Новае падвышэньне аплаты за адукацыю

Нягледзячы на абяцаньне міністра адукацыі не ўздымаць плату за навучаньне ў гэтым навучальным годзе, буйнейшыя ўнівэрсытэты краіны БДУ, БНТУ і БДУІР абвясьцілі аб ужо чацьвёртым за апошні год падвышэньні аплаты за адукацыю задняй датай. Адукацыйныя кошты вырастуць на 400–500 тысячаў.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт падняў кошты навучаньня з 10 траўня. У залежнасьці ад спэцыяльнасьці і формы навучаньня, кошт павялічваецца на 3–5%. На 5% узьнялі кошты ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце. Аб гэтым паведамляе interfax.by.

Вырасьлі кошты і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Кошт навучаньня для першакурсьнікаў дзённай формы навучаньня самых папулярных факультэтаў інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня і кампутэрных сыстэм і сетак там складае 10.155 мільёны рублёў (кошт да падаражаньня — 9.675 млн.). Студэнты ж чацьвёртага курсу павінныя будуць заплаціць за год 8.8 млн. рублёў замест ранейшых 8.385 млн.

Маскевіч: «Спадзяемся, кошты больш ня прыйдзецца ўздымаць»

Цяперашняе ўзьняцьце ва ўнівэрсытэтах тлумачаць чарговым падвышэньнем заробкаў выкладчыкаў і пэрсаналу ВНУ. Аб верагоднасьці росту адукацыйных коштаў у выніку падвышэньня тарыфнай стаўкі першага разраду, зь якой вылічваюцца ўсе заробкі бюджэтнікаў, Generation.bY пісаў месяц таму.

Між тым міністар адукацыі Сяргей Маскевіч прыкладна ў гэты ж самы час адкінуў верагоднасьць падвышэньня адукацыйных коштаў:

«Спадзяемся, дзяржава дапаможа ВНУ і кошты больш ня прыйдзецца ўздымаць», — казаў міністар у час канфэрэнцыі ў газэце «Рэспубліка»,

Акрамя гэтага, міністар намякаў, што чарговае падвышэньне коштаў на адукацыі можа адбыцца ўжо 1 верасьня. А пакуль студэнты-платнікі будуць вымушаныя ўнесьці дадатковыя сродкі «заднім лікам» — паводле схемы, што звычайнай функцыянуе пры падвышэньні коштаў у беларускіх ВНУ.

«Усё ў межах закона. Усе прадугледжана нашымі дагаворамі са студэнтамі-платнікамі», — апраўдваюцца ў БНТУ.

За апошні год кошты на беларускую адукацыю падвысіліся на 84%. Гэта рэкордная лічба для ўсёй Эўропы, улічваючы, што ва многіх краінах у час крызысу адукацыйныя кошты ня толькі не павялічыліся, а наадварот, упалі.

Адукацыйныя тарыфы пачалі расьці яшчэ ў студзені 2010 году. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў многія студэнты былі вымушаныя выкласьці за навучаньне на 20–25% болей, чым раней. Рост працягнуўся і сёлета: толькі за першыя 3 месяцы 2012 году кошт навучаньня ў ВНУ нашай краіны ўзьняўся на 30%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.