Тозік настойвае: разьмяркоўваць студэнтаў трэба за год да дыплёму

Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік чарговы раз прапанаваў перанесьці прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў з апошняга на перадапошні год навучаньня, каб «нацэліць студэнта на прафэсійную дзейнасьць». Яго папярэдняя прапанова аб павелічэньні тэрміну разьмеркаваньня да 3 гадоў была раскрытыкаваная адукацыйнымі чыноўнікамі.

Анатоль Тозік лічыць, што ва ўнівэрсытэты паступае занадта шмат студэнтаў. Таму іх колькасьць, паводле намесьніка прэм’ер-міністра, трэба скарачаць любымі мэтадамі: ад падвышэньня платы за навучаньне і прахадных балаў да пераарыентацыі школаў на падрыхтоўку да паступленьня ў ПТВ.

Для тых, хто ўсё ж трапіў у ВНУ, віцэ-прэм’ер прапанаваў перанесьці тэрміны прымусовага разьмеркаваньня з канца пятага курса на чацьвёрты.

«Чым раней мы нацэлім студэнта на прафэсійную дзейнасьць, тым хутчэй ён у яе ўвальецца і зможа зарабляць», — цытуе словы Тозіка, сказаныя на калегіі Міністэрства адукацыі, «Знамя юнацтва».

Цяпер прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў беларускіх ВНУ адбываецца за некалькі месяцаў да яго сканчэньня. Таму многія студэнты пачынаюць працаваць менавіта на пятым курсе, каб замацавацца на працоўным месцы дзеля далейшага разьмеркаваньня.

Раней Тозік прапаноўваў разьмяркоўваць студэнтаў ні на 2, а на 3 гады. Аднак ягоную прапанову раскрытыкавалі адукацыйныя і прафсаюзныя чыноўнікі, у тым ліку і міністар адукацыі. Цікава, што цяперашняя заява Тозіка аб разьмеркаваньні ня трапіла ў афіцыйнае паведамленьне прэс-службы Мінадукацыі, што можа сьведчыць аб дыскусіі ўнутры ўлады па гэтым пытаньні.

Што яшчэ прапанаваў Тозік

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.