Студэнтаў прымусяць пытаць дазволу на выезд у дэкана
Студэнты атрымаюць магчымасьць выяжджаць за мяжу без дазволу Міністэрства адукацыі. Затое прыйдзецца прасіць дазвол на вандроўку ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Такую норму ўтрымлівае законапраект «Аб процідзеяньні гандлю людзьмі», які прыняла ў першым чытаньні ніжэйшая палата парлямэнту.
Згодна зь дзейсным заканадаўствам, усе студэнты, што на працягу навучальнага году зьбіраюцца зьехаць на вучобу за мяжу альбо прымаць удзел у спартыўных, культурных, іншых масавых мерапрыемствах за мяжой, павінны атрымаць пісьмовы дазвол Міністэрства адукацыі. Па сутнасьці ён проста дублюе рашэньне, раней прынятае кіраўніцтвам навучальнай установы.
Пасьля канчатковага прыняцьця закону дазвол на выезд будзе даваць кіраўніцтва ВНУ, дзе студэнт навучаецца, паведамляе БелТА. Звычайна гэтым займаецца дэкан факультэту.
Па сутнасьці нічога не зьмянілася: студэнты застаюцца ўсё гэтак жа залежнымі ад волі ці свавольля дэканатаў.
За парушэньне патрабаваньня прасіць дазвол на выезд зь беларускіх ВНУ ня раз адлічалі актыўных студэнтаў. Так, за «самавольны выезд у Францыю» і знаходжаньне там на працягу трох дзён у час навучаньня была адлічаная студэнтка БДЭУ Тацяна Хома. У 2009 годзе адлічылі студэнтку БДУ Тацяну Шапуцьку за ўдзел без дазволу Міністэрства ў міжнароднай канфэрэнцыі. На судзе Тацяны супраць БДУ прадстаўнікі Міністэрства адукацыі прызналі, што студэнты не абавязаныя прасіць дазвол у міністэрства на выезд, бо гэта справа ўнівэрсытэту.