Дастопіць да Індыі. Цёплы восеньскі аўтаспын. Старт: візавыя гульні

Адматаць два гады па размеркаванні і ўзнагародзіць сябе новымі прыгодамі — рвануць аўтаспынам у Індыю. Кацярына Безмацерных і Аляксей Ілюшын цяпер рухаюцца ў бок індыйскай мяжы і дасылаюць прывітанні падарожнымі нататкамі. Generation.by пачынае публікацыю серыі дзённікаў пра прыгоды нашых на дарогах Грузіі-Арменіі-Ірана-Пакістана-Індыі.

Удзельнікі экспедыцыі «За тры моры»

 Аляксей Ілюшын : «Яшчэ ў раннім дзяцінстве я марыў пра невядомыя дарогі і таемныя прыгоды. Дзікія звяры, дзікія плямёны, неспазнаныя тэрыторыі. Як распавядае мама, я паглядзеў перадачу пра афрыканскія саванны і з адной геаграфічнай энцыклапедыяй у заплечніку, у хатніх пантофлях сабраўся ісці ў Афрыку. Аднак стэрэатыпны бацькоўскі менталітэт — вандруюць толькі вельмі багатыя людзі – неяк адсунуў мару ў далёкія куточкі свядомасці.

Але ж у юнацтве я адкрыў для сябе аўтастоп і высветліў, што падарожнічаць – гэта проста. І так захапіўся гэтым старажытным заняткам, што нават універ кінуў! Мая любімая частка свету Азія. А самае вялікае маё падарожжа — ад крайняй заходняй кропкі Азіі праліва Басфор у Турцыі да крайняй паўднёвай кропкі мыса Піяй у Малайзіі. Шлях, што змясціў у сябе 12 азіяцкіх краін і працягваўся крыху болей за год.

Ну, а цяпер — даехаць да Індыі і далейшае вывучэнне гэтай яркай, гасціннай часткі свету».

 Каця Безмацерных : «У 16-17 гадкоў, калі я здзяйсняла свае першыя падарожжы аўтастопам, з упіскамі і непрадказальнасцямі, “вольнае падарожжа” (дзякуй Антосю Кротаву за папулярызацыю гэтага слушнага наймення!) было найвялікшай прыгодай, святам.

У 26, як ні дзіўна, я ўсё яшчэ падарожніца-аўстопшчык. 10 гадоў вольнай дарогі! Цяпер яна, Дарога, хутчэй не свята, а — звычайнасць. І ўсё ж… прыемная звычайнасць і вельмі мая! Я стала больш папушчанай і навучылася не сумаваць па дому. Жыць у Дарозе, а не здзяйсняць святочныя вакацыі. Дарога – самадастатковая, загадкавая экзістэнцыя! Універ я скончыла, два гады размеркавання – адпрацавала. Вялікае Падарожжа – найлепшае скарыстанне той чароўнай свабоды, якую нарэшце атрымала: мы выпраўляемся ў Індыю! Быць дзяўчынкай з пляцаком – мая альтэрнатыўная прафесія)».

Ці апошняя кропка Індыя і чым увогуле ўсё скончыцца, мы не ведаем… З сабой у нас ёсць гарэлка і нэтбук (Божа, божа! Ад Сеціва не збяжыш!), зразумела, намёт, дыванкі і спальнікі.

Атрымаць візу Пакістана

Візы — агромністая, няпростая тэма, адначасова нудотная і займальная. Атрыманне візы — сапраўдныя прыгоды. Нават легендарны Рэрых з жонкай і дзецьмі правёў зіму на высокім тыбецкім перацягу, чакаючы добразычлівасці Далай-ламы і дазволу наведаць Краіну Снягоў.

Але ж — эпоха глабалізацыі! Дзяржавы і строгія межы між дзяржавамі куды больш умоўныя. Ды ўсё адно, нават у эпоху глабалізацыі, багата на Зямлі закрытых тэрыторый. І візу туды атрымаць — хітрая задачка, а часам дык зусім невырашальная. Атрымаць візу ў Афганістан сёння яшчэ можна, а вось у Саўдаўскую Аравію альбо ў Ірак наўрад ці.

Адной з неадназначных краінаў заўжды быў і Пакістан: тэрыторыя, штучна створаная ААН, каб вырашыць войны між індусамі-індуістамі і індусамі-масульманамі; суніцкая ісламская рэспубліка; радзіма Талібана; галаўны боль ЗША, што засяляе сюды галоўнае згуртаванне сусветнага тэрарызму. У Кашміры, па якім праходзіць лінія фронту паміж Пакістанам і Індыяй, то і справа бойкі.

