Вялікія аўтаспынныя адкрыцьці Антона Кротава
Калі вы думаеце, што час вялікіх вандровак і адкрыцьцяў сышоў у нябыт, вы мала ведаеце пра сучаснасьць. Бо сярод нас жыве ня мала людзей, якія кожнае лета па-новаму адчыняюць мясьціны нашай цудоўнай плянэты. Яны пускаюцца, як з першага погляду падаецца, у зусім бязглуздыя вандроўкі, маючы мінімальную колькасьць грошаў, ведаючы шэсьць словаў кожнай мовы краінаў са свайго прыкладнага маршруту, ды вялікую прагу да прыгодаў і адкрыцьцяў, прынамсі для самога сябе, а можа і для людзей, з якімі яны сустрэнуцца на шляху.
Вольныя вандроўкі
Вольныя вандроўкі – так завецца захапленьне вялікай колькасьці рамантыкаў з розных краін былога СССР. Вольныя вандроўкі – не абавязкова аўтаспын, нават не баржаспын ці электрацыяспын. Сярод практыкаў вандровак вядомыя і “самаходныя” паходы на вялікія адлегласьці і проста пражываньне на адным і тым жа месцы на працягу некалькіх год, раптоўнае зрываньне зь месца ды пераадоленьне тысяч кілямэтраў за некалькі тыдняў.
Гэта і пяцігадовая вандроўка па поўначы Расеі да самай яе ўсходняй часткі – гораду Ўэлен – каб зладзіць у ім свае вясельле.
Гэта запыленая Афрыка, гэта сьпякотныя джунглі Індыі, гэта ўвесь сусьвет, які такі блізкі і зразумелы для чалавека, які мае ў сябе запал і жаданьне, пэўную колькасьць бесшабашнасьці і часу.
Адзін з заснавальнікаў і нязьменны прэзыдэнт (як гучыць!) клюбу Акадэміі вольных вандровак (АВВ) Антон Кротаў ласкава згадзіўся правесьці на мінулым тыдні ў Менску лекцыю, дзе і паведаміў аб сваім захапленьні і прафэсіі, аб прыгодах і далейшых плянах.
Аўтаспын як мэтад спазнаньня дабрыні і навакольнага сьвету
АВВ была заснаваная ў далёкім 1995 годзе, калі тэрмін аўтаспын толькі ўваходзіў у лексыкон. Большасьць людзей бачыла ў гэтым спосабе пераадоленьня бяскрайніх абшараў іх радзімы банальную прагу да халявы. Але Кротаў разам з паплечнікамі ўбачыў у аўтаспыне волю, адкрытасьць сьвету і магчымасьць для яго спазнаньня.
За гэты час прадстаўнікі АВВ пабывалі ці не ў кожнай краіне нашага кантынэнту, да якой можна даехаць на хоць якім транспарце. Чаго толькі каштуе вялікі шлях дзьвюх пэнсіянэрак у Сірыю, ці іракскія, аўзганістанскія шляхі Кротава і яго сяброў, жыцьцё на працягу некалькіх тыдняў у адной зь вёсак ваюючага зараз з Этыёпіяй Судана.
Дарэчы, па меркаваньню гэтых людзей, усе дэспатычныя рэжымы, якія не даюць візы на ўезд вольным вандроўнікам, асуджаныя на хуткі канец. І як прыклад прыводзяць ісламісцкі рэжым Аўганістана ці крывавую Хусэйнаўскую дыктатуру. Такім чынам, на нашай плянэце хутка не застанецца ня толькі ніводнай краіны, дзе б не пабывалі прадстаўніка АВВ, але ж і ніводнага дэспатычнага рэжыму.
