Кацярына Безмацерных і Аляксей Ілюшын загінулі ў дарожнай аварыі ў Пакістане

Наша даўняя аўтарка і сяброўка Кацярына Безмацерных разам з сваім мужам ехала аўтаспынам у Індыю. На Generation.by нядаўна стартавала серыя публікацый пра гэту іх вандроўку «За тры моры». Але ў Пакістане Каця і Аляксей трапілі ў дарожную аварыю.

29 верасня, у дзень народзінаў Каці, яны з Аляксеем знаходзіліся ў Пакістане. Далейшы кірунак ляжаў у бок Індыі на поўдзень. Пара вырашыла заехаць пабачыць прыгожыя горныя краявіды на поўначы краіны, непадалёк ад гораду Гілгіт. Разам з украінскім хлопцам, якога беларусы сустрэлі на мяжы з Іранам, Аляксей і Каця ехалі ў кузаве машыны. На горнай дарозе кола грузавіка раптоўна папсавалася і ён перакуліўся ў абрыў. Пакістанцы, што ехалі ў кабіне выжылі, ўкраінскі вандроўнік здолеў выскачыць з кузава, але Аляксея і Кацю заціснула грузам і яны загінулі.

Кацярына Безмацерных і Аляксей Ілюшын выехалі аўтаспынам у Індыю ў канцы лета і дамовіліся публікаваць на Generation.by серыю дзённікаў «За тры моры». Незадоўга да доўгачаканай вандроўкі пара пабралася шлюбам, а Каця якраз скончыла адпрацоўку размеркавання. Абодва яны былі апантаныя свабодай і невядомымі дарогамі з юнацтва і шмат пісалі пра іх. Каця вяла блог у livejournal, а Аляксей на сайце bpclub.ru.

Так апісвалі свае захапленні Каця і Аляксей на Generation.by перад адпраўленнем у гэту новую вандроўку.

 Аляксей Ілюшын, 24 гады : «Яшчэ ў раннім дзяцінстве я марыў пра невядомыя дарогі і таемныя прыгоды. Дзікія звяры, дзікія плямёны, неспазнаныя тэрыторыі. Як распавядае мама, я паглядзеў перадачу пра афрыканскія саванны і з адной геаграфічнай энцыклапедыяй у заплечніку, у хатніх пантофлях сабраўся ісці ў Афрыку. Аднак стэрэатыпны бацькоўскі менталітэт — вандруюць толькі вельмі багатыя людзі – неяк адсунуў мару ў далёкія куточкі свядомасці. Але ж у юнацтве я адкрыў для сябе аўтастоп і высветліў, што падарожнічаць – гэта проста. Мая любімая частка свету Азія. А самае вялікае маё падарожжа — ад крайняй заходняй кропкі Азіі праліва Басфор у Турцыі да крайняй паўднёвай кропкі мыса Піяй у Малайзіі. Шлях, што змясціў у сябе 12 азіяцкіх краін і працягваўся крыху болей за год. Ну, а цяпер — даехаць да Індыі!»

 Каця Безмацерных, 26 год : «У 16-17 гадкоў, калі я здзяйсняла свае першыя падарожжы аўтастопам, з упіскамі і непрадказальнасцямі, “вольнае падарожжа” было найвялікшай прыгодай, святам. У 26, як ні дзіўна, я ўсё яшчэ падарожніца-аўстопшчык. 10 гадоў вольнай дарогі! Цяпер яна, Дарога, хутчэй не свята, а — звычайнасць. І ўсё ж… прыемная звычайнасць і вельмі мая! Я стала больш папушчанай і навучылася не сумаваць па дому. Жыць у Дарозе, а не здзяйсняць святочныя вакацыі. Дарога – самадастатковая, загадкавая экзістэнцыя! Універ я скончыла, два гады размеркавання – адпрацавала. Вялікае Падарожжа – найлепшае скарыстанне той чароўнай свабоды, якую нарэшце атрымала: мы выпраўляемся ў Індыю! Быць дзяўчынкай з пляцаком – мая альтэрнатыўная прафесія)».

У 2005 годзе Каця без іспытаў паступіла на Факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Яна супрацоўнічала з вялікай колькасцю беларускіх выданняў, ад самвыдатаўскіх часопісаў да «Маладосці» і «Бярозкі». Таксама Каця працавала і з маладзейшымі аўтарамі, выкладаючы ў школе журналістыкі «Маладзік» часопісу «Бярозка».

Безумоўна, Каця знайшла сябе ў журналістыцы, мова яе была непаўторнай, а тыя сэнсы, што яна ўкладала ў публікацыі, глыбокія і высакародныя. Першыя публікацыі Каці на Generation.by (тады Studenty.by) былі звязаныя з той рэчаіснасцю, што звычайна існуе па-за вачыма шэраговых мінакоў. Яна цудоўна апісвала свет менскіх анархістаў, варшаўскіх сквотэраў і апантаных свабодай хіпі. Андрэграўндыя музыкі і мастакі, людзі па-за сістэмай, непаспяховыя, але самавітыя, тыя, хто шукаў нечага большага, і знаходзіў гэта ў духоўнасці, цікавілі яе найбольш.

Ейныя эсэі ўрываліся ў шэрую будзённасць тысячамі фарбаў недасяжнай Індыі. Аўтаспынныя нататкі паглыблялі ў рамантыку вольных шляхоў. Але яе заўжды найперш вабілі людзі. Яны выходзілі ў яе нязменна мілымі і лёгкімі, адкрытымі і неверагодна творчымі. Як яна сама.

Каця працягне свой шлях. Проста мы гэтага не заўважым.

Калі вы жадаеце аказаць падтрымку, пішыце на ljubvinka@gmail.com


14:39, 04.10.2013 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.049 seconds.