — вялікая шматнацыянальная салата. Тут жывуць ня толькі карэнныя аўстрыйцы. А людзі са скурай як чорны шакаляд і малочны шакаляд, як кава з малаком і кава без малака. Цёмнаскурыя маладзіцы ў чалме езьдзяць на роварах, беласкурыя паненкі лагодна трымаюць за руку карэйца альбо афрыканца.

Цікаўна лыпаць вачыма ў эўрапейскіх гарадох можна ня толькі ў гістарычным цэнтры. У мэтро мы пабачылі сівабародага, завабліва, добрага на выгляд афрыканца ў вясёлым растаманскім бярэце. Таксама пад зямлей мы насунуліся на сьцяну з выявай прыгожай казачнай краіны. Мы бачылі тыбецкага хлопчыка на ровары з родным сьцяжком на багажніку і таксоўку кідкага кіслотна-зялёнага колеру.

У Вене прыйшло ўсьведамленьне таго, што мець няўрымсьлівыя жаданьні — непатрэбная сквапнасьць. Перад намі ляжала жнівеньская, яшчэ неспазная Аўстрыя: зь вінаграднымі палямі; Альпамі, за якія аблокі чапляюцца; Венай — горадам Фройда і Клімта. Мы ніколі ў жыцьці ня крочылі па аўстрыйскіх землях, а нас душыў максымалізм (ці, найлепей — сквапнасьць): Італія, і ўсё тут!!! І зусім нярадасна было, што ёсьць у нас дзесяць дзён шэнгена і свабода ёсьць, якой насамрэч ня стае па ўласным жаданьні.

Мы прыехалі ў Вену і ня мелі ніводнай адрэсы ці кантакта чалавека, які б мог нас у сябе разьмясьціць. Таму мы пайшлі ў інтэрнэт-кавярню, знайшлі праз сайт hospitalityclub шэсьць чалавек, якія тэарэтычна маглі б нас упісаць. Станоўча на sms-запыт адказаў будыст Тоні. Ён жыў у Вене толькі паўгады, але ў яго ўжо пасьпела перабываць вялікая колькасьць упісчыкаў.

Тоні быў вельмі ветлівы, запрашаў нас на мэдытацыі ў будысцкі цэнтар, у якім ён падпрацоўвае, распавядаў пра свае практыкі, nord walking (замена небясьпечнага бегу хуткай і карыснай хадзьбой з палкамі, падобнымі да лыжных) і свой спын у Фінляндыю.

У дарагой Вене мы прабылі тры дні, пагулялі па цэнтру і наведалі некалькі музэяў, пасьля чаго паехалі спынам у Альпы.

Альпійская баляда

У Альпах мае запісы ў нататніку зноўку намоклі. Бедны мой новенькі нататнічак, набыты ў польскім гіпермаркеце. Гэта ўжо другі нататнік за вандроўку, які я згубіў з-за дажджу. Першы загінуў у львоўскай канцэртнай залеі Be Free.

Мы прыехалі ў летнія Юббстальскія Альпы, пайшлі гуляць у горы, забраліся на мясцовы пік у 1400 метраў і, прамоклыя, стомленыя вярнуліся ў кэмпінг ля прыгожага горнага возера Lunz.

Аўстрыя

Аўстрыя

Аўтобусы ў Lunz am See (мястэчка, дзе знаходзіцца кэмпінг) ходзяць некалькі разоў у дзень. Вялікія, мяккія, з рамянямі бясьпекі на кожным крэсьле, яны возяць звычайна па пяць пасажыраў.

Цягнік з Pöchlarn, праз які мы дабіраліся зь Вены да Lunz am See, — яшчэ больш цікавая рэч. Вузкакалейка, па якой курсуе адзіны чырвоненькі дызэльны вагончык. Гэта сапраўдная цацачка, што жыве паміж мястэчак і гор. З вакна такога вагончыка можна высунуць руку і з лёгкасьцю дакрануцца да жывой агароджы упарадкаваных, з басэйнамі і ружамі, хат аўстрыйцаў.

Аўстрыя

Правінцыйныя аўстрыйскія гарады ўпарадкаваныя і прыемныя. Але безвыходна шэрыя, нягледзячы на рознакаляровыя дамы і кветкі на вокнах. Шэры-шэры асфальт — вось, што запаўняе прастору аўстрыйскага гораду.

Дарога з Lunz am See да Вены каштуе 21 эўра. Аўстрыйскі REX ляціць па шляхах зусім бязгучна. Але двухпавярховыя вагоны другога клясу — не мяжа хуткасьці і камфорту. Бывае, ля цябе праляціць ICC. Тады нават твая 100-кілямэтровая хуткасьць ператвараецца ў перасоўваньне чарапашкі.

Аўтобусы і цягнікі зьмяняюцца творчым, як і ўвесь горад, аўстрыйскім мэтро. У адрозьненьні ад мэтро, сталіцы іншай былой імпэрыі — маскоўскага — венскае мэтро зусім не музэй і ня патасны помнік былому. Мо таму, што Аўстрыйская імпэрыя развалілася раней за Расейскую? Мэтро не музэй, хаця сама Вена — горад, дзе музэі ў цэнтры сустракаюцца часьцей за крамы.

Апагеі музэйнага шчасьця аўстрыйцаў — квартал музэяў, які паўстаў на месцы былых армейскіх казармаў, што недалёка ад плошчы Марыі Тэрэзіі, і ўключае зараз больш за дзесятак розных музэяў, пачынаючы ад клясычнага Альберціна з Рэмбрантам, Рубэнсам і Дзюрэрам на борце і сканчаючы пляцоўкамі для пэрформансаў.