У сталіцы сепаратысцкай правінцыі Белуджыстан Квеце здараецца найбольшая колькасць тэрактаў ува ўсім Пакістане. Ды і ў Пенджабе, Сіндзе і Ісламабадзе дзе-небудзь калі-небудзь абавязкова адбудзецца выбух. Сапраўды, часам сітуацыя тут нагадвае сумна вядомы Афганістан. Усё гэта не падымае прэстыж Пакістана на міжнароднай арэне. І ўсё ж месцамі гэтая краіна мірная і, вядома, цікавая: старажытныя гарады Мултан і Лахор, горы Гіндукуша з вялікай колкасцю народнасцей, старажытны будысцкі комлекс Тахт-і-Бахі... І хаця візу сюды атрымаць не так ужо і проста, турысты ў Пакістане з'яўляюцца і, канешне, найчасцей адтуль вяртаюцца — непашкоджанымі і здаровымі.

Дык вось… Пра візу Пакістана. Запрашэнне, даведкі пра заробак і 110 даляраў – тое, што нам неабходна.

Фірмы, якія робяць неабходныя запрашэнні, адразу адшукаліся. Але ж праз знаёмых мы выйшлі на пакістанца-русафіла з Карачы, здольнага адгукнуцца і дапамагчы. І Файзал (такое ў яго імя) дапамог.

Праўда, ні пячатак, ні пашпартных дадзеных асобы, што нас запрашае, на той найкаштоўнейшай для нас паперцы не было, што крыху пужала. Насуперак здаровай логіцы, там быў распісаны ўвесь наш маршрут з не надта гасціннымі і бяспечнымі абласцямі загадкавага Пакістана. І нават было ўказана, што з нашым выратавальнікам-русафілам мы незнаёмыя.

«Шцірліц атрымае незалік», — з'яўлялася падазрэнне. Аднак дарогі назад ужо не было: запрашэнне ў такім дзіўным выглядзе было выслана на факс амбасады. Наўздагон нашаму спрэчнаму запрашэнню мы паехалі ў Маскву: амбасады Пакістана ў Мінску няма. Праз уладальніка турыстычнай маскоўскай крамы, змайстравалі хлуслівую даведку аб прыстойным заробку. І нарэшце выправіліся па візу.


Перад паходам у пасольства пачуцці падобныя на перадэкзаменацыйныя. Мы былі нявыспаныя, нас крыху трэсла. Апаноўвала адчуванне поўнай хаўтуры і блізкага незаліку. Доўга марудзілі над анкетамі. Працаўнікі амбасады, за выключэннем шаноўнага спадара ў хвалюючым акенцы для падачы дакументаў, па-руску ўвогуле не размаўлялі. А ангельскай моваю мы so-so валодалі. На даведкі пра заробак быў кінуты хуткі позірк, але іх хутка адклалі ўбок. Нічога асабліва і не праверыўшы. Хоць пішы, што ты прэзідэнт Газпрома. А вось з запрашэннем узніклі пытанні...

Нам далі дзве гадзіны, каб атрымаць пашпартныя дадзеныя Файзала. Пабеглі ў Інтэрнэт-кавярню, даслалі ліст — без упэўненасці, што ён нас прачытае і выканае просьбу... О, у нас ёсць нумар яго мабільнага! Напісалі смс. І — о цуд! Файзал ператэлефанаваў! З плыні маўлення па-ангельску Лёша выхапіў, што пашпартныя дадзеныя ён нам высылаць не збіраецца і ўвогуле раіць адкласці падарожжа.

Мы ўзгадалі навіну, якую атрымалі прыблізна за дзень да прыхода ў амбасаду: у Пакістане забілі недзе ля дзесяці іншаземных альпіністаў з базавага летніку Нанга Прабат. Людзі ў паліцэйскай форме Пакістана проста вывелі іх з атэля і расстралялі. Эх, ну і час мы знайшлі для прыхода ў амбасаду! Магчымасць атрымання візы станавілася празрыстай зданню...

Зразумеўшы, што копіі пашпарта нам не дашлюць, мы, раненыя зверы, усё ж вырашылі змагацца да канца. Пакістанец у акенцы між тым злаваўся. Як ён можа ведаць, ці сапраўды нас нехта запрасіў? У запрашэнні ёсць толькі імя! Але ж мы адказвалі што наш Файзал — гэта зусім не нехта, а знаёмец самога консула. (Файзал насамрэч перасякаўся з пакістанскім консулам Зафарам Ікбалам у Ташкенце ў сярэдзіне дзевяностых). Акрамя таго, яму могуць патэлефанаваць і паразмаўляць з ім на ўрду. У выніку нам сказалі чакаць...

