«Амаль год я сыраед»: прыемны эксперымент над самім сабой

Пакуль краіна змагалася з свіной чумой, Кацярына Безмацерных напісала пра тое, як гэта — зусім адмовіцца ад прыгатаванай ежы і цэлы год жыць на фруктах, гародніне, арэхах, вадзе ды добрым настроі.

Амаль год я сыраед. І мой рацыён — выключна жывыя прадукты, што не прайшлі тэрмічную і цеплавую апрацоўку: свежая гародніна і садавіна, сухафрукты і арэхі. Тэма харчавання ўварвалася ў жыццё і стала адным з улюбёных захапленняў. Соплі, запаленне лёгкіх, ангіны і шэраг іншых непрыемных з'яваў — ад зашлакаванасці арганізма, сцвярджаюць сыраеды.

900 здаровых котак

Фрэнк Потэнджар правёў цікавы эксперымент. На працягу дзесяці гадоў гэты цікаўны дзядзька карміў дзевяцьсот котак сырымі прадуктамі — і ўсе яны заставаліся прывабна здаровымі. Другая група котак атрымлівала вараную ежу і… разнастайнымі чалавечымі хваробамі была апанаваная. Пнеўманія, паралюш, выпадзенні зубоў, млявасць… Кацяняты ў гэтых гаротных котак нарадзіліся хворымі, а ў наступным пакаленні жывёлінкі пачалі пакутаваць на бясплоднасць.

У 1987 годзе Нідэрланды прызналі сыраядзенне афіцыйным сродкам лекавання анкалогіі. А прафесар Мануіл Пеўзнер яшчэ ў 1949 годзе склаў спіс захворванняў, якія можна лекаваць расліннай ежай: падагра, цукровы дыябет, захворванні скуры… Сыраядзенне, згодна з прафесарам, спрыяльна ўздзейнічае нават на эпілепсію.

Страваманія  

Вы і самі адчуваеце, што яблыкі ды аранжыкі, кавуны ды дыні адрозніваюцца ад смажанага і варанага сваёй ненавязлівасцю. І ненавязлівасць гэтая ад таго, што сырое, першароднае валодае такой чароўнай якасцю, як аўтоліз — яно раствараецца само па сабе, з дапамогай уласных жа ферментаў-энзімаў. У той час як з прыгатаваным арганізм вымушаны пераходзіць у брутальны рэжым «Я рабочы на заводзе!» і сам выпрацоўваць велізарную колькасць ферментаў.

Даследаванні навукоўцаў даказалі, што сырое — абсалютна бяскрыўдная з'ява, у той час як тэрмічна апрацаванае заўважна змяняе склад крыві, павялічваючы колькасць лейкацытаў. А лейкацыты — клеткі, чыя асноўная задача абараняць наш родненькі арганізм ад патагенных агентаў. Знакам тым, варанае і смажанае ўспрымаецца як чужое нам.

Клеткі свежых прадуктаў вялікія, тэрмічна апрацаваных — маленькія, ды яшчэ і з новымі малекулярнымі ўтварэннямі. Усё гэта незразумела для нашых вантробаў, маленькія малекулы з лёгкасцю праходзяць праз кішэчнік, трапляючы напрасткі ў кроў. 6 чалавек з 10 пакідаюць наш свет праз захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. І адна з прычынаў атэрасклероз — адкладанні бляшак на сценках сасудаў. Вось яна — страваманія, слэнгам сыраеда кажучы!

І яшчэ адзін істотны пункцік. Ежа жывёльнага паходжання, а таксама тэрмічнаапрацаваная схільная да гніення. Пакуль пройдзе па кішэчніку — гніласных бактэрый народзіць. У той час раслінная ежа спрыяе нашым натуральным бактэрыям. (Адсюль і знаёмыя ўсім парады дыетолагаў: паболей расліннай клятчаткі!) А як жывуць бактэрыі ў адносінах антаганізму, то гніласная мікрафлора прыгнятае нашую родную, выпрапрацоўваючы яшчэ і таксіны пры ўсім гэтым. Можна наладзіць даволі просты эксперымент. Выкінуць сырую садавіну і гародніну — і паназіраць. Яна распачне гніць, ды без усялякага смярдзючага паху. Але ж калі выкінуць варанае альбо смажанае… Будзе смярдзець, агідна смярдзець! 

