“Food not bombs” у Беларусі
- Як маецеся, бацька? - прыгожы юнак горача цісьне руку бруднаму жабраку і налівае каркадэ ў плястмасавую шклянку.
Артыкул-разьведка ў беларускую кропку FNB.
“Food not bombs” (у народзе папросту FNB) – “Ежа замест бомбаў”– антымілітарысцкая міжнародная акцыя дабрачыннага валянтэрскага кармленьня малазабясьпечаных і бяздомных асобаў.
Вандроўка ў трамваі. Ад купкі кабет невытлумачальнага ўзросту, што разьмясьціліся на крэслах акурат перада мной, прыкра-салодка патыхае нямытымі трантамі. Твары у маіх трамвайных суседак паталягічна-сунічных адценьняў, галасы – па-мужчынску нізкія і не па-жаночы хрыплыя. Нездаровая вадкасьць зьвісае з чырвона-сіне-чырвонага цётчынага носу… Дакладна ведаю: свой прыпынак не праеду. Бо мне туды ж, куды і неардынарнай кампаніі. Пад звонкую бутэлечную аранжыроўку мы вылазім на летаргічна-соннай менскай вулачцы. Па трамвайных шляхах - усьлед за кабетамі.
На зялёнай палянцы мэлянхалічная цішыня ўрэшце растае. Такіх, як мае спадарожнікі, – сумных, вясёлых, задуменных, замкнёных у сабе і гаманкіх – тут, на астраўку сярод соннай вуліцы, сёньня сабралася каля 8 дзесяткаў. Цёця, якую ў нашым народзе завуць ня йнакш як “бамжыха”, весела таньчыць і песенькі сьпявае. Дзьве прыгожанькія дзяўчынкі імпэтна шчабечуць з барадатым дзядулем.
Што ёсьць FNB
Гісторыя пачалася 24 траўня 1980 года ў Англіі апасьля будоўлі атамнай электрастанцыі Нацыянальным Банкам Бостана. Першым мерапрыемствам стала раздача супу жабракам перад Сходам акцыянэраў вышэй прыгадай установы, якая яшчэ і зброяй паў-Англіі забясьпечвала! Валянтэры накармілі каля 300 бяздомных!
Сёньня FNB-шнікі забурлілі ад Злучаных штатаў і да прастораў нашых родненькіх.
Альтруісты шчыльна зьвязаныя са сквотэрскім рухам. Свае суполкі мае пражскі сквот “Milada”, а таксама “Black Frog” у Варшаве.
Першая кампанія FNB на Беларусі, сярод заснавальнікаў якой багата анархістаў, стварылася ўвесну 2005 года ў Менску. Зараз ёсьць тры кропкі – дзьве ў сталіцы і адна ў Гародні. У бліжэйшы час ёсьць пляны зьліцьця зь Беларускім вэгетарыянскім таварыствам і санкцыянаваных дзеяньняў ад ягонага імя.
Матэрыяльнае багацьце для дзяржавы і грамадзтва значна вышэйшае, чымся чалавечае жыцьцё, мяркуюць FNB. У той час, як мільёны выдаткуюцца на зброю (ці на шкляныя будынкі бібліятэкаў ды асьвятленьне праспэктаў, напрыклад) у краіне існуе голад і беднасьць. За рысай беднасьці ў РБ жыве больш за 46 адсоткаў. Невясёлая лічбачка хавае за сабою пераважна інвалідаў, лекараў, настаўнікаў, пэнсіянэраў. FNB – гэта і пратэст супроць гвалту над жывёламі: ежа ў акцыях прымае ўдзел пераважна вэгетарыянскага зьместу.
Мая разьведка
Са здымачом, бесклапотнай усьмешкай і дыктафонам мяне спаткалі нядужа радасна.
- Разумееш, у нас толькі адныя праблемы былі ад СМІ, - паведамляе актывіст Саша, музыка з хардкор-каманды.
Але ж агульную мову мы ўрэшце рэшт знаходзім, знайшоўшы кампраміс: аніякіх твараў на фотаздымках, аніякага ўказаньня месца дзеяньня! Акцыя, натуральна, несанкцыянаваная, і хлопцы й дзяўчаты баяцца неадэкватных дзеяньняў з боку ўлады, ня маючы мажлівасьці нават улёткі распаўсюджваць.
Неўзабаве, аднак, ля нашай палянкі прыпыняюцца старэнькія “жыгулі”. Два юнака прыцягваюць вялізарны бітон з гарбатай каркадэ. Ён, бітон, надзвычай вясёлы, расфарбаваны сонейкамі, сэрцайкамі, чалавечкамі і зорачкамі.
У другім здаравенным рондалі – марская капуста, у трэцім – суп, у чацьвертым – каша. Неахайныя дзядзі і цёці выстройваюцца між тым ў чаргу па суп. На раздачы ля рондаляў – паненка ды ўсьмешлівы хлопчык Саша. Потым будзе другая чарга – па кашу і гарбату. Нехта п’е кветкава-ружовую водарную вадкасьць з валянтэрскіх аднаразовых шклянак, некаторыя ж падыходзяць з двухлітровымі бутэлькамі.
