Беларусь захоўвае лідэрства ў Эўропе па росьце коштаў на адукацыю

За апошні год кошты на беларускую адукацыю падвысіліся на 84%. Гэта рэкордная лічба для ўсёй Эўропы, улічваючы, што ва многіх краінах у час крызысу адукацыйныя кошты ня толькі не павялічыліся, а наадварот, упалі.

За год кошты на навучаньня вырасьлі на 84%

У той час, як у Эўрапейскім Зьвязе адукацыйныя кошты з сакавіка 2011 па сакавік 2012 году ўзьняліся ў сярэднім на 2.68%, навучаньне ў беларускіх вышэйшых школах стала каштаваць болей амаль у 2 разы: адукацыйныя кошты ў нас вырасьлі на 84%. Гэта робіць нашу краіну бясспрэчным лідэрам у росьце адукацыйных коштаў.

Адукацыйныя тарыфы пачалі расьці яшчэ ў студзені 2010 году. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў многія студэнты былі вымушаныя выкласьці за навучаньне на 20–25% болей, чым раней. Рост працягнуўся і сёлета: толькі за 3 месяцы 2012 году кошт навучаньня ў ВНУ нашай краіны ўзьняўся на 30%.

У выніку з сакавіка 2011 па сакавік 2012 «набегла» 83.7% падвышэньня. Аб гэтым сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Што характэрна, сфэра вышэйшай адукацыі заставалася ў мінулым годзе адным зь лякаматываў росту коштаў у Беларусі.

Хаця ў некаторых сфэрах сытуацыя яшчэ горшая: тарыфы там вырасьлі на 200 і болей адсоткаў. Напрыклад, плаціць за мэдыцынскія паслугі цяпер прыходзіцца ў 2.15 разы болей, чым год таму. У два разы вырасьлі кошты праезду у аўтобусах, што рухаюцца паміж гарадамі, і амаль у тры разы — на 284% — цэны білетаў у міжнародных цягніках.

А што ў суседніх зь Беларусьсю краінах?

За той жа час адукацыйныя кошты ў Польшчы падвысілася толькі на 3.6%, а ў Латвіі ўвогуле ўпалі амаль на 3.83%. Зьніжаюцца, а не растуць адукацыйныя тарыфы ў Грэцыі, што перажывае, бадай, ня горшы за беларускі крызыс, а таксама ў Нямеччыне. Аб гэтым кажуць дадзеныя Эўрастату.

Прычым ў Германіі здарылася самае сур’ёзнае падзеньне за апошнія гады — адукацыя там стала каштаваць меней болей чым на 5%. Зьвязваюць гэта з адменам некаторых збораў у тамтэйшых унівэрсытэтах.

Дарэчы, у Беларусі ў хуткім часе можа здарыцца яшчэ адно ўзьняцьце адукацыйных коштаў — прыкладна на 5%. Прычына ў падвышэньні стаўкі першага разраду, то бок росьце заробкаў пэдагогаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.069 seconds.