І вось мы сядзім, назіраем за жыццём у амбасадзе загадкавага Пакістана. Хвіліны ляцелі за хвілінамі, а потым усё вымяралася ўжо гадзінамі. Адносіны з часам цалкам у азіяцкім стылі!

Заходзілі розныя людзі па розных пытаннях. Жанчына ў міні-спадніцы з глыбокім дэкальтэ выклікала даволі стрыманую рэакцыю мужчынскага кантынгенту.

Прыйшоў нейкі «наш» мусульманін. Здаецца, азербайджанец.

Потым пакістанец з выдатнай рускай моваю: завітаў запісвацца на курсы.

Вялікая колькасць зайздросных пашпартаў з пакістанскай візай уражвала! Пры нас візы прыклеілі нават дзвюм незамужнім жанчынам.

Прыносілі і забіралі нейкія рэчы, руская сакратарка на дрэннай ангельскай мове перадавала ўсялякія паведамленні консула. Потым гучаў азан і працаўнікі амбасады ўздымаліся на другі паверх для здзяйснення намазу.

Мы глядзелі на гэтыя твары. І хаця былі нямоцныя ў практычнай этнаграфіі Пакістану, нам здавалася, што мы адрозніваем усе гэтыя народнасці. Вось вусаты, старэнькі чалавек-пенджабец. Яму на выгляд гадоў 60. Значыць, ён памятае усю невялікую гісторыю Пакістана. Вось чалавек ў аўганскага выгляду шырокіх нагавіцах і халаце.

Нарэшце Лёшу запрасілі ў пакой консула.

— Салям алейкум, спадар Зафар Ікбал! — прамовіў Лёша.

— А малейку васалам! Сядайце, — вельмі прыязная ўсмешка. Цісне руку. — Што вас цікавіць у Пакістане?

— Мне цікавая этнаграфія і прырода. Вельмі хачу ў горы Гіндукуша і Каракорума, даліну Хунза.

— А гісторыя вас не цікавіць?

— Ну, чаму ж? Вельмі хочацца наведаць калыску харапскай цывілізацыі Махенджадара, ды і Мултан з Лахорам я не проста так напісаў у анкеце.

— А што за чалавек, які даслаў вам запрашэнне?

Аляксей расплываецца ва ўсмешцы:

— Ды гэта ж ваш знаёмец, спадар консул! Памятаеце, вы з ім сустракаліся ў Ташкенце ў 1994 годзе. Яго каардынаты мне даў іншы Ваш знаёмец — спадар Абдула Пераседаў.

У консула на імгненне з'яўляецца выраз непаразумення на твары. Але гучыць тэлефонны званок. Ён падымае слухаўку, прамаўляе некалькі фраз на ўрду. І на твары яго — прамяністая ўсмешка!

— Добра, Аляксей! — ён цісне руку і просіць пачакаць выніку у холе на канапе. — Не хвалюйцеся, усё будзе добра! — падбадзёрвае.

Праз некаторы час выходзіць непрыязны спадар, які прымаў у нас дакументы. І просіць грошы на візу — 220 даляраў на дваіх. Кадук яго бяры, мы забылі грошы дома! Пачуваемся разведчыкамі, якія таленавіта адолелі ўсе цяжкасці, а потым праліліўшы гарбату на сябе, аблаяліся на роднай мове — і пракалоліся такім бязглуздым чынам!

Твар пакістанца ў акенцы — адначасова сумесь раздражнення і пагарды. Але ён хутка вярнуўся да былой абыякавасці і сказаў, што можна заўтра. Ды прагучала гэта так, што калі заплаціць зараз, то ёсць хоць нейкая верагоднасць паспяховага завяршэння, а вось заўтра…Толькі Алах ведае, што будзе заўтра.

Пачуваючыся поўнымі дурнямі, мы выйшлі на двор. Што ж... Будзем працягваць змагацца! Мы патэлефанавалі сябру і дамовіліся пазычыць грошай. Да закрыцця амбасады яшчэ заставалася дзве гадзіны. Слава Алаху, сябар аказаўся недалёка — і, стомленыя, усхваляваныя, мы яшчэ паспелі ў амбасаду.

Шаноўныя працаўнікі ўжо былі ў пуштунскіх вопратках, замест еўрапейскіх касцюмаў, і пілі гарбату. Аддалі грошы, нас папрасілі пачакаць некаторы час.

