Лявон Вольскі «На траве»

У Валожынскім раёне на хутары вядомага беларускага прадусара Ўладзіміра Шаблінскага прайшоў першы ў гэтым годзе оўпэн-эйр. Апынуўшыся за некалькі дзён да свайго правядзеньня на мяжы зрыву, канцэрт быў перанесены, але ў выніку пасьпяхова праведзены. Пэрсонай вечара стаў Лявон Вольскі, які прывабіў адразу двума праектамі: сур’ёзнай і ў адпаведнасьці з часам крыху агрэсіўнай «Белай яблыняй грому» і дыскатэчнай «Крамбамбуляй».

Акрамя Лявона Вольскага з усімі яго дзейснымі на дадзены момант праектамі, у хэдлайнэры быў запісаны таксама «J:морс», які прыляцеў на Валожыншчыну адразу ж з выпускнога дачкі. Здаецца, зусім палітычна бяскрыўдная, «Крамбамбуля» ўвесну апынулася ў сьпісе забароненых музыкаў у адной кампаніі зь «Ляпісам Трубяцкім», Кэвінам Спэйсі і Юрыем Шаўчуком. Тады адзін з выступаў «Крамбамбулі» на рэстараннай пляцоўцы быў сарваны, пасьля чаго Лявон Вольскі натхнёна дзякаваў «аддзелу культуры Менгарвыканкаму і Міністэрству культуры за шалёны піяр „Крамбамбулі“!».

Прайшоў час, Лявон Вольскі з праграмай «Белая яблыня грому» паезьдзіў па Беларусі, абсалютна безперашкодна, дарэчы. Яго былы гурт N.R.M. тым часаў калясіў па правінцыйных клюбах усходу Беларусі.

Ва ўмовах дзейнасьці быццам бы няісных «сьпісаў» надзвычай цікава было назіраць за падзеямі, што разгортваліся вакол фэсту «На траве» ў кабінэтах чыноўнікаў: раптам мясцовая улада адчула, што тусоўка на хутары Ўладзіміра Шаблінскага падазрона нагадвае «масавае мерапрыемства». Прызначаны на апошнія дні траўня, фэст прыйшлося пераносіць на пазьнейшыя даты, а яго арганізатарам давозіць паперкі і пагаджацца з расстаўленымі пад дрэвамі хутару міліцыянтамі. Дарэчы, паводле сакральнай традыцыі беларускіх масавых мерапрыемстваў, хутар на вечар пазбавілі алькаголю. «Атрымалася як заўсёды», — выбачаўся Лявон Вольскі перад слухачамі ў сваім Фэйсбуку.

ШОС на траве

Зрэшты, гледачы ўспрынялі адсутнасьць алькаголю спакойна, сьпісаўшы гэты факт чамусьці на час выпускных, з-за якіх у крамах сапраўды ўвялі сухі закон. Цяжэй было зь інфраструктурай, бо кропкі харчаваньня дакладна не спраўляліся з даволі невялікай колькасьцю дабраўшыхся да хутару людзей. Плюсам фэсту стала магчымасьць застацца на ноч: пад патрэбы кэмпінгу было выкашанае цэлае поле, на якім можна было б разьмесьці і намётавы лягер «Басовішча». Але гэты фэст праводзіцца ў іншым месцы, таму перажыць у Шаблях ноч адважыліся ня ўсе.

З-за пераносаў фэст застаўся без Аляксандра Памідорава, затое Лявон Вольскі змог выканаць некалькі кампазыцый, што ня трапілі ў яго складанку «Белая яблыня грома». Напрыклад, прагучала павольнейшая вэрсія «Тосту за ворагаў» Караткевіча.

Агулам, тэма нянавісьці ў творчасьці Вольскага, па яго ўласным прызнаньні, набыла «новае гучаньне». Гэтак ён анансаваў іншую песьню на словы Панчанкі, што мела сьмеласьць пачынацца са словаў «Мала сказаць ненавіджу». А ўжо пасьля песьні «У турме» Лявону нічога не заставалася, як дадаць цяпер ужо, здаецца, бесьсьмяротнага «шо-с

«ШОС», — адказала публіка і дадала нешта пра грэчку. У гэтыя хвіліны прыйшла вера, што ўсё недарэмна.

Пугач на траве

Пасьля «Крамбамбулі», якая засталася вернай сабе ў сумесі балкана-ірляндзкага ска і дадала да сваёй праграмы яшчэ некалькі пераробак фальклёру народаў сьвету (сярод іх мэталічная гісторыя швэдзкай прыгажуні і гераічны літоўскі эпас пра дзяўчыну, у якой «ліцьвіны» пытаюцца пра ваду на мове арыгіналу), на сцэне зьявіўся ўсхваляваны Уладзімір Пугач. Сказаўшы нешта пра пазытыўны вечар, лідэр «J:морс» паспрабаваў прадаць уласную акустычную гітару і зайграў вэб-дызайн.

Але ў гэты вечар Пугачу можна было прабачыць і большае: ён сам прызнаўся, што на фэст прыляцеў адразу з выпускнога дачкі. Дачка цяпер калі не на выданьні, то ў пошуку Альма Матэр, у ролі якой бацька бачыць віленскі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, менскую вэрсію якога ў свой час ён сам скончваў. Прынамсі, дзяўчына хоць «Ляпісаў» там паслухаць здолее, а, калі пашанцуе, і ўласнага тату.

У раёне 12 гадзін стаянка ля хутару пачала імкліва пусьцець: фэст завяршаўся. Але Ўладзімір Шаблінскі, гледзячы па ўсім, поўны рашучасьці зрабіць пляцоўку свайго хутару пастаянным месцам тусовак прыхільнікаў беларускай музыкі: ужо праз тры тыдні тут пройдзе фальклёрны канцэрт з гуртамі, якія прадставяць амаль усіх суседзяў Беларусі.

Болей фотаздымкаў з фэсту: Фотарэпартаж з «Канцэрту на траве»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.