Жанчыны дзікіх плямён

Уражвальным адкрыццём для мяне сталі лекцыі біёлага і сыраеда Юрыя Фралова. Гэты спадар сцвярджае, што сыраядзенне — адэкватнае і правільнае харчаванне для чалавека як біялагічнага віда. А піць малако каровы ці казы — парушэнне законаў прыроды, за якое і расплачваемся хваробамі. Хто з дзікіх жывёлаў п'е малако іншага біялагічнага віда? Ніхто! І, дарослымі, жывёлы малако таксама не п'юць!

А яшчэ… Рэвалюцыйнае і нечаканае бачанне, з якім, відаць, не кожны пагодзіцца: з кропкі гледжання сыраядзення, прастудныя захворванні і месячныя ў жанчын — наступствы зашлакаванага арганізма. І таму гэтыя непамысныя з'явы насамрэч літасць, бо расчышчаюць нас ад усялякай непатрэбшчыны. У жанчын дзікіх плямёнаў альбо зусім няма менструацыі, альбо здараецца яна рэдка. У дзікіх жывёлаў таксама няма менструацыі. Але ж калі іх перасяліць дахаты і распачаць карміць нашай улюбёнай «чалавечай» ежай, яна з'явіцца.

Сыраед са стажам — рэдкая знаходка

Наш час, з яго геннамадыфікаванымі прадуктамі і паўсюднай хіміяй, зрабіў сыраядзенне папулярным. У Маскве нават форум медыкаў-сыраедаў ладзіцца. Але сыраедзіць — няпроста. Спрабуюць многія, але ж зрываюцца. А сыраед са стажам больш чым два-тры гады — каштоўная і рэдкая знаходка. Хтосьці піша кніжкі пра гэты від харчавання і ўзнёслыя «спевы» складае. Добра і вельмі натхняльна напісаў пра сыраядзенне эзатэрык Вадзім Зеланд, а вось адна з кніжак Уладзімера Шэмшука назывецца «Сыраядзенне — шлях да бессмяротнасці». Багата цікавых лекцый на тэму сыраядзення і лекавання галаданнем на соках ды травах прачытаў Марва Аганян з Краснадара — урач-тэрапеўт, біяхімік, натурапат. Сяргей Дабраздравін, вядомы арганізацыяй семінараў у Маскве на гэтую тэму, а таксама шматлікімі відосамі ў Сеціве, гадуе дзіця-сыраеда: «Не трэба печыва есці: ад печыва людзі хварэюць!» Ваге Данеіляну ўжо за 90. І ён паўстагоддзя сыраед! Здаровы, калі не падроблівае і не «рэдагуе» рэчаіснасць у сваіх інтэрв'ю.

Эксперымент над самім сабой з невядомым канцом

Але ж шмат хто — у асноўным больш ціхія і простыя асобы, якія кніжак не пішуць і з лекцыямі не выступаюць — выпрабоўваючы на сабе, прыходзіць да высновы: не ўсё так стопрацэнтна радасна і адназначна. Мне запалі ў сэрца вось гэтыя словы стваральнікаў сайта syromonoed.org: «Адзінае, што ўжо можна сцвярджаць больш-менш упэўнена — гэта той факт, што сыраядзенне з'яўляецца цудоўным спосабам ачышчэння і аздараўлення арганізма. Але ці з'яўляецца яно адзіным правільным харчаваннем і ці магчыма так харчавацца ўсё жыццё без шкоды для здароўя, пакуль, на жаль, невядома і нікім не даказана. Сыраедны вобраз жыцця — гэта, па сутнасці, аднаасобны эксперымент кожнага чалавека над самім сабой з невядомым канцом».

Мая гісторыя

Бутэлька кефіру і батон

Сёння пацешна і цікава ўзгадваць свае падлеткавыя гады зялёныя. Бесклапотная свежасць, здароўе што горная крынічка! І ўсё гэта было настолькі натуральна, што нават не ўсведамлялася. Так шмат блакітнага неба ўвесну і бэз такі ап'яняльны, але ж мала ўважлівасці да сябе, мала пазашкольных пытанняў і ўсвядомленасці — усё гэта пачало прыходзіць з жыццёвым досведам, праз дыскамфорт, праз не надта радаснае, якое непазбежна прыносіла сталасць. Памятаю нашыя з сяброўкай вясновыя вакацыі ў сёмым класе: вечаровы шпацыр і з'есці па цэламу батону, выпіць па кефіру. Вось гэтае з'есці "цэлы батон" я з уражвальнасцю і здзіўленнем ўзгадвала ў гадоў дваццаць: і апетыту чамусьці хапала, і радасна, і страўнік цудоўна пераварваў. У больш дарослым узросце гэта стала проста немагчымым.

