За мінулы год Мінадукацыі пусьціла за мяжу толькі 2 500 студэнтаў і школьнікаў

Міністэрства адукацыі цалкам перадала кантроль над адсочваньнем замежных паездак студэнтаў на дэканаў і кіраўніцтва ВНУ. Цягам апошніх гадоў кожны выезд усіх беларускіх студэнтаў і школьнікаў мусіў быць дазволены Мінадукацыі.

Студэнты атрымалі магчымасьць выяжджаць за мяжу без дазволу Міністэрства адукацыі. Затое прыйдзецца прасіць дазвол на вандроўку ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту.

Адпаведны парадак "узгадненьня пытаньняў накіраваньня грамадзян Беларусі, якія вучацца ў арганізацыях сыстэмы адукацыі, на навучаньне за мяжу, а таксама для ўдзелу на працягу навучальнага году ў спартовых, культурных і іншых масавых мерапрыемствах" пачынае дзейнічаць з 25 ліпеня. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Рэфармаваць сыстэму дазволаў на выезд за мяжу абяцалі яшчэ ў мінулым годзе. Але рэформа па невядомых прычынах зацягнулася. У выніку кожны студэнт быў абавязаны зьвярнуцца па дазвол на выезд за мяжу ў час навучаньня да свайго дэкана, а той мусіў атрымаць дазвол Мінадукацыі. За год такіх дазволаў выдалі ня болей за 2.5 тысячы.

З 25 ліпеня дазвол на выезд будзе даваць кіраўніцтва ВНУ, дзе студэнт навучаецца. Звычайна гэтым займаецца дэкан факультэту. Гэтыя дазволы будуць афармляцца ў выглядзе ўнутранага загаду альбо іншых распарадчых дакумэнтаў.

Па сутнасьці нічога не зьмянілася: студэнты застаюцца ўсё гэтак жа залежнымі ад волі ці свавольля дэканатаў. За парушэньне патрабаваньня аб дазволе на выезд за мяжу зь беларускіх ВНУ ня раз адлічалі актыўных студэнтаў. Так, за «самавольны выезд у Францыю» і знаходжаньне там на працягу трох дзён у час навучаньня была адлічаная студэнтка БДЭУ Тацяна Хома. У 2009 годзе адлічылі студэнтку БДУ Тацяну Шапуцьку за ўдзел без дазволу Міністэрства ў міжнароднай канфэрэнцыі. На судзе Тацяны супраць БДУ прадстаўнікі Міністэрства адукацыі прызналі, што студэнты не абавязаныя прасіць дазвол у міністэрства на выезд, бо гэта справа ўнівэрсытэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1141 seconds.