Оша, Атмараві і камуна
«Мае словы жывыя. Гэта не вучэньне. Прыміце мой дар», – Оша. «Самы небясьпечны чалавек з часоў Іісуса Хрыста», – пісаў Том Робінс. Оша – барадаты індыйскі мудрэц, вучнямі якога ў Эўропе сёньня сталі мільёны. Ягоныя лекцыі пераведзены на дзесяткі моваў, бурляць трэнінгі і сэмінары. Атмараві – беларускі музыка. Згодна з апошняй рок-каранацыяй, рок-выканаўца году. Ён грае эзатэрычны рок і шануе Тома Ёрка. А яшчэ Раві – вучань Оша.
Бабуля лічыла малалетняга ўнука сваім Настаўнікам
«Чаму ж ты маўчыш? – бацькі запытваюцца. – А чаму гарцуеш і крычыш цяпер што вар’ят?»
Маці і бацька абуралі Оша-дзіцёнка. Я маю права маўчаць і маю права скакаць! Бо я гэтага жадаю! Неверагодна незалежны і дзёрзкі хлопчык! А яшчэ – мудры, што так дзіўна для бесклапотна-блакітнага панятка «дзяцінства». Як сьцьвярджаюць у біяграфіях, з раньніх гадоў Оша зацята ламаў галаву над пытаньнямі сэнсу жыцьця. Бабуля лічыла малалетняга ўнука сваім Настаўнікам.
Ужо ва узросьце 21 года індыйскі юнак стаў прасьветленым, дасягнуўшы вышэйшай ступені чалавечай сьвядомасьці.
1974 год. У Пуне (Індыя) адкрыўся Ашрам Оша. Ашрам – месца, якое стыхійна узьнікае вакол жывога майстра. Бхагван Шры Раджніш стаў вядомы ў Эўропе, Японіі і Амэрыцы.
1980 год. Фанатычны індус падчас лекцыі беспасьпяхова кідае ў нашага героя нож! Далей – прыгодніцкае жыцьцё, няўдалыя перамяшчэньні па сьвеце і боязь з боку уладаў. Камуна ў Злучаных штатах і ўтвораны тут горад Раджнешпурам. На сьвяце сяброў Оша зьбіралася 20 тысяч гасьцей! Зусім хутка, аднак, амэрыканскія ўлады аштрафуюць Раджніша на 400 000 даляраў і прымусяць зьехаць з краіны. Затым выгнаньне з Грэцыі, Швэйцырыі, Ірляндыі, адмова ў візе Антыльскімі астравамі і Галяндыяй.
Зямныя пэрыпэтыі скончыліся 19 студзеня 1990 года: Раджніш Оша сыйшоў са свайго фізычнага цела назаўсёды.
Найглыбейшае сонца Раві
Шпацырую ў госьцейкі да Атмараві, альбо немудрагеліста – Раві.
Атма Раві прыгожа перакладаецца з санскрыта як «найглыбейшае сонца». Калісьці, шчэ зялёным юнаком, ён захапіўся БГ і «Аквариумом». Адсюль і нарадзіўся інтарэс да індыйскіх мэлёдыяў і да слова «карма». А ў 1992 годзе Раві прыняў саньяс (вучаніцтва) у Оша.
Паўзмрок куханькі, прасякнуты водарам пахучых рэчываў, ды кава.
«У пачатку дзевяностых да мяне трапіла кніжка Оша «Дасканалы майстар», - кажа Атмараві. - Адксэраная: тады такія кнігі былі дэфіцытам…Ну, і пакацілася!»
Найвялікшая праблема чалавецтва, мяркуе Оша, няўменьне мэдытаваць.
«Існуе шмат розных мэдытацыяў, - распавядае мне Раві. - Напрыклад, традыцыя, зьвязаная з усходнімі адзінаборствамі, са стральбой з лука, суфійскія практыкі. Што тычыцца Оша, то мэдытацыя звычайна зводзіцца да таго, каб быць у моманце. Мяне вельмі зьмяніў курс мэдытацыйнай тэрапіі «Містычная ружа»! Я стаў больш свабодны, і на жыцьцё пачаў глядзець бяз «фільтраў». Мы зьбіраліся тры тыдня па тры гадзіны ў дзень. Першы тыдзень – гэта беспрычынны сьмех, другі тыдзень – гэта плач, а трэці тыдзень мы проста назіралі дыханьне. Оша тлумачыць так: першае, што ў нас падаўлена, - гэта сьмех. У грамадзтве ж нядобра сьмяяцца!»
