The Hospitality Сlub - Клюб Гасьціннасьці

«Шмат месца не займаю, аддзячу чым змагу». Што б вы адказалі на такі просты ліст ад невядомага? Для сяброў адной з самых цікавых сеціўных суполак The Hospitality Сlub адказ відавочны: «Прыяжджай!» 

Вясёлая рознакаляровая кампанія завальвае ў вагон мэтро. Мовы паловы краін Эўропы зьліваюцца ў адну вялікую плынь. Удзельнікі менскай сустрэчы The Hospitality Сlub вяртаюцца з фаершоў, што ладзілася прадстаўнікамі беларускай часткі клюба. Замежнікі шчасьлівыя: ім пашэньціла зусім выпадкова трапіць на вогненнае шоў, паглядзець Менск, ды, што самае галоўнае, уладкавацца на ноч ва ўдзельнікаў клюбу Гасьціннасьці. 

Менавіта так, «Клюб Гасьціннасьці», перакладаецца назва аднаго з самых вядомых сярод аматараў танных вандровак сайта ў інтэрнэце hospitalityclub.org. Праўда, гэта даўно ўжо ня проста сайт, а вялікае кам’юніці, удзельнікаў якога можна сустрэць амаль у кожнай краіне сьвету. Сярод 264 тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў з 217 краін, уключна з новымі сябрамі з Манака і Грэнляндыі, можна сустрэць як студэнтаў, так і прафэсараў, як хатніх гаспадынь, так і пэнсіянэрак, якім не сядзіцца дома. Ці наадварот, сядзіцца, але ж бачыць новых людзей, праяўляць гасьціннасьць – усё гэта прыносіць ім сапраўднае задавальненьне.

Ідэя стварэньня сайта, якая зьявілася ў нямецкага студэнта Вэйта Кюхнэ (Veit Kuehne) у 2000 годзе, зьдзіўляе сваёй простасьцю і геніяльнасьцю. Людзі рэгіструюцца і дапамагаюць вандроўнікам, якія прыяжджаюць у іх гарады, робяць экскурсіі па гораду, дапамагаюць атрымаць інфармацыю пра вандроўку ды прадстаўляюць бясплатнае жыльлё.

«Выкарыстоўваючы Сеціва, вы можаце сустрэць новых сяброў і застацца бясплатна ў іх дома ў любой частцы сьвету», – кажа  Кюхнэ.

Сяброўства ў клюбе бясплатнае. The Hospitality Club некамэрцыйная арганізацыя, таму яна трымаецца за кошт валянтэрскай працы энтузіястаў па ўсім сьвеце ды рэкляме на сайце.

«Bringing people together» – за даволі абстрактным дэвізам сайта хаваецца празаічнае імкненьне ня даць загінуць сучаснаму Магелану ў гарадзкіх джунглях ці на далёкіх вясковых дарогах. Саша, адзін з 430 менскіх «мэмбераў» і, па сумяшчальніцтву, валянтэр, вельмі часта атрымлівае просьбы дапамагчы розным людзям з усіх канцоў сьвету. Большасьць вандроўнікаў, якія карыстаюцца паслугамі The Hospitality Club – ня вельмі заможныя студэнты, якія з-за сваёй прагі да прыгодаў ды неардынарнага пазнаньня сьвету выкарыстоўваюць аўтаспын як галоўны сродак перамяшчэньня паміж гарадамі. Пад гэты партрэт сярэдняга мэмбера вельмі добра падпадае і сам Саша. Сёньня ён дапамагае знайсьці месца для начлегу сямі студэнтам зь Літвы, сярод якіх ёсьць і гішпанцы, і палякі, і латышы.

Адна з удзельніцаў гэтай шматнацыянальнай групы, Iнга, кажа, што знайшла Сашу праз Hospitality:

«Гэта мая першая спроба знайсьці сяброў у іншых краінах з дапамогай клюбу. Я даслала толькі два лісты з просьбай аб дапамозе, і на ўсе адразу ж адказалі людзі, якія згадзіліся дапамагчы!» – зьдзіўляецца  Iнга. «Сёньня мы ночым у Менску, а ўжо заўтра едзем у Баранкі, дзе адзін з удзельнікаў клюбу ладзіць канцэрт. У вас вельмі гасьцінныя людзі!» – канстатуе яшчэ не зусім дакладна ведаючая назву наступнага пункту ваднроўкі латышка.

Больш вопытны ўдзельнік клюбу, паляк Юрка, упэўнены, што гасьцінныя людзі ёсьць паўсюль. Ён ужо трэці год тусуецца на сайце, ходзіць на сустрэчы сяброў, езьдзіць па сьвеце ды прымае гасьцей. Апошняя яго вандроўка аўтаспынам у Афрыку праз Марока (!) і Сенегал дала магчымасьць пазнаёміцца з афрыканскімі мэмберамі, якіх на зьдзіўленьне апынулася даволі шмат.

Ужо колькі год прымаючы новых гасьцей з розных куткоў плянэты, Юрка зусім не турбуецца ні за сваю бясьпеку, ні за ўзаемаразуменьне паміж прадстаўнікамі розных культур.

«Інтэрнэт вырашае пытаньне камунікацый, ангельская мова вырашае пытаньне ўзаемапаразуменьня»,  – кажа ён.

Пытаньне бясьпекі дапамагае вырашыць сыстэма водгукаў на сайце ды праверка пашпартных дадзеных пры рэгістрацыі. Дапамог якому студэнту з Украіны, паказаў горад, пасяліў на ноч – атрымліваеш пазытыўны водгук ад чалавека. Чым больш водгукаў, тым больш верагоднасьць, што табе дапамогуць іншыя людзі.

«Галоўнае – правільна разумець, куды ты насамрэч жадаеш патрапіць, – гаворыць Юрка. – Калі ты чапурысты амэрыканец і не жадаеш паліць траву разам зь якімі-небудзь мясцовымі італьянскімі хіпі, табе трэба лепей зьвяртаць увагу на профіль чалавека, да якога ты зьбіраесься ехаць (профіль з фотаздымкам і асноўнай інфармацыяй пра сябе мае кожны сябар клюбу – аўт.). Тым больш на сайце можна знайсьці згуртаваньне на любы смак: ад супольнасьці арнэтолягаў да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. Аднак незадаволеных карыстальнікаў клюба я яшчэ не сустракаў».

Бліжэйшая мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары клюбу – пашырэньне колькасьці сяброў да аднаго мільёна. І, гледзячы па дынаміцы далучэньня ды ўзрастаючай колькасьці жадаючых вандраваць і сустракаць новых людзей, The Hospitality Club хутка дасягне сваёй мэты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.