– Як маецеся, бацька? – зацікаўлена пытаецца Саша, наліваючы цёплы ружовы напой у плястмасавую шклянку.
Кабет хлопец кліча “маці”, а бабуль гэтак і заве – “бабуля”.
Мужчына распавядае Сашы пра шпіталь з квітнеючай усьмешкай. І цяжка разгадаць, што для яго больш каштоўнае - шчырае “як маецеся?” альбо водарная гарбата й талерка з густым супам.
Наступны ў чарзе – найулюбёнейшы дзядзечка. Мяркую, яму гадоў 45. У мужчыны дрымучая сівая барада і вочы – цнатлівыя вочы колеру атагрэтага вясновага неба! Мяне, зрэшты, зачапіў ягоны неверагодна інтэлігентны, мэлядычны, чысты голас. Ён ніколі не забываецца казаць “вялікі дзякуй” і “калі ласка” ды заўжды просіць дадатковую порцыю – для маці.
Потым падыходзіць жанчына ў акуратнай вязанай шапачцы.
– Маці-гераіня, – кажа мне актывістка Люда. – У яе сямёра дзяцей і ёй іх проста няма чым карміць!
– От, свалата! Гніда! – раптоўна чуецца паблізу злоснае: два дзядзькі зь нейкай прычыны распачалі разборкі.
Словы неўзабаве перарастаюць у рукапрыкладства.
FNB-шнікі, аднак, хутка прыпыняюць бойку. Мужыкі ведаюць тутэйшыя законы міру і парадку, але ж падобныя сытуацыі я назіраю на кожнай акцыі.
Людзі нарэшце накормленыя. Хтосьці не забываўся казаць “дзякуй!” – выразна і з усьмешкай, хтосьці мармытаў чароўнае слова сабе пад нос, ну, а нехта проста моўчкі хапаў паўнюткія талеркі са смачнасьцю.
Дзьве дзяўчынкі нам ужо паўгады дапамагаюць, праз інтэрнэт дазнаўшыся.
Адзін з актывістаў прыносіць кайстру з вопраткай. Ужо праз пяць хвілінаў гуманітарная дапамога расхопленая.
А я гутару з FNB-шнікамі.
– У Польшчы, напрыклад, усё значна болей прагрэсіўна, – з жалем паведамляе сёлетні выпускнік журфака БДУ Дзяніс. – Там робяцца нейкія расьцяжкі, канцэрты ў падтрымку.
Ён уздыхае, а я запытваюся:
– Калі ў нас усё гэтак трымаецца пад сакрэтам, то як грамадзкасьць і ўлады могуць рабіць пэўныя высновы?
– Ну, вось ты ж неяк даведалася!.. Дзьве дзяўчынкі нам ужо паўгады дапамагаюць, праз інтэрнэт дазнаўшыся. Прыйшла жанчына з дыспансэра, дзе дзеткі з рознымі псыханэўралягічнымі расстройствамі, неяк імкнецца дапамагчы. Сябры нашыя ведаюць, знаёмыя, панк-хардокр-сцэна вельмі дапамагае. Незаўважаным усё раўно гэта не застаецца!
Я:
– Некаторыя мае знаёмыя слухаюць расповеды пра FNB са скептыцызмам і ўсьмешкай – маўляў, нікому не патрэбнае донкіхоцтва, якое толькі разбэшчвае і правакуе бяздомных на лайдацтва.
Люда:
– Мы так не думаем Проста робім добрыя ўчынкі. Гэта ж зусім не складана. Я ўпэўнена, што многія сапраўды ня могуць знайсьці нармалёвую працу.
Пазьней мая таварышка-аднагрупніца скажа: “FNB – сапраўднае хрысьціянства. Проста робіш ДАБРО!”
Дадому
На трамвайным прыпынку мне аптымістычна ўсьміхаецца мужчына зь перамятым тварам. Натуральна, з “нашай” тусы. Усьлед за ўсьмешкамі зь ягоных вуснаў паліўся… 14 санэт Шэкспіра ды Ясенінская лірыка!
…Ты теперь не так уж будешь биться,
Сердце, тронутое холодком,
И страна берёзового ситца
Не заманит шляться босиком...
Пераскокваючы з нагі на нагу ад холаду, я імкнулася канцэнтравацца на Ясеніне. Хочацца дахаты – зьбегчы ад ветру і непрыгожага шэрага неба.
– Здорава! – я дзякую перамятаму мужчыну за верш.
Залазім у трамвай. На тварах дзьвюх паненак на пярэдніх крэслах намалявалася грэблівасьць.
Прытарны, горка-салодкі пах майго знаёмца хутка, нахабна, па-здрадніцку авалодаў прасторай трамвая.
P.S: Cпадарства! Хто мае мажлівасьць дапамагчы ўласнымі сіламі альбо наладзіць стасункі з прадуктовай крамай ці SECOND HANDам, лістуйце на мэйл!