Кошт беларускай адукацыі зраўняўся з коштам галяндзкай

Цяпер у Беларусі за адукацыю будуць плаціць столькі ж, колькі і ў Нідэрляндах. Хаця якасьць навучаньня па-ранейшаму моцна адстае ад галяндзкай. Чыноўнікі і БТ спрабуюць супакоіць студэнтаў і іх бацькоў, у той час як апошнія імкнуцца закрыць новыя «адукацыйныя» дзіркі ва ўласных бюджэтах.

У разгар зімняй сэсіі студэнты даведаліся, што цяпер за навучаньне прыйдзецца выкладаць на 20–25% болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%. Напрыклад, будучыя палітолягі-юрысты з БДУ цяпер мусяць плаціць за год навучаньня амаль $2 000, юрысты амаль на $300 болей.


У БДУІР аплату паднялі зь лістападу, але паведамілі пра тое толькі цяпер. У выніку адукацыя на найбольш папулярных факультэтах унівэрсытэту каштуе 1 700 даляраў

Рашэньне аб падвышэньні аплаты было прынятае яшчэ да Новага году, але даведаліся аб ім студэнты толькі цяпер. Прычым ва ўсіх унівэрсытэтах аплату паднялі не з наступнага сэмэстру, а з гэтага. У некаторых выпадках студэнтам прыйдзецца даплочваць нават за два папярэднія месяцы, якія яны, ні аб чым не здагадваючыся, адвучыліся ў ВНУ.

Міністар адукацыі і рэктары пасьпяшаліся ў меру здольнасьці супакоіць засьпетых зьнянацку новымі тарыфамі студэнтаў. Быццам, падвышэньне аплаты зьвязанае з узьнятымі заробкамі. Але паводле сьвежых дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, зарплата супрацоўнікаў адукацыйнай сфэры ў параўнаньні з кастрычнікам узьнялася толькі на 25% альбо на $113. Але ж не на мільён, які цяпер вымушаныя даплочваць многія студэнты!


Беларуская адукацыя — даражэйшая за ўкраінскую і расейскую

Тым часам Беларускае тэлебачаньне спрабуе супакоіць студэнтаў тым, што быццам у Беларусі адукацыя таньнейшая, чым у іншых краінах СНД:

«У сярэднім у Расеі платнікі аддаюць за год 10 мільёнаў беларускіх рублёў, ва Украіне — 7.5, а ў нас менш чым 5», — распавялі беларускім студэнтам у эфіры БТ.

Але факты супярэчаць інфармацыі дзяржаўнага тэлебачаньня. Так, паводле дадзеных выданьня Ua-Reporter, сярэдні кошт адукацыі для ўкраінскіх абітурыентаў 2010 году склаў… 750 эўра, альбо 3 мільёны рублёў.

Атрымліваецца, БТ «памылілася» ў сваіх разьліках толькі на 4 мільёны рублёў ці больш чым у 2 разы.

Разьлікі ўкраінскіх журналістаў пацьвярджае нядаўні выступ міністра адукацыі гэтай краіны Дзьмітрыя Табачніка, які выказаўся за давядзеньне платы за вышэйшую адукацыю да 1 000 эўра. Сапраўды, навучаньне, напрыклад, на эканамічных спэцыяльнасьцях ВНУ каштуе ва Ўкраіне пакуль ад 650 да 2 100 эўра. А ў сярэднім — 939 эўра.

А вось што кажа пра кошт навучаньня ў расейскіх ВНУ намесьнік міністра адукацыі Расеі Ўладзімір Міклушэўскі:

«Сярэдні кошт навучаньня ў сталічным ВНУ — 60 тысячаў рублёў у год (1500 эўра) (у сярэднім па краіне — 30 тысячаў (750 эўра)».

Такім чынам, кошт навучаньня ў Беларусі не ніжэй, а вышэй за кошты нашых суседзяў. На многіх факультэтах беларускіх унівэрсытэтаў ён ужо роўны кошту вышэйшай адукацыі ў Нідэрляндах. Там грамадзяне Эўразьвязу да 30 гадоў у сярэднім плацяць каля 1 600 эўра ў год. Гэта прыкладна столькі ж, колькі мусяць цяпер плаціць студэнты юрфаку БДУ ці будучыя праграмісты з БДУІР.

Атрымліваецца, беларусы вымушаныя плаціць за адукацыю ў такім памеры, як быццам жывуць у Нідэрляндах. У той жа час узровень навучаньня ў гэтых краінах моцна адрозьніваецца. Так, лепшы галяндзкі ўнівэр у рэйтынгу ўнівэрсытэтаў сьвету, які кожныя паўгады складаецца Гішпанскай асацыяцыяй грамадзкіх навук, займае 94 месца, а лепшая ВНУ Беларусі — толькі 1 476 месца. Агулам галяндзкая вышэйшая адукацыя па якасьці заняла ў мінулым годзе восьмае месца ў сьвеце.

Пры гэтым ня варта забыцца на прымусовае разьмеркаваньне, дзякуючы якому, адпаведна з трапнай заявай былога Міністра адукацыі, «у Беларусі бясплатнай адукацыі няма». Што значыць «разьмеркаваньне», у тых жа Расеі і Ўкраіне даўна забыліся.

UPD. У Гаазе на выходных прайшлі найбуйнейшыя за апошнія 20 гадоў студэнцкія пратэсты, паведамляюць «Вести». Незадаволенасьць навучэнцаў выклікала павышэньне платы за навучаньне. Сотні студэнтаў сабраліся ля комплексу будынкаў дзяржустаноў у цэнтры горада. Разагнаць іх атрымалася толькі коннай паліцыяй.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.