Адукацыя ў Беларусі даражэе хутчэй за цыгарэты

Адукацыйныя кошты ў Беларусі працягваюць ставіць рэкорды. Новыя дадзеныя Белстату яшчэ раз нагадваюць аб незайздросным становішчы студэнтаў-платнікаў: за год у сярэднім яны сталі плаціць на 90% болей. Пры гэтым Мінадукацыі не хавае: цэны і надалей будуць расьці.

Адукацыйныя кошты ў беларускіх ВНУ узьняліся ў параўнаньні з чэрвенем 2011 году на 90.1%, а з пачатку 2012 году на 34.4%. Гэта адзін з самых значных ростаў індэксу цэнаў сярод тавараў і паслугаў, за якімі сочыць Белстат. Хутчэй за адукацыйныя з пачатку года вырасьлі толькі тарыфы на водазабесьпячэньне і абслугоўваньне ў санаторыях. Аб гэтым кажуць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту.


Дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту

Да прыкладу, калі з чэрвеня 2011 г. студэнты сталі плаціць на 90.1% болей, то за той самы час цыгарэты ў Беларусі падаражэлі на 55.8%, вопратка — на 67.3%, а тарыфы ў сярэднім — на 56%.

Болей за вышэйшую адукацыя ў Беларусі падаражэлі за той самы час толькі мэдыцынскія і санаторна-аздараўляльныя паслугі, прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі і плата дашкольным установам.

Апошні раз кошты на адукацыю ў беларускіх ВНУ расьлі ў чэрвені — тады іх узьнялі на 5%. Да гэтага тарыфы вырасьлі ў лютым (на 29%), у лістападзе 2011 г. (у сярэднім на 20–25%). Да гэтага іх уздымалі ў жніўні і ўвесну мінулага году, а таксама ў студзені 2011 году.

Рост адукацыйных тарыфаў у тры разы абганяе інфляцыю

Звычайна рост адукацыйных коштаў тлумачаць падвышэньнем тарыфнай стаўкі першага разраду. Вядома, што гэтую велічыню, ад якой часткова залежаць заробкі выкладчыкаў, зьменяць у гэтым годзе яшчэ мінімум двойчы, і першы раз ужо ў жніўні. Гэта значыць, што падвышэньня коштаў варта чакаць ужо да верасьня.

Характэрна тое, што ўступная кампанія фактычна падыходзіць да завяршэньня: усе іспыты ЦТ здадзеныя. А адукацыйныя цэны на наступны год дагэтуль не абвешчаныя ўнівэрсытэтамі. Студэнты вымушаныя выбіраць ВНУ у спадзеве, што плата будзе ўзьнятая нязначна. Хаця для кагосьці, мабыць, верасьнёўскае падвышэньне коштаў стане поўным сюрпрызам.

Аб яго маштабах можна меркаваць па зьвестках аб новых цэнах у Берасьцейскім унівэрсытэце. Гледзячы па ўсім, студэнты новага набору будуць плаціць за адукацыю ў Берасьці столькі ж, колькі цяпер плацяць першакурсьнікі юрфаку БДУ.

Тэндэнцыя першай паловы году кажа аб сумных пэрспэктывах для гаманцоў студэнтаў і іх бацькоў: адукацыйныя тарыфы абагналі інфляцыю за гэты пэрыяд у тры разы (10.5%). Урад разьлічвае ўтрымаць гадавую інфляцыю на ўзроўні 19–22%. Ці варта чакаць пры такіх плянах падвышэньня адукацыйных тарыфаў яшчэ на 30% у параўнаньні з пачаткам году?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.