Фэстываль «Be Free»: львоўская свабода ў беларускім кантэксьце

Музычны фэстываль «Be Free» прайшоў 9–10 жніўня ва ўкраінскім Львове. Другі год запар Украіна прымае фэст беларускай музыкі, які накіраваны перш за ўсё на беларускіх гледачоў. Летась геаграфічна бліжэйшы да Беларусі Луцк прымаў «Права быць свабодным». Цяпер, зьмяніўшы назву, узмацніўшы музычную праграму і падабраўшы лепшы час для правядзеньня імпрэзы, арганізатары здолелі зацікавіць пэўную частку беларускіх і ўкраінскую гледачоў.

­

Хэдлайнэрамі на фэстывалі выступілі ўкраінскія гурты — «Гайдамакі» і «Тартак». Але і яны не сабралі вялікую колькасьць гледачоў, што можна патлумачыць слабой рэклямай ва Украіне і «гарачым» вакацыйным сэзонам у асноўнай аўдыторыі — студэнтаў.

Ганаровае званьне наведвальніка «Be Free» атрымаць было зусім нялёгка. Дзеля гэтага трэба было праехаць каля 700 кілямэтраў, у тым ліку разьбітых украінскіх дарог, вытрымаць неверагодны дождж у першы дзень фэсту і скласьці стратэгічны плян адступленьня на тэрыторыю Беларусі ва ўмовах прадказальнай адсутнасьці квіткоў на цягнік да Менску.

Ну все, москалику, ти приїхав!

Намётавае мястэчка для гледачоў паўстала даволі далёка ад галоўнай сцэны горада. Маляўнічае суседзтва з могілкамі выклікала ў беларусаў асацыяцыі з украінскімі показкамі:

«Ну все, москалику, ти приїхав!» — жартавалі, гледзячы на сьвежыя месцы пад труны, беларускія гледачы, якія толькі трапілі на захад Украіны.

9 жніўня: галоўная сцэна 

Першы дзень фэсту пачаўся з выступу маладых гуртоў, якія былі адабраныя па выніках адмысловага конкурсу «Еўрарадыё». Іх выступ памылкова характарызавалі як конкурс, але адна з арганізатараў фэсту Марыя Садоўская зазначыла:

«Калі вы паглядзіце на склад удзельнікаў, то зразумееце, што выступ на адной сцэне з заяўленымі гуртамі ўжо зьяўляецца ўзнагародай».

«Гайдамакі», якія закрывалі першы дзень фэсту, былі вартыя таго, каб спэцыяльна прыехаць на іх выступ. Але атрымаць неверагодную асалоду ад іх праслухоўваньня здолелі ня ўсе гледачы: моцны дождж разагнаў большасьць наведвальнікаў, пакінуўшы багата месца для тых, хто быў гатовы прамокнуць да майткоў дзеля гайдамацкага intelligent punk rock.

Акрамя беларускіх і ўкраінскіх, на фэст завітала некалькі польскіх гуртоў: «Metanoia» і «Rockaway», а таксама, у якасьці эўрапейскай разынкі, францускі гурт «Vladivostok». Апошні завёў гледачоў сваім тэмпэрамэнтам і імпэтнай танцавальнай праграмай музыкаў.

Парадаваў беларускіх фанаў і гурт «Zet», які не даехаў тры тыдні таму да Басовішча.

10 жніўня: фолькавы канцэрт у старым горадзе і закрыцьцё фэсту 

Другі дзень абышоўся без перашкод прыроды. На галоўнай плошчы Львова — Рынку — паўстала малая сцэна фэсту. Музыка тут мела фолькавы ўхіл. Гэта, а таксама блізкасьць галоўных гістарычных аб’ектаў горада, вялікай колькасьці турыстаў і добра падабраны склад выступоўцаў стварылі файную атмасфэру ля другой сцэны. Таму, нягледзячы на пачатак выступаў на галоўнай, рокавай сцэне, з Рынку сыходзіць зусім не хацелася.

Галоўная сцэна прэзэнтавала гэтым разам мэтраў беларускага року: «Крама», «Neuro Dubel» і «ULIS». Апошніх, як адзначыў вядоўца канцэрту Аляксандр Памідораў, «можна пачуць зусім нячаста».

Завяршыў фэст гурт «Тартак», які добра вядомы і ў нашай краіне. Вядомы да такой ступені, што адна з песень «Тартак» «Я не хочу» была без санкцыі гурта перакладзена на беларускую мову рэпэрам Кровам, пасьля чаго ўжо пад назвай «Я не хочу» стала вельмі папулярнай у Беларусі. Таму лідэр гурта Сашко Палажынскі выканаў яе ў беларускім варыянце, пакінуўшы нават радкі «Тут Кроў!», што гучала з вуснаў украінскай зоркі даволі дзіўна.

Амбітная ўкраінская альтэрнатыва найбольш вядомаму беларускаму фэстывалю «Басовішча», які ўжо 19 год праходзіць ля беларускай мяжы ў Польшчы, не зьбіраецца па словах арганізатараў канкураваць з больш старым і вопытным фэстам. Але такая канкурэнцыя зараз ня мае сэнсу: месца ў беларускай музыцы хопіць усім.

Фота з Be Free

Фэст Be Free

Фэст Be Free

 

Фэст Be Free

 

Фэст Be Free

Фэст Be Free

Фэст Be Free

Фэст Be Free

Фэст Be Free

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.