Беларусаў у Твітэры за паўгады стала ў 2.5 разы болей

А сусьветнае насельніцтва самага папулярнага мікраблогу ў сьвеце толькі за два месяцы вырасла на 30 мільёнаў. Агулам колькасьць юзэраў Twitter ў 18 разоў большая за насельніцтва Беларусі.

Кіраўнік службы «Пошук па блогах» Яндэкса Антон Валнухін налічыў у Беларусі 18 тысячаў юзэраў Twitter. Пра гэта ён заявіў на ўкраінскай канфэрэнцыі Блогтоберфест. Яшчэ ў красавіку спадар Валнухін казаў, што найпапулярнейшым у сьвеце мікраблогам карыстаюцца толькі 7 тысячаў беларусаў. Атрымліваецца, толькі за 6 месяцаў беларускае насельніцтва Twitter павялічылася ў 2.5 разы.

Па дадзеных Яндэксу, агулам у Твітэры 460 тысячаў кірылічных акаўнтаў, зь іх 80 тысячаў украінскія. Дарэчы, толькі кожны 8 украінец увесь час піша ў мікраблогу па-ўкраінску. Колькі беларусаў карыстаецца тытульнай мовай, Яндэкс не падлічыў.

Як піша газэта The New York Times, Твітэрам карыстаюцца ўжо 175 мільёнаў чалавек. У 2009 годзе актыўная аўдыторыя мікраблогу складала 58 мільёнаў чалавек, а тры гады таму — толькі паўмільёна. Кожны дзень юзэрамі Твітэру становяцца 370 тысячаў чалавек.

Сэрвіс мікраблогаў Twitter быў заснаваны ў 2007 годзе. Цяпер ім карыстаюцца не толькі звычайныя людзі, але і дзяржаўны органы і нават прэзыдэнты, такія як Барак Абама, Уга Чавэс і Дзьмітры Мядзведзеў. Адзін з найбольш вядомых твітэр-акаўнт дзяржаўных органаў Беларусі належыць прэс-сакратару менскага ГУУС Аляксандру Ластоўскаму.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0689 seconds.