Канцэрт «Крамбамбулі» таксама забаронены

На дзень сьвятога Патрыку ў Менску мусіў адбыцца канцэрт гурта «Крамбамбуля». Але за два дні да выступу стала вядома, што канцэрт адмяняецца. Афіцыйная прычына адмены — хвароба вакаліста, пра якую лідэр калектыву Лявон Вольскі даведаўся толькі ад журналістаў. Паводле яго словаў, забарона — гэта «шалёны піяр» гурту.

На канцэрце 17 сакавіка ў дзень сьвятога Патрыка Лявон Вольскі абяцаў прэзэнтаваць новы альбом, над якім «Крамбамбуля» працавала цэлы год. Але сёньня стала вядома, што канцэрт адменены.

«Ну, ясна, забаранілі. Мы ж у сьпісах», — сказаў Generation.bY лідэр «Крамбамбулі» Лявон Вольскі.

Сам Лявон Вольскі даведаўся пра адмену канцэрту ад журналістаў, якім у кавярні «Госьці», дзе мусіў адбыцца выступ, распавялі пра немагчымасьць правесьці прэзэнтацыю новага альбому з-за хваробы вакаліста. Паводле афіцыйнай вэрсіі, менавіта «хвароба» Вольскага — прычына адмены канцэрту.

«Відаць што, калі нехта падтрымлівае цьвёрды і непахісна-рашучы курс нашага кіраўніцтва, дык хворы. Усе здаровыя з „ваадушаўленіем“ і радасьцю падтрымліваюць», — лічыць Вольскі.

Паводле інфармацыі музыкаў, канцэрт насамрэч быў адменены празь ціск на кіраўніцтва кавярні «Госьці» з боку аддзелу культуры Менгарвыканкаму.

«Дзякуем аддзелу культуры Менгарвыканкаму і Міністэрству культуры за шалёны піар «Крамбамбулі»! — дадаў Вольскі.

«У такія рэчы заўсёды да канца ня верыш»

У звароце гурта, выкладзеным на старонцы «Крамбамбулі» ў Фэйсбуку, музыкі дзякуюць таксама «публіцы, што купіла квіткі на гэты канцэрт» і «амбасадарам розных краінаў, якія хацелі прыйсьці на сьвяткаваньне». «Крамбамбуля» абяцае так ці інакш выступіць з новым альбом:

«Не хвалюйцеся, даражэнькія, гэтым разам не атрымалася, але наступным — абавязкова. Мы будзем думаць і безумоўна знойдзем выйсьце, каб данесьці да Вас нашую музыку».

«Крамбамбуля» трапіла ў ананімны «сьпіс забароненых» разам з 56 беларускімі і замежнымі музыкамі, пісьменьнікамі і акторамі.

Раней стала вядома, што забароненыя канцэрты іншых беларускіх гуртоў са сьпісу. Так, з-за рашэньня МНС не адбыўся канцэрт Ляпіса Трубяцкога 13 сакавіка ў Гомелі, а ў Берасьці днямі без тлумачэньняў быў забаронены канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў Тэатры лялек, які быў заплянаваны на 18 сакавіка. На гэтым тыдні стала вядома, што адменены канцэрт-трыб'ют Neuro Dubel, які мусіў прайсьці 24 сакавіка ў «Рэактары», а таксама пра забарону выступу Зьмітра Вайцюшкевіча ў адной зь менскіх гімназіяў.

Лявон Вольскі ўжо ня першы раз трапляе ў сьпіс непажаданых музыкаў. Папярэдняя забарона доўжылася 3 гады і скончылася скандальным паходам забароненых у адміністрацыю прэзыдэнта да Алега Праляскоўскага. Цяпер многія зьвязваюць новы «сьпіс забароненых» зь імем Праляскоўскага, які кіруе Міністэрствам інфармацыі.

Аднак цяперашняя сытуацыя, на думку Вольскага, адрозьніваецца ад мінулай:

«Тады не было ніякае стратэгіі. Было шмат адмоўных пачуцьцяў. Цяпер сытуацыя патрабуе крэатыўных дзеяньняў. Галоўнае — не паддавацца скрусе, паняверцы і расчараваньню».

«Але ў такія рэчы заўсёды да канца ня верыш», — кажа Лявон, які нават пасьля зьяўленьня інфармацыі пра забарону выступаў іншых камандаў са сьпісу працягваў рыхтаваць сваю менскую прэзэнтацыю.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.