Гадоў у дваццаць я пачала заўважаць займальную дэталь на святах: святочны, прыгожы торцік — а потым хаця і лёгкі, і ўсё ж дыскамфорт! Тады навошта тарты прыгожыя? А яшчэ нейкую бессэнсоўнасць белага батона адчуваць пачала. Нешта не тое ў ім, навошта яго ўвогуле есці, калі можна не есці? Схільная да самаўдасканалення, я думала, што трэба неяк разабрацца з гэтай ежай, знайсці якуюсь больш гарманічную сістэму, чым неабдумана есці ўсё што заўгодна. На дні народзінаў я любіла падараваць, напрыклад, кілаграм фінікаў альбо проста так, не на дзень народзінаў, падараваць сябру мех грэцкіх арэхаў. Прыроднае, першакрынічнае падавалася каларытным і прыгожым.

Акрамя дэталі «навошта тарты і батоны?», пачала ў «дваццатыя гады» заўважацца і яшчэ адна дэталь. Некаторыя мае знаёмыя —  магчыма, крыху старэйшыя — тлусцелі, страчвалі маладую звонкасць у целе. Сумная дэталь, я не звязвала яе з харчаваннем, думала — гэта непазбежная сталасць. Вядома, у трынаццаць гадкоў у тваім свеце не было такога, ды што тут паробіш?.. Аднак жа праз пэўную колькасць гадкоў прага да самаўдасканалення дапамагла разабрацца і з тэмай маладой прыгажосці цела, і з тэмай батонаў з тартамі.

Ежа — гэта важна

У дваццаць чатыры гады я, з натхненнем і імпэтам, перайшла на сыраядзенне! Торкнуў адзін вечаровы шпацыр з сябрам — інтэлектуальным філосафам, які гады чатыры імкнецца канчаткова перайсці на сырое, але ж цяжка, не атрымліваецца… У той вечар ён так сімпатычна расклаў па палічках тэму харчавання з пазіцыі сыраядзення, што я зразумела: ежа — гэта важна! Бо яна таксама наш розум, наш настрой, нашыя памкненні стварае. У гэтым сусвеце істотная кожная дробязь. «Усё ўздзейнічае на ўсё», — часцяком паўтарае мой духоўны настаўнік. Яблыкі і аранжыкі —  гэта энэргія яснасці, неабумоўленай радасці ў сонечную раніцу. Мяса і бульба — штось больш грубае, прыемнае, вядома, але як быццам бы ціхую і вытанчаную музыку быцця чуць замінае. Але, вярнуўшыся дахаты, пачала дзяліцца сваімі адкрыццямі з мамай і бабуляй і — вядома! — яны, сваімі ўпэўненымі аргументамі, адгаварылі мяне ставіць на сабе такія радыкальныя эксперыменты. Маё полымя згасла: «Ай, ну і сапраўды… Я і без таго хударлявая… Глупства гэтае сыраядзенне», —  падумала.

Затым на Rainbow Gathering, выпадкова-невыпадкова трапіла на семінар сыраеда з 17-гадовым стажам. Цэлых 17 гадоў — шчасце і рэдкасць такога сыраеда сустрэць! Гэта быў дзядок, здаецца, сямідзесяці з гакам гадкоў. Знешне — дзед як дзед. І ўсё ж збіраўся ён пехам у вялікае падарожжа на Байкал, распавядаў, як вылекаваў на сыраядзенні прыроджаны парок сэрца і што палкае сонца цяпер, з яблыкамі, агуркамі і памідорамі, зусім лёгка пераносіцца. На гэтым семінары я канчаткова вырашыла, што перайду на сырое — і перайшла.

Непатрэбшчына для арганізма

Мне пашанцавала: ніякіх зрываў, пра якія так часта чуеш у нашым «шызанутым» асяродку. Ломка — хутчэй псіхалагічная, а не фізіялагічная — адбывалася толькі першыя два тыдні. Сыраядзенне вельмі натуральна стала маёй прыродай. І справа тут нават не ў сіле волі, проста, чамусьці, я аказалася чалавекам не вельмі залежным ад ежы. Праўда, узімку ў маім рацыёне з'явілася сырая салёная рыба. Жывёльная ежа, у адрозненне ад расліннай, выклікае залежнасць. І куды смачнейшая за нейкі там радасна жоўты банан. Але ж са мной рэзануе кропка гледжання тых навукоўцаў, якія сцвярджаюць, што жывёльныя бялкі — лішняе для чалавека. Ну, канешне, ёсць і іншыя сцвярджэнні…

Сыраядзенне і напраўдзе вяртае вам маладое і звонкае цела, пазбаўляючы лішніх кілаграмаў. Можна багата ўражвальных фота ў доказ знайсці ў Сеціве — да сыраядзення і пасля. А што тычыцца тэмы «тартоў з батонамі»… Тут таксама зрабіла важнае для сябе адкрыццё: аказваецца ў белай муцэ ўвогуле не застаецца нічога карыснага ад таго, што было ў зерні, адзіны крухмал, які — абсалютная непатрэбшчына для арганізма… Акрамя таго, каб надаць муцэ снежна белы колер, яе змешваюць з такой атрутай, як бензаіл пераксід, персульфат амонія, двуокіс хлору, брамат калія і алаксан.