Прамінула пятнаццаць хвілін. Змрочны пакістанец працягвае нам два пашпарты. Мы ледзь не звальваемся назад у фатэлі. Відаць, у пашпартах пустыя старонкі і адмова без вяртання грошаў…

— Толькі не едзьце ў Пакістан цяпер, там жахлівая гарачыня, — гучаў голас пакістанца праз гудзенне ў вушах.

Няўжо?!.. У кожным нашым пашпарце — доўгачаканая, найкаштоўная віза і штамп, згодна якому нельга наведваць небяспечныя рэгіёны без згоды дзяржавы.

Рассыпаемся ва ўдзячнасцях, у вачах — слёзы. Мы атрымалі пакістанскую візу за адзін дзень! Але ж з такімі прыгодамі...

Каля маскоўскай станцыі метро «Маякоўская» адзін бомж выконваў гратэскны, экстатычны танец пад музыку, што даносілася з кафэшкі. А іншы з вінаватым выглядам і вачыма, поўнымі пакутаў пахмелля, працягваў мінакам капялюш, у якім звінела некалькі манет. Мы заўсміхаліся, кінулі яму ў капялюш купюру.

— Выпейце за нас, браты! Мы атрымалі пакістанскую візу! — апошнія словы былі досыць гучнымі і выклікалі позіркі-непаразуменні мінакоў. Мужычок-бомжык, здаецца, таксама нічога не зразумеў.

У поўным шчасці пайшлі ў будынак метрапалітэна. Наперадзе яшчэ дзве візы, але што яны ў параўнанні з пакістанскай?

Віза Ірана

Наконт візы Ірана асаблівых хваляванняў у нас не было. Для таго, каб завалодаць гэтай візаю, афіцыйна патрэбныя 20 еўра, запрашэнне і страхоўка.

Званок у амбасаду.

— Салам малейкум!

— Уа алейкум асалам! Што вы хацелі?

— Падаць дакументы на візу!

— А запрашэнне ў вас ёсць?

Лёша ўзгадвае сваё апошняе падарожжа па Таджыкістану без усялякай рэгістрацыі і стасункі з мясцовымі міліцыянтамі. Замест прамога адказу на пытанне ўвільваеш, рассыпаешся ў камліментах. І міліцыянт ужо не злосны суддзя, а...гасцінны гаспадар, які прапануе паесці шурпу і выпіць гарбаты з праснаком.

— Не, — смела адказвае Лёша іранцам. — Але ў нас ёсць віза Пакістана. Такі нелагічны адказ, як ні дзіўна, дзейнічае. Апасля секунднае паўзы ў слухаўцы гучыць:

— Прыходзьце!

Амбасада Ірана ў Мінску знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Калініна і Кузьмы Чорнага. Яе адразу заўважаеш па іранскім сцягу. У сціплым пакойчыку консульскага аддзелу сядзела адна толькі модная іранка ў турэцкай хусцы, еўрапейскім джынсах і чаравіках на высокім абцасе.

Бярэм дзве анкеты па-руску, прадубляваныя на фарсі. Дарэчы, у іранскай амбасадзе, у адрозненні ад пакістанскай, усе цудоўна валодаюць рускай мовай. Запоўнілі анкеты, паглядзелі буклет з фотаздымкамі Персеполіса.

— І не баіцеся ў Пакістан ехаць? Як доўга будзеце ў Іране? — дзяжурныя пытанні з акенца. Па адчуваннях яны гатовыя былі даць візу і больш, чым на месяц, і двухразовую, і «мульцік». Усё, што ў нас папрасілі, дык гэта страхоўку на час знаходжання ў Іране, якую можна аформіць альбо ў іх за 15 еўра, альбо зэканоміць і ў якой-небудзь страхавой агенцыі даляраў за 7 (што мы і зрабілі).

Афіцыйна паведамляем: ніякіх падводных камянёў у атрыманні іранскай візы ў Мінску знойдзена не было! І ў хуткім часе мы шчасліва завалодалі іранскімі візамі. І аказаліся іранскія візы гэткімі прыгожанькімі. З мудрагелістымі арабскімі літаркамі, з нашымі фотаздымкамі, вадзянымі знакамі і галаграфічнай мапай Ірану.

Па візу Індыі – з ганаровай тэчкай

Патрабаванні, указаныя на сайце амбасады Індыі, нам здаліся цалкам дурацкімі. Бронь авіябілету! Пацвярджэнне грашовых сродкаў: 50 даляраў на дзень! Улічваючы, што мы прэтэндавалі на паўгадавую візу, не цяжка падлічыць, што нам трэба было прад'явіць на дваіх выпіску з банкаўскага рахунку на суму больш, чым 18 тысяч даляраў!

