На расейскім ЦТ тысячы школьнікаў сьпісвалі праз Vkontakte
У Расеі разгараецца гучны скандал
Тэхналёгіі сацыяльных сетак знайшлі прымяненьне ў карумпаванай расейскай адукацыйнай сыстэме дзеля сьпісваньня. У сацсетцы Vkontakte была створаная група «САМОподготовка к ЕГЭ», празь якую падчас іспыту па матэматыцы адбывалася рассылка адказаў на заданьні. Ці вернымі былі гэтыя адказы, не ўдакладняецца. У групу ўступілі каля 300 тысяч карыстальнікаў. Падказкі школьнікі атрымлівалі на мабільныя тэлефоны. Пры гэтым правілы ЕГЭ забараняюць у час іспытаў карыстацца сродкамі сувязі.
Суполка «САМОподготовка к ЕГЭ», якая дала магчымасьць тысячам школьнікам сьпісаць тэсты
Арганізатары групы прапаноўвалі ўдзельнікам фатаграфаваць свае варыянты па ЕГЭ і адсылаць іх для «сумеснага рашэньня». У выніку ў час тэстаў па матэматыцы адказы на варыянты зьявіліся ў групе ўжо празь дзьве гадзіны пасьля пачатку экзамену. Арганізатары дамагліся «піку наведвальнасьці групы — 165 тысячаў чалавек у суткі».
А тыя, хто жадаў атрымаць адказы на свае тэсты адразу на мабільнік яшчэ падчас іспыту, мусілі заплаціць да 25 эўра. Для хуткага рашэньня тэстаў арганізатары групы нанялі школьных выкладчыкаў, якія ў час іспыту чакалі заданьні ля кампутараў.
Даведаўшыся аб сьпісваньні, замест удасканаленьня працэдуры Фэдэральная служба па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі вырашыла падаць у суд на Vkontakte за распаўсюджваньне няпэўных матэрыялаў аб ЕГЭ. У
Таксама міністар адукацыі Расеі Андрэй Фурсенка паабяцаў адхіліць ад здачы іспытаў тых выпускнікоў, што выкладалі свае варыянты тэкстаў у Інтэрнэт. Пакуль такіх знайшлі 11 чалавек, перадае «Эхо Москвы».
Стваральнік скандальнай групы «САМОподготовка к ЕГЭ» заявіў у адказ, што стварыў яе толькі дзеля прыцягненьня ўвагі да праблемы сьпісваньня на ЕГЭ і недасканаласьці працэдуры агульнарасейскага іспыту.