Уга Чавэс выйшаў у Твітэр

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы завёў сабе акаўнт у сацыяльнай сетцы Twitter. Спэцыялісты сумняюцца ў тым, што ў шматслоўнага вэнэсуэльскага лідэра атрымаецца прытрымлівацца галоўнага абмежаваньня сеткі — допісаў ня болей за 140 сымбаляў даўжынёю. Дадатковую пікантнасьць дадаюць ранейшыя выказваньні Чавэса, які яшчэ нядаўна называў Твітэр прыстанішчам тэрарыстаў.


Ці не будзе вэнэсуэльскаму прэзыдэнту цесна ў межах @Chavezcandanga?

Уга завёў сабе акаўнт на Твітэры ўчора, выбраўшы для яго нік «cadanga», што зь гішпанскай перакладаецца як «сьмелы» альбо «бунтарскі».

«Таварышы, @Chavezcandanga быў зарэгістраваны як толькі мы атрымалі запыты ад нашага камандантэ», — напісаў ва ўласным акаўнце на Твітэры адзін з бліжэйшых паплечнікаў Чавэса Дыясдада Кабэла (Diosdado Cabello).

Акаўнт @Chavezcandanga ужо мае больш за 85 000 фаловэраў (людзей, якія хочуць чытаць Чавэса ў Твітэры). Першы твіт (паведамленьне ў Твітэры) на гэтым акаўнце зьявіўся ўжо ўначы:

«Эй, як справы? Я зьвіўся як я казаў: апоўначы. Я па дарозе ў Бразылію. І вельмі рады працаваць для Вэнэсуэлы. Мы ўсе пераможам!» — напісаў па-гішпанску Чавэс у першым твіце.

Іншая мэдыязабава вэнэсуэльскага лідэра — тэлевізійнае шоў «Ало, прэзыдэнт», якое выходзіць па выходных і можа цягнуцца да 7 гадзін, ужо ўвайшло ў гісторыю. За час сваіх выступаў у гэтай перадачы прэзыдэнт здольны вымавіць да 54 тысяч словаў са 333 тысяч сымбаляў. Нядзіўна, што сёньня газэта El Nacional выйшла з загалоўкам: «У 140 сымбаляў?».

Як паведамляе Guardian, ва ўмовах выбараў, якія адбудуцца ў Вэнэсуэле ў верасьні, і эканамічных праблем, Чавэс заклікае сваіх паплечнікаў змагацца на «мэдыяфронце» за сэрцы і думкі выбаршчыкаў. У прыватнасьці, ён заклікае весьці барацьбу ў сацыяльных сетках, асабліва супраць студэнтаў, якія выкарыстоўваюць Facebook і іншыя сайты, каб арганізоўваць пратэсты супраць яго.

Месяц таму Чавэс параўноўваў Інтэрнэт з вайсковым акопам, а Твітэр ахарактарызаваў як магчымы сродак для тэрарызму.

Твітэр за апошні год стаў вельмі папулярным у Вэнэсуэле. Каля 200 тысяч вэнэсуэльцаў маюць акаўнты ў гэтай сацыяльнай сетцы, што робіць Вэнэсуэлу адным зь лідэраў па колькасьці юзэраў Твітэра ў Лацінскай Амэрыцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0573 seconds.