Аўстрыйскія выходныя — асаблівая падзея. Гэта адсутнасьць усяго. Ніхто, здаецца, не працуе. Зьдзіўляе, што хаця б цягнікі ў гэты дзень ходзяць. Напэўна з-за гэтага факту адзінае месца, дзе можна знайсьці паліва для страўніка — гэта вакзал. Але там усё даражэйшае.

Найбольш танна тут выходзіла харчавацца сырамі і дзіўнымі вырабамі зь іх, запіваючы гэта добрым віном за 2-3 эўра. Булкі, батоны і іншыя кулінарныя вырабы тут надзвычай дарагія.

Student Agensy ці чаму эўрапеская моладзь забылася на спын

Эўрапейскі спын ператвараецца ў выміраючы від моладзевых забавак. Бо аўтобусы паміж буйнымі гарадамі таньнеюць з кожным днём. Рэйс Брно-Прага курсуе за сем эўра з пасажыра.

Student Agensy (SA) — так завецца ўсходнеэўрапейская агенцыя, якая развозіць усіх жадаючых па Венах (з Праг) за 14 эўра. Хто з такімі коштамі захоча ехаць спынам? Толькі бедны беларус, які зусім не здагадваецца пра гэткі чэскі аўтобусны рай. Канешне, 100 км/г, гэта ня 170 новай серабрыстай шкоды па аўтабану Прага-Брно. Але тут цябе ніхто не аштрафуе за стоп на магістралі, затое пададуць гарбатку-каву, часопісы-газэткі і фільм пакажуць.

Ля гатэлю Grand, што ў цэнтры Брно, зьяўляецца ўражаньне поўнай перамогі жоўценькіх аўтобусаў з лягатыпам SA над іншымі відамі міжгародняга транспарту. За 30 хвілін лёгка разыходзяцца 60 квіткоў на чарговы рэйс. І пасажыры ўжо праз тры гадзіны выходзяць на праскім вакзале Florence.

Палітычныя суіцыды на Вацлаўскім пляцы ў Празе

Прага

Прага з утульнымі чарапічнымі дамкамі. Падобная і адрозная адначасова ад шэрагу іншых старых эўрапейскіх гарадоў. Але нідзе больш ня знойдзеш так шмат Франца Кафкі: на запалках, на цішотках, на кубках. І больш нідзе ня знойдзеш Вацлаўскага пляцу. У студзені 1969 года 21-гадовы праскі студэнт Ян Палах зьдзейсьніў тут прынародна сапаспальваньне — арыгінальны пратэст супраць савецкай акупацыі. У сакавіку 1989 знайшоўся яшчэ адзін шалёны герой, ужо 19-ці гадовы, антыглябаліст Ян Заяц. Перад сьмерцю ён раскідвае лісты: «Я стаў чарговаю ахвяраю так званага дэмакратычнага рэжыму…» Абліўшыся бэнзінам, Заяц паўтарыў подзьвіг Палаха на адлегласьці сто мэтраў. Уражаныя мінакі выклікаюць хуткую, дзе ён і памірае па дарозе ў шпіталь.

Шмат бачылі там, у Празе, вядомага 1968-га, калі мірныя чэскія жыхары паўсталі супраць рускіх танкаў. Злосныя савецкія машыны прыехалі змагацца з дэмакратычнымі рэформамі Дубчэка. Мы ж трапілі напрасткі на саракагодзьдзе падзей. Плякаты-карыкатуры на Вацлаўскім пляцы, цудоўная дакумэнтальная фотавыстава Ёзэфа Коўдэлькі ў Старой Ратушы. Падлога Нацыянальнага музэю, заклееная прэсай той Праскай вясны. А перад музэем — савецкі танк. І зь мірнай засохлай чэскай ружай ў рулі.

Прага

Сумна было бачыць плякаты з надпісам «Валодзя, вяртайся дадому, цябе чакае жонка» ў цэнтры адной са сталіц Эўразьвязу ў тыя моманты, калі танкі Расіі патрулявалі грузінскі Горы.

Тое, што на радзіме ты адчуваў як звычайнасьць, у дарозе раптам ператвараецца ў небудзёнае і займальнае мастацтва. Нас цікавіць чэская кухня. І мы набываем дзіўны смажаны сыр, на смак зусім ня сыр, нацыянальную страву — часночны суп. Завісаць па вечарох у кавярні для сярэднестатыстычнага чэха натуральна і ненакладна.

У Чэхіі шмат п’юць піва, у празрыстых шкляных келіхах. У кавярнях знойдзеш піва мужчынскае, піва жаночае. Нацыянальны напой быў разьвіты яшчэ ў ХVI стагодзьдзі.

Паляк Рафал распавёў пра эўрапейца, што не забраўся на Кіліманджару, ды ўпаў у сумную бессэнсоўнасьць з гэтай нагоды. Вандроўнік прасядзеў два тыдні ў вёсцы ля гары. Ён бачыў толькі адну ня скораную ім вяршыню, забыўшыся на дзівосы Афрыкі, падораныя яму лёсам. Вандроўнік, які мае мэту, па Рафалу, ужо ня так цэніць астатнія краявіды і людзей.

Адзіная мэта нашага падарожжа — Італія — згубілася ў пылу дарогі. Але вандроўка прынесла знаёмства зь дзесяткамі самых розных людзей розных краін і поглядаў, розных лёсаў і дарог.


Сіні колер — дарога зь Менску ў Эўропу, фіялетавы — назад

Тэматычныя фотарэпартажы з падарожжа:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.