«Вольнае паветра»: у ліпені і ў новым фармаце

2 ліпеня ў Беларусі ў выступяць паўтара дзесятка актуальных этна-артыстаў з Польшчы, Украіны, Літвы, Расеі, Сэрбіі і Беларусі. Усё гэта пад адкрытым небам на жывапісным хутары. «Вольнае паветра» запрашае.

Фольк-фэст «Вольнае паветра» можна назваць культавым — за некалькі гадоў неафіцыйнага правядзеньня ён здолеў стаць адной з славутасьцяў сучаснай Беларусі, паглядзець на якую прыяжджалі замежныя госьці, у тым ліку вядомы расейскі музычны крытык Арцемій Троіцкі. У гэтым годзе мерапрыемства выходзіць на новы ўзровень па ўсіх напрамках, пры гэтым кошт уваходнага квітка будзе сымбалічным — усяго 20 тыс. руб.

Мерапрыемства значна пашырыць свае геаграфічныя межы — акрамя беларускіх выканаўцаў сучаснага фольку (Dzivasil, Akana, «Нагуаль»), на фэстывалі ўпершыню выступяць музыкі з розных куткоў Расіі («Комба Бакх», «Таки Да»), а таксама калектывы з Польшчы (Zywiolak , Wadada, DJ Wojcio), Украіны («Бальян Сауна Сістэм»), Літвы (Sovijus) і Сэрбіі (Shazalakazoo).

Апроч двух канцэртных сцэн (адна зь іх будзе знаходзіцца пад дахам самага сапраўднага хлява), будзе арганізавана некалькі дадатковых пляцовак з дыджэямі і кінатэатар пад адкрытым небам, а таксама гульні і забаўкі. Наведвальнікам на пляцоўцы будзе забясьпечаны паўнавартасны сэрвіс (ад прыбіральняў да харчавання і намётавага гарадка).

Прадусар фэстывалю Яўген Калмыкоў: «Я лічу, што ў фэстываля "Вольнае Паветра" ў гэтым годзе наступае другое жыцьцё і ён выходзіць на прынцыпова новы ўзровень свайго існаваньня. Да гэтага году фэстываль быў лякальным — у нас у краіне шмат цікавых калектываў, якія спалучаюць у сваёй творчасьці фальклёр і актуальныя музычныя плыні. Аднак важна ня толькі глядзець на сябе ў люстэрка — час азірнуцца па баках. У гэтым годзе да нас прыедзе шмат цікавых замежных гуртоў, і гэта ўзбагаціць ня толькі іх, але і нас».

Арт-дырэктар фэстывалю Аляксандр Багданаў (Bo Promo): «Цяперашні фестываль "Вольнае паветра" нясе прынцыпова новы фармат, сутнасьцю якога зьяўляецца адсутнасьць хэдлайнэраў як такіх. Мы не робім аднаго хэдлайнэра, каб людзі не прыяжджалі толькі на яго дзеля гучнага імя, а прыехалі пачуць новую музыку і пазнаёміцца з актуальнымі тэндэнцыямі сучаснай этнікі».

Час правядзення: з 15.00 да 6.00.

Месца правядзення: хутар Шаблі, в Малое Запрудзьдзе, Валожынскі р-н. - 80 км.ад Менска ў бок Вільні. Арыентыр – в. Гародзькі.

Квіткі: 20 тыс. руб (уваход), 50 тыс. (уваход + кемпінг). У продажы з 10 чэрвеня.

Дзе купіць: у бары «Малако» (пр. Незалежнасьці 37а), каса КЗ «Мінск» (вул.Кастрычніцкая 5), пераход ст.м. «Пл.Я.Коласа» (выхад да філармоніі), а таксама ў сістэмах kvitki.by і ticketpro.by.

Даведка: (017) 280 15 кас, (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96.

14:00, 07/06/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.