Сыраед-дамасед

Розныя здараліся ў мяне перыяды на працягу гэтых займальных 11 месяцаў. Бывалі часы, калі я нават зайздросціла «нармалёвым» людзям, крыху заганялася. Але ж сітуацыя цалкам змянялася, калі я распачынала паглыбляцца ў тэму, чытаць, слухаць лекцыі. І пакутлівыя думкі змяняліся бачаннем: і які сэнс есці ўсё гэта?)

Самая вялікая цяжкасць на маім шляху, дык гэта тое, што я шалёна мерзла ўзімку. Хадзіла па хаце ў некалькіх швэдрах плюс дадатковая кофтачка і зімовая куртка! Лавіла сябе на тым, што стала нудотным дамаседам. Але, кажуць, з часам тэрмарэгуляцыя становіцца больш нармалёвай. Ды і калі пацяплела, пытанне адпала.

Чароўная палачка і каштоўныя нішцячкі

Прызнацца, спачатку мне падавалася, што сыраядзенне — гэта такая чароўная палачка, якая ў хуткім часе выратуе ад усіх-усіх бедаў. Ды не ўсё так проста аказалася — ну, і ладна, зрэшты) Урэшце рэшт, нашаму неадэкватнаму харчаванню дзясяткі гадоў. За 10 месяцаў на сырым я, на вялікі свой жаль, не пазбавілася праблемаў з хрыбетнікам, але стала куды больш спакойнай і хранічная бессань амаль прайшла. Цяпер я не ведаю, што такое кашаль! (Такім чынам, тэорыя, што ўсялякая прастуда з саплямі ад шлакаў і неправільнага харчавання, пацвердзілася) Ну, а калі горла пачынае балець, дакладней злёгку пабальваць, дык гэта працягваецца ўсяго толькі паўгадзіны. Імунітэт проста зайздросны! У Крыме мы падхапілі з сяброўкай-несыраедкай нейкую стрававальную інфекцыю. Мной высокая тэмпература валодала ўсяго толькі вечар ды ноч — і следу ад інфекцыі не засталося! У сяброўкі ж працэс нудотнай хваробы зацягнуўся недзе на тыдзень… Памятаю, як пры традыцыйным харчаванні ў падарожжах пачыналася нешта не тое, нешта непрыемнае са страваваннем. Цяпер жа, з маёй морквай, паўсюль прыемна! Страваванне ўвогуле становіцца ідэальным. У зубах ніякіх новых дзірак, не тое, што раней! Няма моцнага пачуцця голаду, пасля шасці, напрыклад, можна спакойна не есці. І як, скажыце, атрымаўшы такія каштоўныя нішцячкі, назад вярнуцца?

Даследаваць сваю прыроду

Але ж самае прыемнае, што сыраядзенне стала маёй палкасцю і сэнсам. Як жа цікава вывучаць яго тэарэтычна і практычна! І, падаецца, нейкая новая лёгкасць, новая незалежнасць, яснасць і радасць нараджаецца, гадуецца ва ўласных глыбінях. Падаецца, крыху болей спакою і гармоніі. Ды і больш дасканалай, больш вытанчанай і інтуітыўнай чалавечай істотай пачуваешся.

Калі я была чалавекам пліты і рондляў, дык у шэраговым дні абавязкова прысутнічала такое мерапрыемства, як прыходзіць дахаты абедаць. Цяпер жа няма такога. І — больш лёгкасці ў жыцці. З'есці свае бананы можна і на лаўцы ў парку альбо па дарозе куды-небудзь. А можна прыйсці дахаты, памыць разынкі і, з любоўю расклаўшы іх на талерцы, пайсці хаваць у родны пакой. Мой найбольш прыгожы дзень, калі імкнуся практыкаваць сырамонаядзенне — ідэальны варыянт, калі не змешваеш прадукты — можа выглядаць, напрыклад, так:

  • 08:00 — шклянка вады
  • 08:40 — два памідоры
  • 09:50 — два аранжыкі
  • 11:00 — 3 бананы
  • 12:00 — адзін яблык
  • 13:40 — адзін яблык
  • 15:00 — гарбата са свежай мяты
  • 16:30 — 5 фінікаў, 2 аранжыкі
  • 17:20 — 14 фінікаў, паўшклянкі вады
  • 23:00 — 3 бананы

Сырамонаядзенне выгаднейшае: наесціся аднымі агуркамі прасцей, чым стракатай салатай.

