Унівэрсытэты ўзьнялі кошты адукацыі яшчэ на 5%

Кошт на адукацыю ў БДУ

На разьвітаньне перад летнімі вакацыямі ўнівэрсытэты падарылі студэнтам сюрпрыз: чарговае падвышэньне коштаў на адукацыю. Гэтым разам, праўда, яно закране ня ўсіх.

Камісія па пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаўтварэньня пры Савеце міністраў падтрымала прапанову Міністэрства адукацыі аб павелічэньні з 1 чэрвеня кошту навучаньня ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі. Аб гэтым паведамляе прэс-служба Мінадукацыі.

Падвышэньне мусіць скласьці «ня болей за 5%». Цяпер «задняй датай» студэнтаў абавяжуць даплаціць каля сотні тысячаў рублёў за навучаньне, якое ўжо практычна скончанае.

Гэта зьмяненьне кошту не закране студэнтаў выпускных курсаў. Тым больш, запатрабаваць ад іх дадатковыя сродкі ня так і лёгка: многія ўжо абаранілі дыплёмы.

Цяпер студэнты самых прэстыжных спэцыяльнасьцяў БДУ, юрфаку, факультэту міжнародных адносінаў, гуманітарнага і эканамічнага факультэту і іншых будуць замест 12 мільёнаў плаціць па 12.7 мільёнаў у год. З наступнага ж навучальнага году кошты могуць зноўку вырасьці. На гэта ня раз намякаў міністар адукацыі.

Некалькі тыдняў таму ўнівэрсытэты ўжо спрабавалі ўзьняць кошты на навучаньне. Як заўжды, задняй датай, з 10 траўня. Тое падвышэньне, ужо чацьвёртае за апошні год, сталася поўнай нечаканасьцю з улікам абяцаньняў міністра адукацыі Сяргея Маскевіча не падвышаць плату за навучаньне да 1 верасьня.

Аднак празь некалькі дзён касы ВНУ адмовіліся прымаць даплаты ад студэнтаў: Мінадукацыі адмяніла, верагодна, уласнае ж рашэньне. Цяпер яно зноўку зацьверджанае, але гэтым разам на ўзроўні Савету міністраў. Студэнты «адваявалі» 21 дзень старых коштаў. Без вайны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.