І насамрэч, гучна і шчыра сьмяяцца ў нас непрыгожа. З дзяцінства навучаны: залівацца сьмехам, скажам, у грамадзкім транспарце - крайняя нявыхаванасьць.
«У маім жыцьці была вельмі цікавая практыка Оша «Народжаны наноў», - працягвае Атмараві. - Усё працягвалася тыдзень, дзьве гадзіны на дзень. Першую гадзіну ты імкнесься адчуваць сябе як дзіця, а другую гадзіну назіраеш. Магутна! І узмацняецца тым, што робіцца гэта усё у групе з чалавек 20. Гэта вельмі павялічвае перажываньні! Яшчэ прымаў удзел у тантрычнай пяцідзённай групе. Складана адчуваць задавальненьне ад сэкса, калі ты не задаволены сваім целам, асуджаеш яго, а гэта амаль з кожным з нас адбываецца! З гэтым мы і працавалі.»
Зрабіце вашу лодку пустой!
Раві не раз бываў у Індыі, дзе радасна жыў і паглыбляўся ў сябе ў камуне Оша.
«Унікальнае месца! Там зьбіраецца вялікая колькасьць людзей-шукальнікаў. Унікальнасьці яшчэ дадае і тое, што там жывуць людзі з усіх краінаў сьвету! Таксама ёсьць такое разуменьне як «абумоўленасьць». Гэта тая сыстэм каштоўнасьцяў, нейкая «апэрацыйная сыстэма», якую заклала нам грамадзтва, у якім мы выхаваліся. Яна не толькі у нашай галаве, але і ў целе. А калі ты прыяжджаеш жыць у іншае месца, разумееш, што там, у гэтым адрозным месцы, зусім іншыя каштоўнасьці. І мне захацелася пазбавіцца ад сваёй «апэрацыйнай сыстэмы»! У камуне Оша якраз і ставяцца такія мэты.
Да жыцьця ў камуне я быў напружаны, заўсёды трымаў нейкую абарону. Там атакі няма, можна расслабіцца. Цяпер і тут мне ня трэба абараняцца! Атака грамадзтва ўжо нябачная! Ёсьць прыпавесьць такая. Па рацэ плыве лодка. І тут на яе іншая лодка налятае. Калі першая лодка пустая, то нічога не будзе. Ні крыкаў, ні ляманту. Зрабіце вашу лодку пустой!»
Сёньня, заміж камуны, у Індыі, у Пуне, утварыўся курорт мэдытацыі і адпачынку. Акурат перад нашай размовай, адтуль і вярнуўся Раві.
«Увогуле, мая асноўная тэхніка – музыка. Падчас майго нядаўняга знаходжаньня ў Індыі я граў у гурце «Найдзі свой сьпеў, найдзі свой голас». Гэта чатырохдзённы гурт, дзе зьбіраюцца людзі, якія мала сьпявалі, ніколі не пісалі музыкі. І напрыканцы кожны зь іх піша сваю песьню і выконвае яе на сцэне!»
Што за курорт?
«Трапляе туды кожны, хто паказвае пашпарт і візу, праходзіць тэст на сьнід і атрымлівае адмоўны вынік. Каштуе адзінаццаць даляраў за дзень. Калі працуеш, бясплатна. Працуеш кім заўгодна! Можна ў кнігарні працаваць, можна дыскатэкі афармляць, пакоі прыбіраць. 6 гадзін праца. З шасьці трыццаці да васьмі трыццаці – галоўная мэдытацыя – «Вячэрнія сустрэчы» Зьбіраецца уся камуна і мы слухаем Оша. Там ёсьць басэйн, тэнісныя корты. Мэта - максымальна прысьвяціць сябе мэдытацыі.
Больш за усё народу тут зьбіраецца ў студзень- люты. Максымум тысяч дзесяць чалавек. Цікава, што людзі прыяжджаюць, ад’яжджаюць. Вельмі жывое месца!»
«У музычным клюбе я гатовы хоць падлогу мыць! А ў казарме – не!»
Потым мы гутарым пра жыцьцё ў камуне. Раві, як і Оша, мяркуе, што традыцыйная сям’я – гэта бязглуздае і штучнае утварэньне.
«Я лічу, што сям’я мусіць зьнікнуць! Жонка, муж, дзіця – сумна! Камуна – моцны інструмэнт. Жыць з людзьмі, мэдытаваць з людзьмі – вельмі магутны працэс!