Такі аднолькавы сьвет
Сотні тысяч пераадоленых кілямэтраў далі вялікую колькасьць ведаў пра людзей, цывілізацыю, нават дазволілі ўбачыць пэрспэктывы чалавецтва. Як высьвятляецца, яны даволі туманныя, бо сьвет, па словах спадара Кротава, імкліва “аднолькавее”, ператвараецца ў стандартны набор сучасных сродкаў камунікацыяў. Сярод іх асаблівае зло нясе тэлевізар, бо нічога добрага пра тую краіну, дзе ты жывеш, па ім пачуць нельга. З-за гэтага і ўзьнікаюць дэпрэсіі і непаразуменьні паміж народамі.
Але ж на пытаньне аб тым, дзе людзі жывуць шчасьлівей за ўсіх, Кротаў адказвае проста: там, дзе па тэлебачаньні кажуць, што людзі жывуць добра. І чым больш людзям гэта кажуць, тым больш шчасьлівымі яны сябе адчуваюць. Такім чынам, калі па ТV кажуць пра нейкую “дрэнную” краіну, трэба кідаць усе справы і ехаць у яе, бо толькі там пашчасьціць убачыць нешта экстраардынарнае.
Вялікім расчараваньнем вольных вандроўнікаў стала амаль поўная адсутнасьць небясьпекі з боку прыроды: зь дзікіх жывёл на волі жывуць толькі камары, а такі від нашай расы, як “гопнікі” ёсьць нават у Этыёпіі, але ж калі да іх ставіцца добра, яны будуць саромецца праяўляць сваю гопнасьць.
"Бясплатна, можна, наўпрост, есьці, спаць, тут"
Паводле досьведа Антона Кротава, у любой частцы сьвету можна знайсьці людзей, якія гатовыя дапамагчы, прычым зусім бясплатна. Дастаткова ведаць шэсьць “магічных” словаў, якія дазволяць вам патрапіць куды заўгодна і зразумець усё, што патрэбна, нават калі вы дакладна не ведаеце назву мовы, на якой гаворыць ваш субяседнік. Але даведнікі турыстаў чамусьці ніколі не скажуць іх вам.
Такім чынам, калі перад вамі спынілася машына, і кіроўца кажа нейкія незразумелыя рэчы, вы проста гаворыце “можна, бясплатна, наўпрост”. Кіроўца можа выказаць сваё незадаволеньне вашымі словамі, значыць, ці “ня можна, ці не бясплатна, ці не наўпрост”.
Але есьць некаторыя нацыі, якія занадта карысьліва ставяцца да жыцьця. Сярод бяскрайніх стэпаў Манголіі вас з лёгкасьцю могуць пакінуць чакаць наступную машыну яшчэ суткі, калі вы не маеце грошаў. А этыёпы з такой жа лёгкасьцю могуць кінуць свае заняткі, калі ўбачаць іншаземца, які верагодна можа даць грошаў. Дзеля атрыманьня нечага каштоўнага этыёпы ўсіх узростаў здольныя прастаяць каля вас на працягу сутак.
Такім чынам, нават забыўшыся пад час збораў у чарговую вандроўку на грошы, вы безумоўна трапіце туды, куды жадаеце. Калі вам адмовяцца дапамагаць добрыя людзі, можна адчуць сябе вялікім бізнэсмэнам і паспрабаваць прадаць мясцовым жыхарам што-небудзь непатрэбнае. Досьвед паказвае, што прадаць можна ўсе што заўгодна, пачынаючы ад цёплых шкарпэтак у Індыі і сканчаючы ўласнымі кішэнямі.
Антона Кротава можна лічыць шчасьлівым чалавекам, бо ён займаецца справаю, якая ня толькі прыносіць яму задавальненьне, але і некаторыя сродкі для існаваньня. Самыя яркія ўражаньні ад вандровак ён укладае ў свае кніжкі, якія з посьпехам разыходзяцца сярод такіх жа як і ён рамантыкаў.
Ужо наступным летам Антон плянуе наведаць Лаос і Малайзію, а калі пашанцуе, дабрацца да Інданэзіі, аб чым безумоўна распавядзе менчукам пад час свайго наступнага візыту ў нашу краіну.