ЭЗ зьбіраецца прапанаваць Украіне бязьвізавы рэжым

Эўрапейскі Зьвяз рыхтуе плян дзеяньняў па скасаваньні візавага рэжыму з Украінай. Нягледзячы на ўсе намаганьні расейскіх дыпляматаў, падобнае пагадненьне паміж ЭЗ і Расеяй выглядае менш верагодным.


Каму патрэбны шэнген? Чырвоным пазначаныя краіны, грамадзяне якіх ня могуць трапіць у шэнгенскую прастору бязь візаў. Мапа wikipedia.org

У панядзелак на паседжаньні міністраў замежных спраў сяброў ЭЗ можа быць зацьверджаны плян дзеяньняў для Ўкраіны, у выніку выканьня якога паміж ЭЗ і гэтай краінай будзе ўведзены бязьвізавы рэжым.

Крыніца парталу EUObserver паведаміла, што існуе вялікі шанец на прыняцьце міністрамі пляну. Канкрэтных датаў адмены візаў плян дзеяньняў не ўтрымлівае, але ў Кіеве спадзяюцца, што візы скасуюць яшчэ да Чэмпіянату Эўропы па футболе, які будзе праходзіць ва Ўкраіне і Польшчы ўлетку 2012 году.

Плян дзеяньняў — гэта сьпіс рэформаў, якія краіна мусіць правесьці перад адменай візавага рэжыму, такія як увядзеньне біямэтрычных пашпартоў, зьмены заканадаўства ў абароне дадзеных і ўзмацненьне памежнага кантролю. Яна не абавязвае ЭЗ да адмены візавага рэжыму ў нейкі канкрэтны дзень, але прымушае рэагаваць на выкананьне пунктаў дарожнай мапы.

Паўгода таму Расея ўзмацніла ціск на эўрапейскія структуры з мэтай адмены візаў ЭЗ для сваіх грамадзян. Апошняе моцна занепакоіла Польшчу, якая адразу ж заклікала Эўразьвяз не забывацца на шэсьць краінаў-удзельніц праграмы Ўсходняе партнэрства, адным зь ініцыятараў стварэньня якога і выступіла гэтай краіна. Польшча прапанавала ў першую чаргу скасаваць візы для Украіны, Малдовы, Грузіі, магчыма Беларусі, Армэніі і Азэрбайджану, а пасьля ўжо для Расеі.

Намаганьні расейскіх дыпляматаў не ўвянчаліся посьпехам. Іх прапанову па ўвядзеньні бязьвізавага рэжыму эўрапейскія дыпляматы параілі адразу адпраўляць у сьметніцу.

Усходняе партнэрства — ініцыятыва, прапанавая ўсходнеэўрапейскімі сябрамі ЭЗ, прадугледжвае фінансаваньне некаторых праектаў для краін-удзельніц. Так плянуецца, што ў 2011–2013 гадах Беларусь у межах Партнэрства можа атрымаць каля 80 мільёнаў эўра на фінансаваньне розных праектаў. Украіне, для параўнаньня, за тры гады будзе вылучана 470 мільёнаў, Малдове — 273 мільёны.

Напярэдадні сёньняшняга візыту прэзыдэткі Літвы Далі Грыбаўскайце было абвешчана аб «бязьвізавым маніфэсьце», які склала недзяржаўная арганізацыя Belarus Watch, што месьціцца ў літоўскай сталіцы. Галоўным патрабаваньнем маніфэсту стала хутчэйшая адмена візаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.

У 2009 годзе Беларусь займала першае месца ў СНД па колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.