Інтэнсіўная сытуацыя! Кожны чалавек камуны на цябе ўзьдзейнічае. Вось у нас праблема ў тым, што праца ў людзей часьцей за усё нецікавая. Таму толькі дома адпачываеш. А ў камуне робіш працу, якая патрэбная і якая табе падабаецца. Я магу, што заўгодна рабіць для рэчаў, у якія я веру. У музычным клюбе я гатовы хоць падлогу мыць! А ў казарме – не! Бо ня веру я ў вайсковыя рэчы! І за грошы ня буду там працаваць!»
Раві, а вось амаль камуністычнае жыцьцё ў студэнцкім інтэрнаце ня кожнаму даспадобы!
«Разумееш, там ты ня маеш магчымасьці выбраць, з кім жыць. А што тычыцца студэнцкіх інтэрнатаў, дык каму увогуле падабаецца вучыцца?»
Калісьці Атмараві быў студэнтам філфака. Дык кінуў апасьля першага курса! І, падаецца мне, ён і без дыплёма шчасьлівы, задаволены і рэалізаваны ў свае 30. Аднак жа вернемся да баранаў нашых – да камуны.
«У Нямеччыне папулярна сумеснае пражываньне. Здымаюць кватэры і самі выбіраюць, з кім жыць. Мае нямецкія сябры здымаюць там трохпавярховы дом і жывуць гуртом, кіно разам глядзяць. Сумна сям’ёй жыць!»
Жыцьцё ёсьць містэрыя
Словы Оша гарманічна спалучаюцца ня толькі з Усходам, аднак і распрацаваны для мэнталітэта няўрымсьлівага эўрапейца. Пазытыўны індыйскі майстар запрасіў ў ашрам адмыслоўцаў па заходняй псыхатэрапіі. Псыхааналітыкі, вядома, умела наводзяць парадак у нашых хваравітых душах. Фанцікі – ў сьметніцу, а паперы – ашчадна на паліцу! Апасьля псыхатэрапіі, каб замацаваць крохкую гармонію, Раджніш навучаў усходняй мэдытацыі.
Лекцыі Оша запісваліся на аўдыё і відэа ў пэрыяд з 1969 па 1989 год. Пазьней аформіліся вучнямі ў кіляграм кніг. Кніжкі параскідаліся па ўсяму сьвету. І, перакладзеныя на расейскую мову, дасягнулі Украіны, Расеі і Беларусі.
Пра што ў лекцыях, запытаецеся? Пра тое, чаго пазьбягаем, баімся і прагнем. Пра жыцьцё як танец, містэрыю і радасьць. Пра татальнасьць імгненьня, Будду, полы бамбук, Хрыста ды тысячу і адзін сэнс. Пра раньнюю птушачку, што сьпявае пра сэкс, пра каханьне і чакры, пра сьмех і пра творчасьць, пра дурняў сьвятых. Ператварыўшыся ў літары, словы ягоныя не закансэрваваліся і ня ссохлі. Яны, упітаўшыся ў беласьнежную паперу, засталіся імклівымі і цякучымі што гаючая крынічная вада.
Некалькі цытатаў ад Оша:
Кожная спроба «стаць» становіцца перашкодай, таму што ты ўжо носіш сваю істоту ў сябе унутры. Табе ня трэба нікім станавіцца – проста трэба ўсьвядоміць, хто ты.
Адкідваючы эга, ты адкідваеш увесь сьвет, які стварыў вакол яго. Упершыню ты можаш бачыць рэчы такімі, якія яны ёсьць, - не такімі, як табе хацелася б.
Сапраўдны мастак, вядома, думае пра татальнасьць, але ніколі не пра дасканаласьць. Ён хоча быць у гэтым татальна, вось і усё.
Оша З кнігі «Творчасьць. Вызваленьне нутраных сілаў»
Толькі пачуцьцё вывядзе вас за межы самога сябе – а вы так баіцеся адчуваць, вам так спакойна думаць і так страшна адчуваць… таму што адчуваньне вывядзе вас на свабоду.
Оша. З кнігі «Чалавек, які любіў чаек»
У сьвяты мы не стамляемся зычыць найкаштоўнейшага: шчасьця ды гармоніі. Ну, а па якіх сьцяжынках трапіць туды: праз хрысьціянства, будызм, Оша? Сьцяжын няма няправільных! Выбар, як заўжды, за чалавекам.
Для зацікаўленых:
Фота з сайту atmoravi.net