Арганізатары Сьвята вулічнай музыкі: «у маладых людзей яшчэ не ўстаялася псыхіка»
Арганізатары Сьвята вулічнай музыкі патлумачылі, чаму Зьміцер Вайцюшкевіч і Аляксандр Кульлінковіч атрымалі адмову ў магчымасьці выступіць на імпрэзе, а таксама прыраўнялі палітыку да наркотыкаў і тэрарызму. Чакаецца, што на дзень гораду сьвята ў Траецкім прадмесьці прыцягне болей за паўсотні музыкаў самых розных стыляў і некалькі тысячаў гледачоў.
«Ідэя сьвята простая, — тлумачыць яго літоўскі натхняльнік, музыка і прадусар Андрыюс Мамантавас, — у адзін дзень усе проста выходзяць на вуліцы. І кожны сам вырашае, што і як яму граць». Сьвята стала адным з самых пасьпяховым мерапрыемстваў літоўскай сталіцы, гэтым годам прыйшло у сталіцы латвійскую, а ў 2012 годзе рыхтуецца перабрацца ў Піцер. Але апынуўшыся на глебе беларускай, Сьвята музыкі адчула значныя мэтамарфозы:
«Адна з асноўных умоваў сьвята вулічнай музыкі — ніякай палітыкі: ня мусіць быць палітычных тэкстаў, ня мусіць быць заклікаў да гвалту, тэрарызму, ужываньню наркатычных рэчываў», — кажа адна зь беларускіх арганізатарак сьвята Вераніка Паўлоўская, што засядае ў моладзевай палаце пры Менгарвыканкаме.
Арганізатары Сьвята вулічнай музыкі баяцца за «маладых людзей, у якіх яшчэ не ўстаялася псыхіка»
Спробай адхрысьціцца ад палітыкі спадарыня Паўлоўская тлумачыць неабходнасьць праверкі тэкстаў песень музыкаў, якія падалі заяўкі на ўдзел, а таксама зьместу праграмы іх выступу. Цікава, што ў Вільні арганізатары такога ж сьвята колькі гадоў абыходзяцца без папярэдняй цэнзуры музычных тэкстаў.
«Гэта сьвята, якое ня спушчанае недзе зьверху, — распавядае Андрыюс Мамантавас. — Людзі самі адчуваюць сябе арганізатарамі».
«Усё мусіць ісьці ад народу», — быццам пагаджаецца зь літоўцам, цытуючы Лукашэнку, дэпутат Менгарсавету, першы сакратар менскага БРСМ Юры Чачукевіч. А Вераніка Паўлоўская дадае:
«Мы хочам быць упэўненымі, што ня выйдзе які-небудзь гурт і не пачне заклікаць да чаго-небудзь маладых людзей, у якіх яшчэ не ўстаялася псыхіка».
Галоўны БРСМавец гораду лічыць, што формула «сэкс, наркотыкі, рок-н-рол» цяпер ня вельмі актуальная, а важна «чыстая творчасьць, чыстая культура» і ніякіх заклікаў «да нечага негатыўнага».
Два КПП і сем зонаў
Схема падзей
Каб ні ў каго ня ўзьнікла жаданьня парушыць формулу «чыстай творчасьці», у Траецкае запросяць БРСМаўскіх дружыньнікаў. Яны зоймуцца аховай падарку, дапамогай забесьпячэньня «прапускнога рэжыму» ў прадмесьці (трапіць у сем яго музычных зонаў можна будзе толькі праз два прапускныя пункты). І толькі чатыром тысячам чалавек адначасова. З улікам таго, што мерапрыемствы ў парку Горкага і ля лядовага палацу адмененыя, жадаючых паслухаць вулічных музыкаў апынецца на шмат болей.
Выступоўцаў будзе значна меней за гледачоў, аднак яны возьмуць разнастайнасьцю: на вуліцы выльецца і капаэйра, і джаз, і рок з фолькам. Толькі вось вядомых музыкаў на Сьвяце амаль ня будзе:
Забароненыя ў Беларусі Зьміцер Вайцюшкевіч і Аляксандр Кульлінковіч, якія падавалі заяўку на ўдзел у сьвяце — «гэта тыя вядомыя музыкі, якія зарабляюць на музыцы грошы, а мы найперш хочам даць шанец выступіць непрафэсійным калектывам», — тлумачыць адмову ў выступе найвядомейшым патэнцыйным удзельнікам імпрэзы Вераніка Паўлоўская.
«У нас няма нейкага такога адбору, што ты можаш граць, а ты ня можаш, — дзеліцца вопытам літовец Мамантавас. Адзінае патрабаваньне — каб музыкі ня надта гучна гралі», бо, бывае, гучныя бубны могуць заглушыць танюткую флейту суседняга вулічнага музыкі.
Зрэшты, іншыя прафэсіяналы, напрыклад, удзельнікі гуртоў «Нагуаль» ці даволі вядомыя ў Менску The Silicon і Re1ikt магчымасьць выступіць на сьвяце атрымалі.
«У нас не было нейкага прафэсійнага журы, якое б адбірала, хто прафэсіянал, а хто не», — дадае Юры Чачукевіч. Па яго словах, Вайцюшкевіча з Кульлінковічам «ведаюць усе, і для гэтых музыкаў ёсьць дастатковая колькасьць фэстываляў, у нашай краіне і за межамі, дзе яны будуць запатрабаванымі».
Сапраўды, ніякай палітыкі.
Каго можна паслухаць на сьвяце вулічнай музыкі
1. Этна- і фолк-музыка
Мароз Андрэй, Sevast, Iнфрачырвоны выдых, UlsterBand, Alta Mente, Shaman Jungle, ШЕПОТСЕРЕБРА.
2. Джаз, блюз, поп-музыка
Ох. Ра, Трыо, Крысьціна Русовіч, Do — cor, Юрась Ускоў І Captain Peppell, Me and my band, Дзьмітрый Балтрукевич і Маргарыта Нага, Чырык, Антон Сямёнавіч Макаранка, Save the wave, Степхолл.
3. Танцавальная музыка
Школа танцаў Юліі Шостак, ЮРЫ Навуменка (кантрабасіст гурту «Нагуаль») і Плястычная студыя «БАРМАГЛОТ», Міжнародная школа капаэйры FICAG.
4. Рок-музыка
НETZАПРЕТА, ВІА «SUN ROAD-21», Blizzard Beat, CODA, Плойка, The Masks, Port Moresby,Vort, «Вектор Эго», Bak, April Twins.
5. DJ
6. Розныя стылі
The Silicon, Re1ikt, 27 CLUB, Waterloo, Metadub, Обратный Отсчёт.
Падрабязная праграма на сайце сьвята.
Сьвята будзе доўжыцца з 12:40 да 20 гадзінаў 10 верасьня ў Траецкім прадмесьці Менску. Уваход вольны.