Падвышэньне аплаты адмяняецца

Буйнейшыя ВНУ Беларусі нечакана адмовіліся ад жаданьня чарговы раз узьняць кошты на адукацыю. Рэктары адклікалі загады аб падвышэньні, не патлумачыўшы прычыны.

Нягледзячы на абяцаньне міністра адукацыі Сяргея Маскевіча не ўздымаць плату за навучаньне ў гэтым навучальным годзе, буйнейшыя ўнівэрсытэты краіны БДУ, БНТУ і БДУІР некалькі дзён таму заявілі аб ужо чацьвёртым за апошні год падвышэньні аплаты за адукацыю задняй датай. Адукацыйныя кошты мусілі вырасьці на 400–500 тысячаў.

Аднак сёньня стала вядома, што рэктары ВНУ адклікалі загады аб узьняцьці коштаў. Аб гэтым паведамляе Interfax.by.

«Рэктар адклікае свой загад аб падвышэньні кошту навучаньня з 10 траўня 2012 года. У бліжэйшы час адпаведная інфармацыя зьявіцца на нашым сайце», — сказалі ў БДУІР. Цяпер на сайце ўсё яшчэ вісіць старая абвестка, якая кажа аб неабходнасьці даплаціць за навучаньне каля 80 тыс. рублёў.

«Хутчэй за усё, гэта рэкамэндацыя Міністэрства адукацыі, хоць менавіта яно першапачаткова і дазволіла падняць цэны на платныя адукацыйныя паслугі ў канцы 2011/12 навучальнага году», — дадалі ва ўнівэрсытэце.

Як раней паведамляў Generation.bY, рашэньне аб узьняцьці коштаў супярэчыла папярэднім заявамі міністра адукацыі.

«Спадзяемся, дзяржава дапаможа ВНУ і кошты больш ня прыйдзецца ўздымаць», — казаў Сяргей Маскевіч за месяц да ўзьняцьця цэнаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.