У надзеі, што злосныя патрабаванні мы зможам абскакаць, прыйшлі ў пасольства. Чалавек па той бок брамы не толькі не развеяў інфу, але і яшчэ болей спужаў. Паведаміў, што нават калі мы збяром усё патрэбнае, больш, чым на месяц, візу мы не атрымаем. Бо Лёша едзе ў Індыю ўсяго ў першы раз. Мы, аднак, дазволілі сабе засумнявацца ў «каменнасці» гэтых абавязковасцей. Як у любым азіяцкім консульстве, трэба гандлявацца!

«У Азіі могуць пракаціць і сыграць вызначальную ролю любыя паперкі, любыя штампы», — узгадалі мы Антона Кротава.

Ну, а сціпласць – гэта вораг! І Лёша хутка змайстраваў дарожную грамату, у якой паведамлялася, што мы сябры вялікай азіяцкай экспедыцыі «Новае хаджэнне за тры моры». Ідзем па слядах Афанасія Нікіціна. За плячыма ў нас шэраг іншых вялікіх экспедыцый і шэраг публікацый. Кацінай начальніцай гэтая ці то дарожная грамата, ці то фількіна грамата з сумненнем, але ж была зацверджаная пячаткай выдавецтва. Іншая папера была прыгатаваная ад Generation.by: Кацярына – слаўны пазаштатны карэспандэнт! Яшчэ мы прыклалі Каціны папярэднія публікацыі пра падарожжы, у тым ліку і нататкі пра Індыю, абнародаваныя колісь у газеце «Наша ніва». У Аляксея публікацый не было, аднак ён праявіў фантазію і раздрукаваў дастаткова прэтэнцыёзны набор фотаздымкаў: смелы падарожнік у шматлікіх кутках зямнога шара. І ў юрце кіргізаў, і ў падножжа Цянь-Шаня, і ў Элістынскім хуруле ля малітоўных барабанаў. Слаўны Аляксей з карэнскім племенем доўгашыіх жанчын, з турэцкімі дальнабойшчыкамі і таджыкскімі дзецьмі…

З займальнай тэчкай прыйшлі ў амбасаду. І тут высветлілася, што справу мы будзем мець не з расслабленымі азіятамі, а з напружанай беларускай прадстаўніцай бюракратычнай сістэмы. Занурацца ў нашыя слаўныя, ганаровыя паперы яна не стала, толькі ўпэўнена паўтарала, што ёй патрэбныя авіябілеты і даведка пра даходы. І, акрамя ўсяго іншага, канчаткова расстроіла нас, паведаміўшы, што для супрацоўнікаў СМІ консульскі збор складае не 40, а 80 даляраў. Нашы ж крэатыўныя паперы мы можам перадаць консулу: магчыма, ён іх пачытае.

І пачалася эпапея з займаннем грошаў і адкрыццём банкаўскіх рахункаў. За гэты час мы прачыталі на форуме, што строгая гэтая цётка там ужо даўно – і пры цяперашнім, і пры мінулым консуле. І, здаецца, менавіта яна ў першую чаргу вырашае, каму даваць візы, а каму не, прымаючы ці не прымаючы дакументы. І шаноўны спадар консул толькі свой подпіс ставіць.

У індыйскую амбасаду нам давядося завітваць не адзін раз: то цётку не задавальняла адна бронь на дваіх, то векселя. Аднак упартае змаганне завяршылася: нарэшце нашыя дакументы прынялі, паведаміўшы, аднак, што мара з паўгадовай віза наўрад ці спраўдзіцца, і выдадуць нам трохмесячную. Але… Цётка зрабіла паўзу і дадала, што канчатковае рашэнне прымае консул. Зрэшты, з яе тону было зразумела, што рашэнне ўжо прынятае.

Праз тры дні мы забралі пашпарты: візы прадказальна на тры месяцы, пачынаюць дзейнічаць з моманту атрымання. Ох… Такім чынам, мы мелі ўсяго тры месяцы для наземнага падарожжа да Індыі.

Што ж, прыйдзецца скарачаць Грузію і Арменію…Па разліках Аляксея, на момант уезда ў Індыю мы будзем валодаць усяго адным тыднем. І трэба яго будзе скарыстаць на дасягненне мяжы з Непалам.

Непальскую візу мы атрымаем непасрэдна на мяжы. А ў Катманду працягнем нашыя нудотныя і займальныя візавыя гульні ды будзем падавацца на доўгачасовую індыйскую візу.

Працяг падарожных нататак неўзабаве. 



comments powered by Disqus
 
In 0.0549 seconds.