Унівэрсытэты хаваюць ад абітурыентаў кошты на навучаньне, каб выканаць плян набору

Да сканчэньня набору на платныя аддзяленьні ўнівэрсытэтаў засталося 9 дзён, але кошты навучаньня на наступны год дагэтуль не абвешчаныя. Адзінае, што кажуць абітурыентам і іх бацькам: цэны дакладна вырастуць.

Кошт на адукацыю ў БДУ
Па некаторай інфармацыі, з 1 верасьня 2012 году студэнты БДУ будуць плаціць на 10% болей, чым раней

Неназваныя крыніцы ў неназваных унівэрсытэтах кажуць, што кошты на адукацыю могуць вырасьці і на 29%. Падвышэньні ад 1 верасьня ўжо ўзгодненыя зь Міністэрствам адукацыі. Аднак ВНУ не жадаюць казаць новыя лічбы абітурыентам:

«Гэта адпудзіць ўсіх абітурыентаў, якія падаюць дакумэнты на платнае аддзяленьне. Нам яшчэ трэба выканаць плян набору-2012», — заявілі interfax.by у рэктараце аднаго зь беларускіх ВНУ.

«На адной з апошніх нарад з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Беларусі прагучала інфармацыя, што дзяржаўныя ВНУ з 1 верасьня 2012 года могуць падняць кошт навучаньня для студэнтаў-платнікаў максымум на 29%», — заявіла іншая неназваная крыніца ў ВНУ.

У Міністэрстве адукацыі не пракамэнтавалі гэтыя чуткі. Аднак адзначылі, што падвышэньне на 20% магчымае.

Падвышэньне коштаў на адукацыю звыкла тлумачаць ростам заробкаў бюджэтнікаў. Тарыфную стаўку першага разраду, ад якой залежыць і заробак выкладчыкаў, у краіне ўздымуць з 1 жніўня і ў кастрычніку.

«Калі мы не падымем кошты на навучаньне зараз, то потым гэта прыйдзецца рабіць некалькі разоў. Мы ня можам працаваць сабе ў страту, зарплату выкладчыкам трэба плаціць своечасова», — заявілі ў іншым неназваным ВНУ.

Апошні раз кошты на адукацыю ў беларускіх ВНУ расьлі ў чэрвені — тады іх узьнялі на 5%. Да гэтага тарыфы вырасьлі ў лютым (на 29%), у лістападзе 2011 г. (у сярэднім на 20–25%). Да гэтага іх уздымалі ў жніўні і ўвесну мінулага году, а таксама ў студзені 2011 году.

Адукацыйныя кошты ў беларускіх ВНУ узьняліся ў параўнаньні з чэрвенем 2011 году на 90.1%, а з пачатку 2012 году на 34.4%. Гэта адзін з самых значных ростаў індэксу цэнаў сярод тавараў і паслугаў, за якімі сочыць Белстат. Хутчэй за адукацыйныя з пачатку года вырасьлі толькі тарыфы на водазабесьпячэньне і абслугоўваньне ў санаторыях.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0641 seconds.