У Менску забаронены канцэрт Neuro Dubel

Канцэрт, прысьвечаны выхаду трыб’юта Neuro Dubel, які павінен быў адбыцца ў менскім клюбе «Рэактар», забаронены. Гэта ўжо трэцяя забарона канцэртаў гуртоў з ананімнага «сьпісу забароненых», які міністар інфармацыі Праляскоўскі назваў «гнюснай фальшыўкай». І першы забаронены канцэрт у Менску пасьля 2007 году. 


Аляксандар Кульлінковіч на сольным канцэрце гурта ў клюбе «Рэактар» у лістападзе 2010

Аляксандар Кульлінковіч піша ў сваёй калёнцы на Naviny.by, што канцэрт менавіта забаронены:

«Менавіта гэта слова. Не перанесены, не скасаваны — ён ЗАБАРОНЕНЫ. Кіраўніцтва клюба выклікалі і прапанавалі выбіраць: альбо страта арэндатара (Нэйра Дзюбель), альбо страта клюба. Выдатны выбар. На пытаньне «а чаму?» было сказана наступнае: група падтрымлівала апазыцыю, і цяпер дзяржава не зьбіраецца…»

Пасьля зьяўленьня ў Сеціве «сьпісу забароненых» выказваліся шматлікія меркаваньні, што гэта можа быць чыйсьці піяр альбо адмысловая правакацыя. Занадта дзіўны гэты сьпіс і ён, маўляў, не адпавядае аніякай лёгіцы. 

Першыя забароны прайшлі ў рэгіёнах. Канцэрт Ляпіса Трубяцкога не адбыўся 13 сакавіка ў Гомелі з-за рашэньня МЧС, а ў Берасьці днямі без тлумачэньняў быў забаронены канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў Тэатры Лялек, які быў заплянаваны на 18 сакавіка.

Канцэрт Neuro Dubel мусіў адбыцца ў «Рэактары» 24 сакавіка.

Гурт Neuro Dubel ужо быў у сьпісе забароненых ў 2004-2007 гадах. На пачатку сьнежня мы апыталі ўдзельнікаў таго сьпісу пра тое, што зьмянілася ў іх за тры гады адноснай свабоды і ці магчымае вяртаньне забароны:

«У сьвядомасьці ўладаў нічога не зьмянілася. І, наколькі я ведаю, за межамі Менску забаранялі і працягваюць забараняць. Магчыма, ужо па асабістай ініцыятыве таго ці іншага чыноўніка. Рок ня ў гонары ў гэтай краіне, як і свабода слова, а рок — гэта свабода. Я ня маю ілюзіяў», — сказаў тады Кульлінковіч.

UPD 14:15 14.03.2011.

Адміністрацыя клюба «Рэактар» абвяргае Кульлінковіча:

«У гэтым месяцы ў нас былі скасаваныя 4 канцэрты. Адзіная прычына для іх была адна — неакупляльнасьць. Канцэрт Нэйра Дзюбеля можа не адбыцца толькі па гэтай прычыне. У дадзены момант адмяняць яго мы не плянуем», — заявіў арт-дырэктар клюба Максім Старцаў сайту Xlam.by.

vojur 00:27, 14/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1198 seconds.