Rainbow: Усьмешлівыя людзі Вясёлкі ва ўкраінскіх Карпатах

На спатканьні Rainbow, дзе так шмат гіпі і ціпі, знаёмыя і незнаёмыя дораць табе ўсьмешлівае «прывітаньне!» альбо «Good morning!» Тут можна хадзіць галяком, абдымаць, каго захочаш. І людзей тут столькі, што і няма дзе прысесьці. Наш эзатэрычны карэспандэнт Кацярына Безмацерных наведалася на агульнаэўрапейскі гіпарскі тусьняк European Rainbow 2009.

Прастора для сяброўства з сабой, людзьмі і прыродай

Назаві Вясёлку «фэстывалем», дык пакрыўдзіцца нехта. Rainbow — гэта «gathering», то бок збор, сустрэча. А італьянцы завуць сваю вэрсію Вясёлкі «healing» — лекаваньне. Але ж і слова «арганізатары» могуць не зразумець, бо тут кожны — арганізатар.

Вясёлка — прастора для сяброўства з сабой, людзьмі і прыродай. На агульнай кухні няма мяса, сьмецьце сартуюць па мяхах. Алькаголь не ўжываюць, з мылам у рэчцы ня мыюцца. Каб сфатаграфаваць каго, запытацца трэба. Ну, а завецца гэта ўсё — Сям’я Вясёлкі.

Першыя Вясёлкі прайшлі напачатку 70-х у ЗША. А за аснову руху ўзялі прароцтвы індзейцаў Хопі, што прадвяшчалі зьяўленьне племя «Людзей Вясёлкі», якія здольныя вярнуць сьвет да першапачатковай гармоніі. Напачатку 80-х Вясёлкі прыйшлі ў Эўропу. Так нарадзілася агульнаэўрапейская Вясёлка.

Апошняя эўрапейская Вясёлка адбывалася з 22 ліпеня па 20 жніўня ва ўкраінскіх Карпатах, непадалёку ад вёскі Люта, што пад Ужгарадам.

Rainbow хочацца назваць сходкай гіпі, але ж адэпты сьцьвярджаюць: «Вясёлка — гэта сустрэча розных плямёнаў, традыцый і культур».

Саша распавядае: «Мая эўрапейская Вясёлка пачалася з цудоўнага перажываньня. Цёмны вечар, чакаем мясцовых, каб тыя завезьлі нас у горы, у летнік. Я сузіраю ліхтар і адначасова чую вакол шмат моваў: ангельскую, польскую, славацкую, нямецкую. Усё гэта зьліваецца у адну плынь, што паглынае мяне. Мне радасна, я разумею: гэта Rainbow!»

Рускія і ўкраінцы, беларусы, палякі, немцы, габрэі, французы, англічане, гішпанцы… Большасьць прыехала сюды аўтастопам. Людзей на эўрапейскай Вясёлцы цікава проста разглядаць. І колеры скуры розныя, і валасы розныя — пышная фрызура цёмнага азіята і тоўстыя дрэды аўстрыйца. Іншаземцы прыгожыя гэткія бываюць! Прыгожыя нятаннай, надзвычайнай, нябачанай раней прыгажосьцю. Моладзь, дарослыя, дзеці.

Адна дзяўчына дзеліцца: «Вясёлкавыя дзеці такія свабодныя! Мне здаецца, што калі б я зь дзяцінства тусавалася ў такіх месцах, то зараз б была зусім іншай».

Мясцовыя, гандляры печывам, алеям, памідорамі, таксама сталі «вясёлкавымі»: «як вам спалася сёньня?» — прыязна запытваюцца. Можна пайсьці ў чаёўню і папіць гарбаткі, за якую грошай плаціць ня трэба. І дзіўнае ж гэта адчуваньне: грошай не плаціць.

Ніхто нікому не загадвае

Паў-ваў — сумесны прыём ежы, пасьля якога агучваюцца для ўсёй Сям’і далейшыя мерапрыемствы, ідэі і сэмінары Rainbow. І, можа быць, гэта самае прыгожае, што ёсьць тут. Бо гэта падзея распачынаецца з карагода, у якім за рукі бярэцца добрая тысяча чалавек. Вакол горы, і яднаюцца ўсе ў адным гуку, выдыхаючы дружнае «ООООООООООМММММ».

За ежу, якой тут вельмі нядрэнна кормяць, можна класьці грошы ў Чароўны Капялюш. А можна і ня класьці. На кухні, дзе заўжды гучыць джамбі альбо які іншы экзатычны паўночнаафрыканскі інструмэнт, працуюць добраахвотнікі. Тут усё добраахвотна.

Невялікая сцэнка з жыцьця нашага руска-украінска-беларускага летніка, што зваўся «Беларусы»:

— Хто па ваду? Ты!

Не-а, не хачу.

— Эй, сябры, тут ніхто нікому не загадвае. Той, хто па ваду пойдзе, зараз знойдзецца сам.

І той, хто па ваду пойдзе, насамрэч знаходзіцца.

Ёга, музычныя імправізацыі, мэдытацыі Оша, у якіх дазваляеш сабе крычаць і вар’яцець, заняткі дыханьнем, free-love-ціпі, мэдыцынскі ціпі, дзе травяныя лекі не прадаюцца, а проста так выдаюцца.

Ня хочацца ісьці спаць позьнім вечарам у намёт. Бо неба ж зорнае і поўня над гарамі. Гіпарскі дзядзька, гэтакі барадаты эўрапеец, гарланіць The Doors. І людзей тут столькі, што і няма дзе прысесьці.

Крочыш сабе па карпацкай сьцяжынцы і раптам гукі саксафону чуеш. Вялікаснасьць гор свабодных бачыш і музыку слухаеш. І ёсьць, каго ў госьці запрасіць. І ёсьць, да каго ў госьці падацца. На Rainbow з табой заўжды нешта адбываецца.

Фота llissaa

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.