Не маю нічога супраць традыцыйнага харчавання. Проста чалавек з яго інтэлектам можа развівацца ў некалькіх напрамках. Больш яркасці, больш адчуванняў, галоўнае, каб прыемней, а не каб правільней — такі шлях нашай цывілізацыі. Ён мае месца быць, але ж у нас, з нашымі мазгамі і магчымасцю даследаваць сваю прыроду, ёсць і іншы напрамак: не яркасць і бясконца новыя адчуванні, а простасць, сціпласць і разумнасць, чым і з'яўляўляецца, на мой погляд, сыраядзенне.



Меркаванні

Вера Доўбік, 25 гадоў: «Магу быць паўдні сыраедам»

«Паўгады была сыраедам у студэнцтве. Клёўка мазгі працавалі, вучыла нямецкую мову цэлымі днямі. Але моцна мерзла. І было цяжка з іншымі людзьмі: жыла ў інтэрнаце, знікала адчуванне супольнасці, бо ўсе разам гарбату з печывам пілі, а я не магла. Потым надакучыла гэтае сыраядзенне, сарвалася, з'ела 2 шакаладкі — і ўсё. Жадання назад няма вяртацца. Але ўсё роўна з павагай стаўлюся да сістэмы сыраядзення, магу быць паўдні сыраедам. Мне асабіста прасцей на традыцыйным харчаванні! Ды і ў свеце людзей жыць прасцей стала: усё ж ежа нас аб'ядноўвае».

Мікалай Мартынаў, 20 гадоў: «Проста я ем сырую садавіну»

«Я сыраед 2 гады і тры месяцы, калі быць дакладным. Ужываю толькі адзін прадукт, то бок сырамонаед. Гэта Дало шмат плюсаў, самаадчуванне лепш у разы, свабода ад розных дробязных непатрэбных рэчаў і дзеянняў, паказчыкі ў спорце выраслі. Да сыраядзення як да руху, як да рэлігіі стаўлюся негатыўна: не хачу быць жорсткім адэптам нейкай ідэі. Проста я ем сырую садавіну, займаюся аздараўленнем сваім, гляджу факты, выбіраю лепшае».

Юля Якубоўская, 33 гады: «Можа, сыраядзенне і не для нашага клімату»

«На чыстым сыраядзенні была год, потым сарвалася. І наступныя некалькі гадоў толькі імкнулася сыраедзіць, рэгулярна зрываючыся. Гэта сапраўды цяжка для мяне. Таму лепш ужо спакойна ставіцца, не заганяцца, не быць стопрацэнтным сыраедам, але і не асуджаць сябе за гэта. Калі я выключала малочныя прадукты цалкам, дык знікалі месячныя. І гэта было ўсё ж страшнавата, хаця і кажуць, што яны з-за зашлакаванага арганізма. Узімку і ўвосень вельмі холадна станавілася, як быццам бы ўсе клеткі засынаюць. Можа, сыраядзенне і не для нашага клімату… Цяпер, калі зрэдку з'ядаю варанае ці смажанае, адразу пачынаецца насмарк, вушы крыху ад слізі закладвае. А на сыраядзенні глыбокае і чыстае дыханне, пах знікае з рота, падпахі перастаюць смярдзець…»

Шпаргалка для тваёй мамы 

Вегетарыянства — адмова ад ежы, атрыманай у выніку забойства жывёлаў: мяса, рыбы і морапрадуктаў жывёльнага паходжання

Веганства — ужыванне ежы выключна расліннага паходжання, то бок адмова не толькі ад мяса і рыбы, але і ад малака, яйкаў.

Сыраядзенне — ужыванне выключна непрыгатаваных, сырых прадуктаў.

Сырамонаядзенне — найбольш ідэальны варыянт сыраядзення, калі прадукты не перамешваюцца. Ніяк салатаў! Яблыкі толькі з яблыкамі, агуркі — праз гадзіну!

Пранаядзенне, сонцаядзенне — лад жыцця, у якім ежа адсутнічае ўвогуле.



Фота: Юра Сідун


Кацярына Безмацерных 15:40, 16.07.2013 | Першы раз |




comments powered by Disqus
 
In 0.0765 seconds.