Рэвалюцыя без Фэйсбуку

Не пасьпелі адгрымець крывавыя туніскія падзеі, як аналітыкі пачалі спрачацца аб тым, чым яны былі выкліканыя, і каму тунісцы абавязаныя распаленьнем агню рэвалюцыі на ўласных вуліцах. Па нядаўняй традыцыі тлумачыць масавыя выступленьні маладых людзей у ня вельмі вольных краінах іх здольнасьцю пасьпяхова выкарыстоўваць сацыяльныя мэдыі, туніскую рэвалюцыю пасьпяшаліся назваць «Твітэр-» альбо «Фэйсбук-рэвалюцыяй». Зрэшты, у гэтага падыходу знайшлося нямала нязгодных.

Літаральна празь некалькі гадзін пасьля таго, як стала вядома пра ўцёкі прэзыдэнта Тунісу на глебе месяцовых выступленьняў, на сайце CNN зьявіўся артыкул, у якім сацыяльныя мэдыі кшталту Твітэру і Фэйсбуку адным махам з WikiLeaks былі абвешчаныя «палівам» масавых пратэстаў.

«Тое, што акцыі пратэсту ў Тунісе арганізуюцца і падтрымліваюцца праз сацыяльныя сеткі, робіць іх яшчэ больш незвычайнымі. Колькасьць маладых адукаваных тунісцаў, што карысталіся сацыяльным сеткамі была на столькі вялікай, што адным з галоўных прыярытэтаў ураду Туніса стала блякаваньне блогераў і ўсіх, каго лічылі за праціўнікаў рэжыму», — адзначае CNN.

Сапраўды, блякаваць сайты ў Тунісе навучыліся ня горай за беларусаў. Але мясцовым ноў-хаў стала скраданьне спэцслужбамі пароляў ад пошты і акаўнтаў апазыцыі. Невялікая кібэр-гульня ў адну браму.

Апазыцыйныя тусоўкі па ўсім сьвеце і, адпаведна, спэцслужбы заўважылі патэнцыял сацыяльных мэдыяў яшчэ пасьля падзей у Іране і Малдове. Іранскім падзеям прыдумалі гнуткае азначэньне ў гонар галоўнага інтэрнэт-трэнду сэзону 2009: «Твітэр-рэвалюцыя». Але ўважлівей прыгледзеўшыся да тых «высокатэхналягічных рэвалюцый», многія дасьледчыкі засумняваліся ў сапраўдным уплыве Фэйсбукаў і Твітэраў на выступленьні людзей.

Напрыклад, Luke Allnutt у блогу на Радыё Свабода прапануе не надаваць такое вялікае значэньне сацыяльным мэдыям і выкрывальным публікацыям на WikiLeaks аб Тунісе, а мясцовую рэвалюцыю назваць хутчэй у гонар памерлага хлопца, які паспрабаваў падпаліць сябе яшчэ ў сьнежні. З гэтага ўчынку, дарэчы, фактычна і пачаліся публічныя выступы.

На думку блогера, Твітэр меў большае значэньне для данясеньня інфармацыі да заходніх мэдыяў і юзэраў, якія назіралі за падзеямі. Але вырашальнае значэньне адыгралі самі людзі. Важным стаў YouTube, дзе апэратыўна зьмяшчалася відэа з тамтэйшых «плошчаў», WikiLeaks, які ў апошні момант распавёў пра факты карупцыі сям’і прэзыдэнта. Пра карупцыю, праўда, і без скандальнага сайту Джуліана Асанджа здагадвалася большасьць насельніцтва.

«Называць туніскія падзеі „Twitter-рэвалюцыяй“ — значыць спрашчаць рэчы, але нават скептыкі павінныя прызнаць, што новы мэдыя-асяродак мае значэньне», — адзначаецца ў публікацыі аб апошніх падзеях у Афрыцы яшчэ аднаго ўплывовага амэрыканскага часопісу Foreign Policy. Паводле яго аўтара прафэсара Марка Лінча, новыя мэдыі (Twitter, Facebook, YouTube, SMS і г.д.) і спадарожнікавае тэлебачаньне Аль-Джазіра (мясцовы Белсат) калектыўна трансфармуюць мэдыйную прастору. За што ім хвала і пашана.

У Беларусі з «прыдатнымі» да рэвалюцый сацыяльным сеткамі пакуль даволі глуха: Фэйсбукам карыстаецца 2% насельніцтва, Твітэрам, па даўніх падліках, — каля 20 тысячаў чалавек. А пра «Кантакт-рэвалюцыю» пакуль ніхто, здаецца, ня чуў. Напрыклад, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня беларусы і спачуваючыя «натвіцілі» толькі 4 тысячы паведамленьняў на выбарную тэму. Дзеля таго, каб беларускія выбары заўважылі ў Твітэры, не хапіла мінімум 40 тысячаў твітаў.

Зрэшты, калі трэндам 60-х была сэкс-рэвалюцыя, то трэндам апошніх гадоў усё яшчэ можа стаць Твітэр-рэвалюцыя. Тады застанецца толькі разьняволіцца і атрымліваць асалоду.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.